3 траўня 2024, Пятніца, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатар Коры Гарднер: Расею трэба назваць спонсарам тэрарызму

9
Сенатар Коры Гарднер: Расею трэба назваць спонсарам тэрарызму
Коры Гарднер

Член Хельсінкскай Камісіі ЗША упэўнены, што Масква карыстаецца тэрорам для дасягнення сваіх палітычных мэтаў.

Сенатар-рэспубліканец ад Каларада і сябра Хельсінкскай Камісіі ЗША Коры Гарднер мае намер дамагацца прыняцця закона, у адпаведнасці з якім Дзярждэпартамэнт ЗША павінен будзе вызначыць, ці падпадае Расея пад вызначэнне «дзяржавы-спонсара тэрарызму».

Пра гэта сенатар заявіў напярэдадні ў інтэрв'ю Расейскай службе «Голоса Америки».

Коры Гарднер, які ўнёс летась адпаведны законапраект, паўторна прадставіў яго ўжо ў новым складзе Кангрэсу ЗША ў красавіку гэтага года. Законапраект быў таксама падтрыманы сенатарам ад Нью-Джэрсі, дэмакратам Бобам Менендэсам.

Сам Коры Гарднер мяркуе, што Расея адпавядае гэтаму азначэнню.

«Паглядзіце на тое, што Расея зрабіла ў апошнія гады - яна дапамагла рэжыму Асада ў Сірыі ў той час, як ён забівае нявінных людзей, і сама стала датычная да гэтых забойстваў, займалася атручваннямі ў Еўропе, фактычна ажыццявіўшы хімічную атаку. Гэта рэжым, які карыстаецца тэрорам для ажыццяўлення сваіх палітычных мэтаў», - сказаў сенатар у інтэрв'ю «Голосу Америки».

«Я думаю, што вызначэнне Расеі як дзяржавы-спонсара тэрарызму пашле сігнал па ўсяму свету аб тым, што гэта рэжым, які абапіраецца на беззаконне, што ён не спыняецца перад парушэннем асноўных нормаў міжнароднага права, і што Злучаныя Штаты гэтага не пацерпяць», - растлумачыў Коры Гарднер.

Пастанова Дзярждэпартамента ЗША аб прызнанні краіны спонсарам тэрарызму цягне за сабой шэраг жорсткіх палітычных і эканамічных санкцый, якія ўключаюць кантроль за экспартам тавараў двайнога прызначэння, забарону на эканамічную дапамогу, накладанне фінансавых і іншых абмежаванняў. Цяпер у спісе краін-спонсараў тэрарызму чатыры дзяржавы - Іран, Сірыя, Судан і Паўночная Карэя.

«Я спадзяюся, што мы правядзём слуханні па гэтым законе. Я чакаю, што ён сустрэне супраціў, але па-ранейшаму ўпэўнены, што гэта важная справа, якую мы павінны зрабіць», - сказаў на заканчэнне амерыканскі палітык.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках