Супрацоўнікі Луўра зладзілі страйк праз наплыў турыстаў
6- 27.05.2019, 19:02
- 8,830
Музей зачынілі для наведвання 27 траўня.
Луўр зачынілі для наведвання 27 траўня ў сувязі са страйкам супрацоўнікаў і службы бяспекі музея, паведамляецца на сайце музея.
У прэс-службе паабяцалі вярнуць грошы ўсім, хто загадзя набыў квіткі для наведвання музея 27 траўня. Там таксама рэкамендавалі браніраваць квіткі онлайн, каб наведаць музей у найбліжэйшыя дні, паведамляе РБК.
Як адзначае газета Ouest France са спасылкай на тэкст заявы прафсаюза Sud Culture Solidaires, забастоўка звязана з тым, што «Луўр задыхаецца» праз вялізны наплыў турыстаў. Супрацоўнікі адзначаюць «беспрэцэдэнтнае пагаршэнне» ўмоў наведвання музея і сваёй працы.
Паводле звестак Усеагульнай канфедэрацыі працы, у страйку ўдзельнічаюць 150 супрацоўнікаў музея, яны сабраліся ля арт-аб'екта калоны Бюрэна побач з Пале-Раяль.
Наведвальнікі, якія не трапілі ў музей, адзначылі, што пра яго закрыццё не папярэдзілі загадзя. Адміністрацыя Луўра ўдакладніла, што ён будзе зачынены да канца дня, і паабяцала паведаміць, калі музей будзе зноў даступны для наведвання.
Выданне The Local піша, што з 2009 года наведвальнікаў музея стала на 20% больш, тады як колькасць яго супрацоўнікаў не павялічылася.
У 2018 годзе Луўр наведалі больш за 10,2 млн чалавек. Наплыву турыстаў спрыялі таксама здымкі ў музеі кліпа амерыканскай спявачкі Beyoncе і яе мужа JAY-Z. Пазней там сталі праводзіць асобныя экскурсіі па залах, якія трапілі ў відэа.