26 красавiка 2024, Пятніца, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка падпісаў сабе прысуд

18
Андрэй Саннікаў: Лукашэнка падпісаў сабе прысуд

Народ ненавідзіць дыктатара і здольны самаарганізоўвацца.

8-9 чэрвеня ў літоўскіх Троках прайшоў 7-ы Форум свабоднай Расеі. У рамках Форуму лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе і былы палітвязень Андрэй Саннікаў даў інтэрв'ю Youtube-каналу Original TV.

Сайт Charter97.org публікуе тэкставую версію відэаінтэрв'ю:

- Раскажыце, калі ласка, як цяпер весці апазіцыйную і наогул палітычную дзейнасць у Беларусі?

- Складана, але магчыма. Я сам не ў Беларусі жыву, а знаходжуся ў эміграцыі ў Польшчы. Вымушаны быў з'ехаць, але далей займаюся палітыкай. З'яўляюся чальцом Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, узначальваю яго міжнародную камісію, гэта значыць упаўнаважаны казаць ад імя самай сур'ёзнай апазіцыйнай кааліцыі ў Беларусі, чым і займаюся.

Стала значна складаней у плане дзейнасці, бо рэжым зрабіўся нахабным. Падставай да гэтага паслужыла зняцце санкцый Еўразвязам. Прычым, санкцыі былі знятыя ў 2016-ым годзе без выканання тых умоў, якія сам жа ЕЗ і выставіў. Рэжым адчуў беспакаранасць і распачаў рэпрэсіі. Яны ідуць хвалямі і тычацца сёння не толькі апазіцыі, але і бізнэсу, мэнэджараў, дырэктараў заводаў - усяго грамадства. Бо рэпрэсіі гэта не толькі разгон дэманстрацый, але і скасаванне льгот, паніжэнне заробкаў, абкладанне падаткамі, дэкрэт аб «дармаедах». Рэжым заціскае накруткі і прыкручвае вечка, але пара там ужо досыць сур'ёзна кіпіць, як паказаў 2017-ы год.

"Маршы недармаедаў" два гады таму былі самымі масавымі выступамі ў Беларусі з часоў перабудовы. Яны ахапілі 20 гарадоў, паказаўшы стаўленне насельніцтва да рэжыму і Лукашэнкі.

У Беларусі сёння ёсць разуменне, што ніякіх надзей для краіны, якія звязаны з Лукашэнкам персанальна і рэжымам - няма. Трэба шукаць выйсце. У сітуацыі, якая склалася, мяркую, што апазіцыя ў Беларусі проста гераічная. Асабліва тая, якая выходзіць на вуліцы. Людзі робяць гэта не таму, што хочацца выходзіць на вуліцы, а таму, што гэта канал камунікацыі. Калі нас пазбавілі ўсіх магчымасцяў камунікаваць з чыноўнікамі, урадам для таго, каб памяняць сітуацыю, то яны чуюць голас вуліцы, голас пратэсту.

- Чуюць?

- Чуюць, пакуль па-свойму. Ціснуць далей. Атрымалася здушыць пратэсты 2017-га года. Тады яны выдатна пачулі. Сёння Лукашэнка відавочна баіцца сваіх перавыбараў і перапрызначэнняў, ён не ведае, што з гэтым рабіць. Плюс дадаўся ціск з боку Масквы, але тое, што праз пратэсты ён разумее сваё становішча ўнутры краіны, у гэтым я не сумняваюся.

- У многіх складваецца ўражанне, што Лукашэнка - моцны лідар. Мы бачылі, як ён спавядае кіраўнікоў калгасаў. Паказвае, што ён - улада і ўмее развязаць праблемы. Ці так гэта напраўду?

- Не, вядома. Дзіўна чуць, што хамства і грэблівае стаўленне да людзей уважаюцца за моцныя якасці. Хамства застаецца хамствам, калгаснае хамства застаецца калгасным хамствам, таксама і з грэблівым стаўленнем да людзей.

Гэта зусім не паказчыкі сілы, а слабасці. Лукашэнка слабы, баіцца ўсялякай праявы іншадумства, усялякіх выбараў нават на мясцовым узроўні. Спрабуе кантраляваць усе тысячы месцаў у сельсаветах і самых малалікіх адміністрацыйных адзінках.

