4 траўня 2024, Субота, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сістэма барахліць, як пры познім СССР»

26
«Сістэма барахліць, як пры познім СССР»

Эканоміка пры дыктатару апынулася ў становішчы падводнай лодкі.

Апошнім часам беларусы ў сацсетках усё часцей паведамляюць пра выпадкі прадуктовага дэфіцыту і няякасных тавараў – прычым не толькі харчовых.

Так, з'явіліся паведамленні, што ўслед за Расеяй, «дзясятак» яек у беларускіх крамах паціху ператвараецца ў «дзявятак». У каментарах карыстальнікі беларускага сегмента «Фэйсбука» пацвердзілі нізкую якасць прадуктаў у крамах.

Нядаўна кіроўцы з Віцебска і іншых гарадоў Беларусі адзначылі вельмі нізкую якасць бензіну на запраўках «Белнафтахіма».

Найбольш прыкметнай з'явай стала знікненне цыбулі-сеянкі, а ўслед за ёй – і рэпчатай цыбулі з гандлёвых сетак Беларусі. Рэшткі цыбулі прадаюцца паводле завышаных у 2-3 разы коштаў і, паводле словаў пакупнікоў, каштуюць, як добры кавалак мяса.

Што могуць азначаць гэтыя сімптомы? Сітуацыю для сайта Charter97.org пракаментаваў блогер і прадпрымальнік з Барысава Віктар Гарбачоў:

– Усё гэта нагадвае позні СССР, якраз у той кропцы, калі стала зразумела: вось-вось – і ўвесь гэты СССР разваліцца.

Згадайце, калі ўся гэтая сістэма пачынала бурыцца, што тады было? Усё, што не паспелі раскрасці, падграбалі, выкладвалі на пустыя паліцы і прадавалі – «правае», «левае», якаснае, няякаснае, дрэннае, добрае. Бярыце, налятайце – і так сыдзе.

Папахвае тым, што ўлада, як і тады, не зусім кантралюе сітуацыю: на якасць ужо не глядзяць. Бярыце, маўляў, нават нягеглае – мы самі не ведаем, што будзе заўтра і ці будзе нешта ўвогуле...

Кошты пры гэтым растуць. Зразумела, што эканамічная сітуацыя не такая, як хацелася б. Таму пры зніжэнні якасці тавараў кошты перыядычна падымаюць: прамацваюць, глядзяць на рэакцыю народа. Пакуль з тым самым бензінам рэакцыі не было – значыць, будуць і далей павышаць.

– А што, дарэчы, з якасцю бензіну? Чаму на яго столькі нараканняў?

– Проста масава перапрацавалі «брудную» нафту і пусцілі няякаснае паліва ў продаж. Гэта ні для каго не таямніца: бензін стаў масава няякасным на ўсіх запраўках, і асабліва на «Беларуснафце». Тут цяжка нешта схаваць: машыны запраўляюцца – і потым «чхаюць» і «пыхаюць».

– Добра, з бензінам можна «перавесці стрэлкі» на сыравіну з Расеі. Але чаму тады звычайныя прадукты сталі не дакладваць? Куды цыбуля знікла?

– Калі пагутарыць з працаўнікамі вялікіх гандлёвых сетак – «Еўраопт», «Віталюр» – пра якасць прадуктаў, яны сумленна раскажуць, што адбываецца ў нашых раздробных сетках. Як перабіваюцца тэрміны даўнасці сапсаваных прадуктаў. Як за ўсё робяць «крайнімі» і караюць супрацоўнікаў крамаў. Як ім даводзіцца выкручвацца, каб усё «сышлося».

На жаль, у нашай краіне ніхто не скасоўваў узніклую ў савецкія часы прымаўку: «калі хочаш жыць у шчасці – трэба красці, красці, красці». Гэта засталося актуальным для краінаў былога СССР, а ў Беларусі цяпер – асабліва.

Прадаўжаецца, як у СССР, кругавы «крадзеж» усяго, што толькі можна. Заробкі маленькія – будзем вымаць пакуначкі з грэчкай з упакоўкі. І відэакамерамі гэта не выправіш – народ знойдзе выйсце. Нехта грэчку вынесе, нехта бензін зліе – сама эканамічная сітуацыя прымушае гэтым займацца. Каб з голаду не памерці і адчуваць сябе на больш-менш на плаву.

Рыба гніе з галавы. Чыноўнікі высокага рангу бяруць хабар – 15, 20, 100, 150 і 200 тысячаў даляраў. Народ, гледзячы на гэта, бярэ хто што можа: хто яйкі, хто крупы. А ў масавым вымярэнні гэта адбіваецца на якасці. Уся сістэма барахліць, як у познім СССР.

– Але ў суседніх краінах, у той самай Расеі, да нядаўняга часу хвалілі беларускія прадукты за якасць. Што змянілася?

– Так яно і ёсць: найлепшыя прадукты вывозяць у РФ, каб прадпрыемствы маглі зарабляць валюту. Мае знаёмыя, якія працуюць на бройлерных фабрыках, у адкрытую кажуць: тут застаецца для беларусаў усё самае горшае, нармальны тавар выпраўляецца ў Расею.

Склаўся парадокс: многія людзі едуць у памежныя вобласці Расеі ці Украіны, каб набыць там нашы прадукты – больш якасныя і танныя, чым тут.

