17 чэрвеня 2019, панядзелак, 6:50
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Для прафзвязу РЭП цяпер гарачая пара

1
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

У прафзвяз звяртаецца столькі людзей, што ледзь паспяваюць усім дапамагаць.

Былы старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч распавёў «Радыё Рацыя», што змянілася ў рабоце іх арганізацыі пасля судовага прысуду.

Нагадаем, што ў жніўні мінулага года лідары прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаныя вінаватымі на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме).

Суд Савецкага раёна прысудзіў кіраўнікоў прафзвязу РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.

Пры гэтым Фядынічу і Комліку забаронена займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Менскі гарадскі суд пакінуў пастанову раённага ў дзеянні.

22 лістапада на пашыраным пасяджэнні Рады прафзвязу РЭП новым кіраўніком арганізацыі выбралі Зінаіду Міхнюк, а Генадзь Фядыніч заняў у прафзвязе пасаду дарадцы-кансультанта.

«На шчасце, сістэма работы прафзвязу ўжо даўно пабудаваная такім чынам, што мой сыход з пасады ні на што не паўплываў. Рэгулярна праходзяць пасяджэнні і юрыстаў, і кіроўных органаў, і ў рэгіёнах людзі звыкла працуюць. Да таго ж, і я нікуды не сыходзіў з прафзвязу. Магчыма, улады разлічвалі, што пасля суда мы будзем дыскрэдытаваныя, але атрымалася наадварот - звяртаецца столькі людзей, што ледзь паспяваем іх кансультаваць і дапамагаць. Прыязджаюць з рэгіёнаў, у нас цяпер у даслоўным сэнсе гарачая пара. Бо кожнага трэба выслухаць і дапамагчы», - распавёў Генадзь Фядыніч.