17 чэрвеня 2019, панядзелак, 6:51
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Амапаўцы ў масках моцна білі»

Фота: «Радыё Свабода»

Магілёўскія цыганы пра допыты пасьля забойства міліцыянта.

У Магілёве выйшлі на свабоду затрыманыя ўвечары 16 траўня прадстаўнікі цыганскай меншасьці, паведамляе «Радыё Свабода».Паводле вызваленых, ім інкрымінавалі дробнае хуліганства, але нагодаю для затрыманьня стала расьсьледаваньне справы аб выкраданьні і забойстве супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгенія Патаповіча. Кожны затрыманы быў дапытаны ў гэтай справе.

Дакладная колькасьць цыганоў, якія трое сутак прабылі ў мясцовым ізалятары, застаецца невядомай. Тыя, хто вызваліўся, лічаць, што праз ізалятар маглі прайсьці ня меней за 100 чалавек.

Сын барона: «У ізалятары абыходзіліся цярпіма. У міліцыі і пры затрыманьні зьбівалі»

У ізалятары ўтрымліваліся толькі цыганы-мужчыны, але 16 траўня разам зь імі затрымлівалі і жанчын. Іх вызвалілі а 5-й гадзіне раніцы 17 траўня. У няволі яны прабылі блізу сямі гадзінаў.

Усе затрыманыя — жыхары магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабянёва, у якіх кампактна пражываюць цыганы.

19 траўня жанчыны сустракалі сваіх мужчын са сьлязьмі. Гаварыць з журналістамі адважваліся нямногія. Тыя, хто адмаўляўся, лічылі, што інтэрвію стане нагодай для паўторнага затрыманьня. Усім, хто выйшаў на волю, інкрымінавалася дробнае хуліганства: «Спраўлялі патрэбу ў неналежным месцы».

Ці будуць іх за гэта «правапарушэньне» судзіць, невядома. Копіі пратаколу на рукі нікому не далі.

«У ізалятары з намі абыходзіліся цярпіма, а вось, калі заскочылі ў мой дом амапаўцы ў масках, то моцна білі. Білі прыкладам аўтамата, рукі вывернулі. Зьбівалі маіх сыноў», — успамінае падзеі вечара 16 траўня жыхар Чапаеўкі Раман. Ён сын мясцовага барона.

Суразмоўца кажа, што перад уварваньнем амапаўцаў да яго прыяжджалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыянты з наркакантролю. Іх цікавіла, ці бачыў ён на Чапаеўцы чорную машыну. Пасьля затрыманьня амапаўцамі чапаеўскіх цыганоў завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе дапытвалі. Трымалі ў спартовай залі.

«Гэта генацыд»

Двое Раманавых сыноў, Іван і Раман, таксама ўтрымліваліся ў ізалятары. Старэйшы сын Раман кажа, што яго білі на допыце. Дамагаліся, каб сябе агаварыў. Па словах хлопца, сьледчыя спачатку запыталі ў яго, чаму ён затрыманы, калі адказаў, што ня ведае, заявілі: «Забіты людзьмі вашай нацыянальнасьці супрацоўнік ДАІ, і падазрэньне — на вас».

У ізалятары хлопцу выклікалі хуткую дапамогу, бо падскочыў ціск. Далі пігулку і перавялі ў адзіночную камэру. Цяпер ягоны бацька зьбіраецца весьці сына здымаць пабоі. А таксама высьвятляць, хто скраў у яго ў міліцыі тэлефон.

«Я разумею, калі чалавек учыніў нейкае злачынства, то зь ім абыходзяцца жорстка, а што мы зрабілі? Гэта ж генацыд», — кажа Раман-старэйшы.

Па яго падліках, з чапаеўскіх цыганоў затрымалі блізу 40 чалавек. Разам з грабянёўскімі колькасьць сягае 100. Ува ўсіх затрыманых сьледчыя перагледзелі зьмесьціва тэлефонаў. Кожны прайшоў асабісты агляд з разьдзяваньнем да галізны. Выпусьцілі з ізалятара нечакана. Затрыманым сказалі: «З рэчамі на выхад».

Грабянёўскі цыган: «Мяне не адважыліся біць, бо я інвалід І групы»

Грабянёўскія цыганы таксама на волі. Тутэйшаму жыхару Пятру Леанідавічу «пашанцавала» ня трапіць у ізалятар. Ён інвалід І групы, і ў Кастрычніцкім аддзеле міліцыі зь ім абыходзіліся ня так жорстка, як зь іншымі. У няволі ён прабыў сем гадзін. Паводле яго, супрацоўнікі міліцыі «атачылі пасёлак а 23-й гадзіне 16 траўня і пачалі ўсіх хапаць». Пад аблаву падпалі жанчыны, мужчыны, інваліды, дзеці.

«Мяне хацелі біць, але жонка пасьпела сказаць амапаўцу, што я інвалід. Тады мне загадалі хуценька ісьці ў машыну. Ля яе зноў зьбіраўся біць, але не адважыўся», — згадвае суразмоўца.

Па яго словах, зьіншымі цыганамі не цырымоніліся. Тых, хто знаходзіўся ў дамах, амапаўцы клалі на падлогу разам зь непаўналетнімі. Ён сьцьвярджае, што на ўнучку ягонай сястры міліцыянт наступіў. Ягоная праўнучка цяпер адразу хаваецца, як стукаюць дзьверы. Затрымалі сына, ён трое сутак адседзеў у ізалятары.

«Хіба зьдзекуюцца так з нацыянальнай меншасьці ў эўрапейскай краіне?»

Па словах суразмоўцы, звозілі затрыманых грабянёўскіх цыганоў у актавую залю Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва. Калі яго прывезьлі, там ужо знаходзілася пад 50 затрыманых. Сярод зьняволеных было 12-гадовае дзіця і хворая жанчына, якую прывялі пад рукі.

Пятру Леанідавічу ўдалося пераканаць сьледчых, каб яны дазволілі жонцы перадаць яму інсулін, бо хварэе на цукровы дыябэт.

Ён сьцьвярджае, што ў райаддзеле зьняволеным заявілі, што «цыганоў вінавацяць у забойстве супрацоўніка ДАІ». Забраўшы ўва ўсіх тэлефоны, пачалі дапытваць. Суразмоўца кажа, што ня бачыў, каб некага білі, але пратэстаў зьняволеных сьледчыя не ўспрымалі.

«У міліцыі казалі, што цяпер цыганам жыцьця ў Беларусі ня будзе», — настойвае ён.

Перажытую сытуацыю параўноўвае з тым, што бачыў у фільмах пра вайну. Пятро Леанідавіч перакананы: беспадстаўныя абвінавачваньні цыганоў у забойстве міліцыянта вядуць да міжнацыянальнага напружаньня.

«Цяпер страшна за дзяцей. Улада ня мусіла так паступаць, бо мелася прадбачыць наступствы. Цяпер мы ворагі, і людзі на нас узлуюцца. Будзе больш непрыязьні. Хіба зьдзекуюцца зь меншасьці так у эўрапейскай дзяржаве?», — падсумоўвае ён.

Пра гвалтоўныя затрыманьні паведамілі 17 траўня цыганы з Чапаеўкі. Паводле іх, у зьняволеньні сьледчыя патрабавалі, каб тыя «выдалі, хто датычны да выкраданьня міліцыянта». Патрабавалі, каб «цыганскай поштай» тыя перадалі пра гэта цыганам зь іншых гарадоў. Нагодай для гвалту стала нібыта тое, што машыну выкрадальнікаў бачылі на вуліцах Чапаеўкі.

Сьледчы камітэт: «Дапытваюцца сьведкі»

Афіцыйнай інфармацыі пра датычнасьць прадстаўнікоў цыганскай меншасьці да забойства супрацоўніка ДАІ не агучвалася. Падобная вэрсія зьявілася ў паведамленьні тэлеграм-каналу NEXTA.

У Сьледчым камітэце не камэнтуюць інфармацыі пра масавыя затрыманьні цыганоў у Магілёве. Паводле СК, «сумесна з апэратыўнымі супрацоўнікамі міліцыі і экспэртамі працягваецца высьвятленьне абставінаў учыненьня злачынства».

«Праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, дапытваюцца сьведкі. Ідзе плянавая работа ў рамках крымінальнай справы, ніякай надзвычайшчыны ў дачыненьні мясцовых жыхароў няма», — сказала 17 траўня прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

Міліцыянт крымінальнага вышуку, які займаецца расьсьледаваньнем гэтай справы, на пытаньне наконт затрыманьня цыганоў адказаў Свабодзе: «Мы ніякіх камэнтароў не даём, ёсьць тайна сьледзтва».

Вэрсія пра «чорную машыну» не прыярытэтная

Супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгенія Патаповіча 18 траўня пахавалі на могілках вёскі Вішоў, што ў Бялыніцкім раёне. Як паведамляў днём раней Сьледчы камітэт, сьмерць міліцыянта наступіла ў выніку агнястрэльнага раненьня ў галаву. Ягонае цела было знойдзена ў Магілёўскім раёне.

Сьледчыя разглядаюць некалькі вэрсій здарэньня, у тым ліку правяраецца вэрсія аб выкраданьні міліцыянта невядомымі асобамі на аўтамабілі чорнага колеру, аднак, зыходзячы з атрыманых у ходзе расьсьледаваньня зьвестак, яна, паводле СК, «не зьяўляецца прыярытэтнай».