Мой знаёмы прадпрымальнік гандлюе курынымі вырабамі ў Лепелі. Раней ён ездзіў на Віцебскую бройлерную фабрыку, каб набываць там оптам. Цяпер гэта стала невыгодна. Цяпер ён з Лепеля едзе па прадукцыю Віцебскай бройлернай фабрыкі ў Смаленск! Там ёсць аптовая база, дзе набываць значна больш выгодна – нават з улікам таго, што дарога нашмат даўжэйшая. Да Віцебска 100 км, да Смаленска – 250, але са Смаленска прывезці – нашмат танней!

– Ну, сапраўды, парадокс...

– І так ва ўсім у нашай краіне, па ўсіх кірунках.

Кошты велізарныя, якасць зніжаецца. І наўздагон – насмешкі уладаў: «А куды вы дзенецеся з падводнай лодкі?»

Беларусь пры Лукашэнку ператварылася ў падводную лодку: у яе запіхваюць усё запар – быццам бы і едзе, «чхае», «пыхае»... Падклалі бензіну – «чых», «чых», нешта адвалілася... Не бяда: сам падлатае, падкруціць гайку або шрубку грамадзянін Рэспублікі Беларусь за свой кошт. Будзем далей круціць педалі.

Падкінулі агуркоў, яблыкаў – потым высвятляецца, што польскія таннейшыя і лепшыя, чым свае, беларускія.

Такі вось тэатр абсурду. Падводная лодка, што чхае ды пыхае, – вось чым стала эканоміка пры Лукашэнку.

– Падобна на тое, яго гэта не вельмі хвалюе. У «пасланні да народа і парламенту» Лукашэнка сказаў, што спорт – наша ідэалогія. Што Вы пра гэта думаеце?

– Гэта нагадвае ўжо нават не позні СССР. Гэта – Нямеччына 1930-х. Там зрабілі спорт адным з галоўных відовішчаў, правялі Алімпіяду, а ў гэты час фашызм распаўсюджваў уплыў па Еўропе. А фасадам быў спорт – як ідэалогія.

А што яшчэ застаецца рабіць нашым уладам? У эканоміцы ніякіх вынікаў няма. Застаецца толькі ўся гэтая паказная радасць: дажынкі, фестывалі і спорт.

Калі дзесьці спартовец паказаў хоць трохі вынік – у нас гэта тры дні будуць паказваць у тэлевізары. Будзе выступаць Лукашэнка, казаць: я асабіста згуляў, я асабіста руку паціснуў спартоўцу, я асабіста кватэру даў...

У нас, маўляў, усё нармальна: мы медалі можам заваёўваць – а вы мне пра нейкую цыбулю-сеянку. Цыбуля-сеянка – гэта глупства. Галоўнае: потым руку паціснуць спартоўцу і вылучыць зямлю пад катэдж у Драздах. Каб потым паказваць у тэлевізары: не толькі чыноўнікі катэджы атрымліваюць, але і звычайныя людзі, за заслугі.

Але, як той казаў, вушы і тут тырчаць. Людзі бачаць, што гэта – забаўка для аднаго чалавека, а не для народа. Набудавалі лядовых палацаў – а ў паліклініках няма тамографаў. Набудавалі басейнаў – а плаваць там няма каму. Таму што людзі хочуць спачатку здаровымі быць, у паліклініку нармальную схадзіць, харчавацца нармальна. А потым ужо – спорт. Я не супраць спорту, але трэба ўмець прыярытэты расстаўляць.

– Падобна на тое, што для ўладаў прыярытэты знаходзяцца недзе за межамі Беларусі. Той самы Лукашэнка 9 траўня замест сітуацыі ў краіне пачаў казаць пра Венесуэлу...

– Але, памятаю: «Нас немагчыма нахіліць і скінуць, як сёння гэта адбываецца ў Венесуэле».

Як той казаў: што ў яго баліць, пра тое ён і кажа. Як можна ў Дзень Перамогі, калі многія ўспамінаюць свае гераічныя і трагічныя сямейныя гісторыі, казаць пра Венесуэлу? Пры чым тут хімія?

Скажы ты пра гэта 10 траўня, калі табе карціць. Але ў дзень памятных і трагічных падзей ён выступае і спрабуе сказаць, як замову: «я не баюся».

Не, гэта мы нічога не баімся. Не трэба мяне, маіх сяброў, сваякоў палохаць нейкай Венесуэлай. Беларусы за 25 гадоў ужо паспелі столькі пабачыць, што на любыя «застрашанні» Лукашэнкі толькі рукой махнуць.

Пужай, не пужай – гэта не падзейнічае. Лукашэнка сам сябе спрабуе супакоіць. Чалавек баіцца і супакойвае сябе, як толькі можа. Хай супакойвае. Усе ўжо разумеюць: гэта «рыпае» да пары да часу. Любая гайка мае права сарвацца. Уся гэтая сістэма, як у познім СССР – на мяжы зрыву. І сам Лукашэнка – на мяжы зрыву. Адсюль – і арышт былога кіраўніка ягонай аховы, і ўвесь астатні дзяржаўны цырк.

Лукашэнка і ягонае асяроддзе баяцца. За ўсё: за свае катэджы баяцца, за ценевыя фірмы, за дзяцей, якіх загадзя адправілі за мяжу, за рахункі ў афшоры, за залатыя ўнітазы, за асабістыя самалёты і шрубалёты.

Нам, простым людзям, няма за што і няма чаго баяцца. Нам трэба, каб у Беларусі была нармальная ўлада. Каб нармальны ўрад працаваў у інтарэсах народа – а не для свайго вузкага кола.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках