У Празе 50 тысяч чалавек выйшлі на антыўрадавую дэманстрацыю
1- 22.05.2019, 10:11
- 7,327
Прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша выклікалі на тэледуэль.
Блізу 50 тысяч чалавек сабраліся на Вацлаўскай плошчы ў Празе з патрабаваннем адстаўкі міністаркі юстыцыі Марыі Бенешавай, якую ўважаюць за паплечніцу прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша.
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на выданне Hospodarske Noviny.
Прамовы на дэманстрацыі, скліканай з патрабаваннем адстаўкі Бенешавай, перараслі ў агульную крытыку ўрада і прэм'ера Андрэя Бабіша і абвінавачванняў апошняга ў канфлікце інтарэсаў.
Мікулаш Мінар, лідар аб'яднання «Мільён момантаў за дэмакратыю», якая выступала арганізатарам дэманстрацыі, выклікаў Бабіша на тэледуэль, а ў выпадку ягонай адмовы паабяцаў пратэсты ў наступныя два аўторкі.
У многіх удзельнікаў дэманстрацыі былі плакаты з патрабаваннем адстаўкі Бабіша.
Гэта была ўжо чацвёртая такая акцыя.
Нагодай для дэманстрацый стаў намер міністаркі юстыцыі Марыі Бенешавай правесці рэформу пракуратуры і скасаваць пасаду Генеральнага пракурора. Менавіта Генеральны пракурор павінен прыняць пастанову аб перадачы ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да Бабіша, які патэнцыйна можа паўстаць перад судом за махлярства са сродкамі ЕЗ.
Бенешава з'яўляецца адвакатам і дарадцам прэзідэнта Мілаша Зэмана, блізкага хаўрусніка Бабіша. Зэман неаднаразова крытыкаваў абвінавачванні.