26 красавiка 2024, Пятніца, 3:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марус Лаўрынавічус: Крэмль выкарыстоўвае супраць краін Балтыі сваю вельмі старую стратэгію

3
Марус Лаўрынавічус: Крэмль выкарыстоўвае супраць краін Балтыі сваю вельмі старую стратэгію
МАРУС ЛАЎРЫНАВІЧУС
ФОТА: DELFI

Але ад гэтага яна не становіцца менш небяспечнай.

Дзякуючы вынікам журналісцкага расследавання высветлілася, што літоўскія чыгуначнікі вядуць бізнэс з кампаніямі з Расеі. Ланцужок цягнецца да былога кіраўніка РЧ Уладзімір Якунін. Чым для Літвы можа скончыцца такі бізнэс? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да старэйшага аналітыка Віленскага інстытута палітычнага аналізу Маруса Лаўрынавічуса.

- Праблема нашмат больш сур'ёзная, чым можа здацца на першы погляд. Расея ажыццяўляе стратэгічную экспансію ў краіны Балтыі пры дапамозе кампаній, якія займаюцца бізнэсам з балтыйскімі канцэрнамі.

Напрыклад, такім інструментам могуць быць «Расійскія чыгункі», «Трансмаш», у выпадку з Эстоніяй - Globtrans. Мы можам сказаць, што балтыйскія канцэрны становяцца мімавольнымі памагатымі і праваднікамі стратэгічнай экспансіі Крамля ў нашым рэгіёне. На жаль, на гэты момант у Літве гэтай небяспецы з боку Крамля надаецца занадта мала ўвагі.

У нас шмат гаворыцца пра асобныя выпадкі і вельмі мала пра агульную стратэгічную экспансію, якую ў дачыненні да нашых краін праводзіць Масква. А менавіта сувязі гэтых кампаній з расейскімі паказваюць менавіта на тое, што такая стратэгія існуе і ажыццяўляецца.

- Якіх мэтаў дабіваецца Масква пры дапамозе такой экспансіі?

- Такім чынам Расея дамагаецца ўплыву на наш рэгіён і павялічвае залежнасць краін Балтыі ад сябе. Крэмль спрабуе рэалізаваць гэтую мэту пры дапамозе цэлай сеткі ўзаемазвязаных кампаній і рознага кшталту асоб: ад бізнэсоўцаў да палітыкаў. Крамлёўскія стратэгі сцвярджаюць, што дзякуючы кантролю над транспартнай інфраструктурай Масква часткова кантралюе тэрыторыю краін.

- Давайце яшчэ раз пагаворым аб наступствах.

- Нам удалося значна скараціць залежнасць ад Расеі ў галіне энэргетыкі, цяпер Крэмль спрабуе не толькі захаваць але і пашырыць залежнасць Літвы ад Расейскай Федэрацыі ў іншай стратэгічнай вобласці - чыгуначных перавозках. Калі ўважліва прыгледзецца, то выявіцца, што сёй-той з тых людзей, якія праз сетку сваіх кампаній спрабуюць кантраляваць чыгункі краін Балтыі, згадваюцца ў міжнародных расследаваннях злачынстваў мафіі. У дачыненні да гэтых жа людзей выстаўляліся абвінавачванні ў адмыванні грошай.

«Center for Strategic and International Studies» у сваім рапарце, падрыхтаваным у 2016 годзе, паказвае, што калі мы не будзем звяртаць увагі на тое, што адбываецца, то можна чакаць дэстабілізацыі дзяржаўных інстытутаў улады: пракуратуры, антыкарупцыйных арганізацый.

У далейшым пад замежны ўплыў патрапяць пастановы ўрада і парламента, то значыць, адбудзецца захоп краіны. Не ваеннымі, але палітычнымі сродкамі.

- Мы кажам пра тое, што Крэмль праз сваіх падстаўных асоб спрабуе вярнуць Літву, Латвію і Эстонію пад свой кантроль?

- Груба кажучы, яны не робяць нічога новага, каб не рабілі заўсёды. Гэта іх вельмі старая стратэгія, але ад гэтага не менш небяспечная. Тое, што мы часам памылкова называем дзелавымі стасункамі, Крэмль выкарыстоўвае для рэалізацыі сваіх палітычных мэтаў. У прынцыпе гэта адбываецца ва ўсіх краінах Захаду, а не толькі ў адной Літве.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках