Цыганскі барон Магілёва: Пад вартай цяпер блізу сотні чалавек
- 17.05.2019, 13:08
- 49,694
Затрыманні цыганоў пачаліся пасля выкрадання і забойства афіцэра ДАІ.
Леанід Казіміраў, які выконвае функцыі цыганскага барона ў Магілёве, пракаментаваў nn.by сітуацыю ў дыяспары.
Казіміраў кажа, што барон - яго старэйшы брат. Але той цяпер у Менску ў лякарні, таму функцыі барона выконвае пакуль Леанід.
«Я быў у міліцыі толькі што. Мяне не затрымлівалі, запрасілі, каб я прыехаў пагаварыць. Міліцыя кажа, што ў паведамленні супрацоўніка ДАІ было пазначана, што гэта зрабілі цыганы. Але гэта на сёння нічым не пацвярджаецца, - кажа Леанід Казіміраў. - Я цяпер буду збіраць людзей, высвятляць, каму што вядома, хто чым можа дапамагчы.
Праз пару гадзін паеду зноў у міліцыю размаўляць. Уночы размаўляў з міліцэйскім начальствам, тут быў намеснік міністра ўнутраных спраў. Я паабяцаў максімальна дапамагчы».
Казіміраў пацвердзіў, што затрыманні ўночы адбываліся.
«Агулам цяпер пад вартай блізу сотні чалавек, але іх дапытваюць і адпускаюць. Я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Усё ж адбылося забойства, гэта трагедыя», - сказаў Казіміраў.