Ён проста стварыў дастаткова моцную рэпрэсіўную сістэму і трымаецца толькі на гвалце. Пры гэтым усё больш і больш пакутуе эканоміка. Калі былі зусім танныя нафта і газ, якія паступаюць з Расеі, то можна было казаць, што рэжым неяк трымаецца дзякуючы таму, што выбіў прэферэнцыі ў Крамля. Хоць гэта не эканоміка, а лавіяванне для захавання рэжыму.

Сёння відаць, што гэтая мадэль цалкам вычарпала сябе. Ідзе ціск з боку Крамля, які патрабуе ўсё больш і больш. Цяпер - усю Беларусь. Да гэтага прывёў менавіта рэжым Лукашэнкі, які сёння кажа: «Ратуйце, ратуйце мяне, бо Пуцін крыўдзіць». Гэта ён завёў краіну ў нявыкрутку. Трэба з гэтага выходзіць. Калі б у яго было хоць крышачку мужчынскай сілы, ён пайшоў бы на перамовы з рэальнай апазіцыяй і арганізаваў бы выбары, але Лукашэнка — баязлівец.

- Як вы думаеце, ці магчымае зліццё Беларусі і Расеі?

- Усё магчыма. Мы не гаворым аб зліцці РФ і Беларусі, а аб зліцці дзвюх злачынных груповак ці хутчэй пра паглынанне адной злачыннай групоўкай, якая засела ў Крамлі, іншай. Гэта не мае нічога агульнага да дачыненняў паміж дзяржавамі. Таму трэба супраціўляцца, супрацьстаяць і не толькі мы ў Беларусі і РФ, але і на Захадзе павінны гэта разумець.

Крыму не супрацьстаялі, не сказалі, што гэта ніколі не будзе прызнана - атрымалі анэксію Крыма. Былі нейкія нясмелыя, смешныя заявы, але трэба было жорстка сказаць. Не санкцыямі пагражаць, а сказаць, што проста не будзе прызнаны і будзе тое і тое. Пакуль не вернеце паўвыспу будзе такая сітуацыя. Не было сказана напярэдадні, потым сталі казаць, а трэба дзейнічаць прэвентыўна.

- Сёння менавіта вы галоўны апанент Лукашэнкі?

- Народ - галоўны апанент Лукашэнкі сёння. Калі раней быў нейкі адсотак падтрымкі, напрыклад, калі здарылася вайна ва Украіне, то трошкі вырас ягоны рэйтынг. Людзей заўсёды палохае вайна. Сёння вайна ўжо не навіна, на жаль, людзі звыклі, што гінуць украінцы. Затое эканоміка гэта заўсёды чыннік №1, які ўплывае на стаўленне людзей да ўлады.

Дык вось, сёння галоўны апанент дыктатара - народ. Як яго не душы, усё адно будзе прарыў. Мы глядзім, што ў Расеі сёння адбываецца. Там прыкладна такая ж сітуацыя. Прарывае ў Екацярынбургу, пратэсты супраць сметнішчаў і гэтак далей. Варта адзначыць, там усё ж больш прасторы і манеўраў, пэўна, больш. У нас пакуль дастаткова моцна заціснута.

Тым не менш, беларусы выходзяць на пратэсты і ідуць за гэта ў турмы. Гэта сапраўдныя героі. Людзі выходзяць супраць блюзнерства Лукашэнкі, які паламаў крыжы ў Курапатах. Я вось не ўяўляю чалавека, нават атэіста, які адмаўляе веру, які будзе здзекавацца з сімвалаў якой-небудзь рэлігіі. А тут быў дырэктыўны загад Лукашэнкі знішчыць крыжы ў Курапатах. Больш за сотню крыжоў было зламана і выкарчавана. Проста паздзекаваліся з рэлігійных сімвалаў. Людзі выйшлі іх абараняць і трапілі ў турму. Іх няшмат, ёсць страх, але яны - героі. Яны паказваюць, што ніколі не будзе вольніцы такім рэжымам на тэрыторыі Беларусі.

- Якая была мэта знішчэння крыжоў?

- Дэманстрацыя сілы. Вось у гэтым выпадку я не ведаю, хто назаве Лукашэнку моцным лідарам. Гэта чалавек, які, па-мойму, падпісаў сабе дзесьці ў вышэйшых сферах прысуд гэтай сваёй акцыяй.

- То бок, народ падтрымлівае апазіцыю...

- Народ ненавідзіць Лукашэнку і здольны самаарганізоўвацца. Падкрэслю, пратэсты 2017-га года гэта паказалі. Беларусы шукаюць лідара. Адным з лідараў з'яўляецца Мікалай Статкевіч, а таксама Святлана Алексіевіч, якая сёння ўсё смялей выказваецца. Раней яна баялася і асцярожна казала пра сітуацыю, а сёння, напэўна, усё зразумела. Я нядаўна з ёй бачыўся і заўважыў гэтыя перамены. Яна зразумела місію адзінага ў нашай краіне Нобэлеўскага лаўрэата ў літаратуры, а літаратура, напэўна, мацней уплывае на людзей, чым фізіка, хімія і нават медыцына.

Яна дастаткова ўпэўнена сёння кажа пра тое, што гэта зло ў Беларусі непрымальнае. Яна не з тых хто будзе заклікаць, але Святлана Аляксандраўна стала даваць даволі жорсткую і дакладную ацэнку таго, што адбываецца ў Беларусі. Вось ёсць лідары меркаванняў, пратэстаў. Думаю, што ёсць ядро і цэнтры, вакол якіх народ будзе збірацца, і якія будуць служыць альтэрнатыўнымі цэнтрамі ўлады.

- У Святланы Алексіевіч ёсць палітычныя амбіцыі?

- Няма. Я кажу згодна з фактамі тое, што адбываецца. Яна зразумела, што ад яе чакаюць людзі. Напэўна, было б цікава для мяне, калі б у яе з'явіліся такія амбіцыі, але іх няма.

Тым не менш, яна стала трапляць у нерв. Глядзіце, цяпер з'явіўся надзвычайны серыял «Чарнобыль» амерыканскага канала НВО, які выкарыстаў гісторыі з кнігі Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Кніга не была такая вядомая, але пасля Нобэлеўскай прэміі пайшла чытацца па ўсім свеце. Праз яе ўспрымаюць беларускую трагедыю. Не толькі сёння, але і лукашэнкаўскую. Фільм, кніга - гэта нейкія знакі таго, што штосьці ў нас дрэнна, ці штосьці пагражае жыццю людзей. Нешта трэба з гэтым рабіць. Нейкія такія рэчы адбываюцца ў нашым беларускім «хоспісе».

- З кім вы яшчэ камунікуеце? Напрыклад, з Станіславам Шушкевічам камунікуеце?

- Безумоўна. Станіслаў Станіслававіч падтрымаў мяне падчас маёй прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. За гэта я яму ўдзячны. Ён, дарэчы, днямі прэзентаваў сваю вельмі цікавую кнігу мемуараў.

- Станіслаў Шушкевіч у Беларусі цяпер жыве?

- Так.

- Ён так жорстка крытыкуе Лукашэнку. Чаму яму дазваляюць гэта рабіць? Ён, так бы мовіць, прывілеяваны клас ці ў вас такога няма?

- У Станіслава Станіслававіча, як у першага дэмакратычнага кіраўніка незалежнай Беларусі, вельмі магутная рэпутацыя ва ўсім свеце. Але рэжым Лукашэнкі на ўсялякі выпадак спрабуе яго зняважыць. Напрыклад, яму была прызначаная зневажальная пенсія. Былі моманты, калі яго папярэджвалі, і ён вымушаны быў з'ехаць з краіны. Са здароўем у яго таксама не ўсё ў парадку было, быццам, наладзілася. Ён актыўны і энэргічны.

Думаю, Лукашэнка проста не разглядае яго як небяспечнага для сябе, бо яму аднойчы ўдалося арганізаваць зневажальную працэдуру адхілення яго ад улады, а ён падрыхтаваў «антыкарупцыйны даклад» у якім праз смешныя недаведзеныя факты пра скрыню цвікоў Шушкевіча адправілі ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савета. Гэта ж людзі з такой натурай: я яго перамог - ён ужо не апанент. Лукашэнка сваімі калгаснымі прыёмамі разам з тагачасным Вярхоўным Саветам, з такой жа большасцю па натуры, як ён сам, атрымаў, як Лукашэнка мяркуе, «перамогу» над Станіславам Шушкевічам.

- Лукашэнка баіцца вас?

- Ён баіцца народа. Увогуле ў 2010 годзе ў нас была самая моцная кампанія. У Лукашэнкі проста не было б шанцаў, калі б падлічваліся галасы. Акрамя мяне, было яшчэ некалькі моцных кандыдатаў: і Уладзімір Някляеў, і Мікалай Статкевіч. Хочацца сказаць, што гэта была прыкметная і досыць выразная альтэрнатыва рэжыму Лукашэнкі.

- На якія тэмы вы размаўляеце з Нобэлеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч?

- Ведаеце, яна вельмі цікавая суразмоўца. Ты прыходзіш да яе з нейкімі пытаннямі і даслоўна праз пару хвілін пачынаеш адказваць ужо на ейныя пытанні. Яна так гэта ўмела робіць. З непадробнай цікавасцю і ўвагай.

Часта спрачаемся. Падкрэслю, з ёй вельмі цікава размаўляць. Хоць мы ў шмат якіх рэчах не сыходзімся, яна здольная даваць зусім нечаканыя ацэнкі і змяняць пункт гледжання. Мне заўсёды гэта цікава.

- У чым вы не сыходзіцеся?

- Не, не буду я крытыкаваць Нобэлеўскую лаўрэатку.

- Чаму?

- Не хачу. Я яе люблю. Не сыходзімся, напэўна таму, што ў мяне свой досвед, а ў яе свой. Яна глядзіць з пункту гледжання сваіх даследаванняў «чырвонага чалавека» досыць песімістычна. Я ж мяркую, што ёсць шанцы. Яна не вельмі любіць барыкады. Я ж думаю, што на барыкадах павінна быць перадавая частка грамадства інакш усё грамадства апынецца ў зняволенні. Без барыкад не абысціся. Прычым я заўсёды бараню негвалтоўны супраціў.

Вось такія нейкія рэчы тактычныя. Алексіевіч вельмі шмат болю прапусціла праз сябе праз усе свае кніжкі. Я здзіўляюся што ў яе захоўваецца аптымізм. Кажа, што яна пісала пра «чырвонага чалавека». Не. Яна пісала пра чалавечы боль і пакуты.

Цяпер Святлана Аляксандраўна спрабуе напісаць кнігу пра каханне. Я зычу ёй поспехаў, бо гэта для яе самой будзе тэрапія. Ёй патрэбна такая кніга.

- Апошняе пытанне. У эміграцыі вам удаецца ўплываць на сітуацыю ў Беларусі?

- Вядома. Я ж кажу, што прадстаўляю БНК і наогул удзельнічаю ў многіх мерапрыемствах і камунікую са шматлікімі палітыкамі. Натуральна, са сваімі хлопцамі, якія ў Польшчу прыязджаюць. Увогуле ў Польшчы шмат беларусаў. Я з'ехаў з Беларусі, але не з палітыкі.

- Еўрапейскія, амерыканскія палітыкі прыслухоўваюцца да вас?

- З цяжкасцю, бо адбылася вайна ва Украіне і адцягнула сур'ёзна ўвагу. З'явіліся ашуканцы, якія прадаюць рэжым Лукашэнкі. Тым не менш трэба ўвесь час нагадваць, што мы самі адказныя за падтрыманне сваіх прынцыпаў. Ва Украіне, Беларусі людзі змагаюцца за еўрапейскія каштоўнасці. Чаму няма падтрымкі? Нават Украіны, якая ваюе з агрэсарам.

- Ваша жыццёвае крэда ў двух словах?

- Я неяк не задумваўся. Палітычнае крэда - вольная, незалежная, дэмакратычная Беларусь. Жыццёвае крэда - гістарычны аптымізм.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках