11 траўня 2024, Субота, 22:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сачыце за рукамі: У Беларусі ўвялі патройнае падаткаабкладанне

22
Сачыце за рукамі: У Беларусі ўвялі патройнае падаткаабкладанне

Беларускі бізнэс зноў падманулі?

Бізнэс амаль паўгода цярпліва чакаў абяцанага скасавання ўказа ад 23.10.2012 № 488 «Аб некаторых захадах у папярэджанні незаконнай мінімізацыі сумаў падатковых абавязальніцтваў» пасля няўдалых спробаў яго перапісаць. Вось, нарэшце, доўгачаканая падзея адбылася. І многія неяк не ўбачылі падставаў для радасці, піша ў артыкуле для «Эканамічнай газеты» экспертка Асацыяцыі падаткаплацельнікаў Наталля Зворана.

Яшчэ да прыняцця ўказа ад 18.04.2019 № 151 «Аб змяненні указаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якім скасаваны славуты 488-ы, бізнэс нечакана выявіў, што з 1 студзеня 2019 г. у новай рэдакцыі ПК з'явіўся п. 4 арт. 33, які дазваляе задняй датай карэктаваць падатковыя абавязальніцтвы плацельніка, у тым ліку ў выпадку, калі праверкай будзе вызначана, што асноўнай мэтай угоды (гаспадарчай аперацыі) з'яўлялася «падатковая выгода».

Пры гэтым адкрытым засталося пытанне пра само карэктаванне, бо ПК не ўтрымлівае палажэнняў пра парадак падаткаабкладання ў такіх сітуацыях.

Нявызначаным засталося і пытанне для падаткаплацельніка, што рабіць з гаспадарчымі аперацыямі, якія ён сам адлюстраваў у бухгалтарскім і падатковым уліку і паводле якіх падаткі ўжо палічаныя. Бо ў перыяд дзеяння ўказа № 488 гэтае пытанне ніяк не развязвалася, выплачаныя плацельнікам падаткі пры карэктаваннях паводле правілаў указу № 488 ніяк не ўлічваліся, што фактычна прыводзіла да падвойнага падаткаабкладання ў дачыненні да аднаго і таго ж аб'екта (выручкі, альбо кошту тавару).

Часам узнікалі сітуацыі, калі суб'ект рабіў падаткаабкладанне адлюстраванай гаспадарчай аперацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам, потым, атрымаўшы апавяшчэнне падатковага органа або прадпісанне органаў фінансавых расследаванняў (далей – ОФР), зрабіў самастойна падатковыя карэктаванні паводле ўказу № 488, выплаціўшы падаткі ў бюджэт.

А пасля ўзнікае пытанне пра падаткаабкладанне крэдыторскай запазычанасці, якая засталася няздзейсненай паводле першапачаткова адлюстраванай ва ўліку аперацыі ў набыцці тавару.

Гэта значыць пасля заканчэння тэрміну даўнасці пазову ў гаспадарчай аперацыі, якая была адкарэктаваная паводле правілаў указу № 488, плацельнік павінен выплаціць трэці раз падатак на прыбытак з адной і той сумы.

Разам з тым перанясенне ў ПК нормаў, аналагічных нормам, якія знаходзіліся ва ўказе № 488, не развязала праблемаў, падобных да апісаных вышэй.

Тым не менш да прыняцця ўказа № 151 бізнэс спадзяваўся, што выкарыстанне п. 4 арт. 33 ПК будзе больш справядлівым, і правапрымяняльнікі ў асобе кантралявальных органаў будуць перш за ўсё зыходзіць з асноўных прынцыпаў падаткаабкладання, замацаваных у арт. 2 НК:

– законнасці падаткаабкладання, прэзумпцыі добрасумленнасці;

– справядлівасці падаткаабкладання.

Аднак палажэнні падпунктаў 1.1 і 1.2 п. 1 указа № 151 толькі пацвердзілі падазрэнні бізнэсу, што скасаванне ўказу № 488 – усяго толькі ілюзія. Так, яшчэ адны нормы ўказа № 488 матэрыялізаваліся ў двух заканадаўчых актах:

1) у Палажэнні пра Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, зацв. указам ад 11.02.2009 № 87, указам № 151 уведзеныя:

– падп. 10.7 п. 10 – пра складанне ОФР заключэнняў пра вызначэнні падставаў, указаных у п. 4 арт. 33 ПК, якія вядуць за сабой карэктаванне падатковай базы i (або) сумы падлеглай выплаты (заліку, вяртання) падатку (збору), і накіраванне іх суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці, у дачыненні да якіх яны складзеныя (аналаг падп. 1.12-1 п. 1 указа № 488);

– падп. 10.8 п. 10 – пра накіраванне контрагентам суб'ектаў, у дачыненні да якіх складзенае заключэнне, інфармацыі з прапановай самастойна зрабіць карэктаванне падатковай базы (аналаг падп. 1.12-2 п. 1 указа № 488);

2) ва ўказе ад 16.10.2009 № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» указам № 151 унесеныя змены:

– абз. 4 ч. 1 п. 8, у выніку чаго КДК, ДМК і МПЗ (і іх органы) захавалі права правядзення ў перыяд двухгадовага мараторыя пазапланавых праверак у дачыненні да суб'ектаў, да якіх ОФР складзеныя заключэнні паводле п. 4 арт. 33 ПК, або ў дачыненні да іх контрагентаў,

– абз. 6 падп. 12.3 п. 12 – для мэтаў прызначэння пазапланавых праверак у дачыненні да суб'ектаў, да якіх складзеныя заключэння, і іх контрагентаў.

Такім чынам, з прыняццем указа № 151 можна канстатаваць, што парадак працы ОФР не змяняецца. Такім чынам, праблема, якая турбавала бізнэс пры жыцці ўказа № 488, не знайшла развязання і ягонага скасавання, а трансфармавалася ў іншыя заканадаўчыя акты.

Нормы, накіраваныя на процідзеянне менавіта незаконнай і агрэсіўнай мінімізацыі падатковых абавязальніцтваў, існуюць практычна ва ўсіх развітых краінах. Аднак важным момантам выкарыстання і ўключэння такіх нормаў у заканадаўства з'яўляецца растлумачэнне правілаў гульні і ўказанне перыяду, з якога тыя ці іншыя дзеянні і фактычныя абставіны дзейнасці плацельніка будуць разглядацца як падатковае парушэнне.

У нашым нацыянальным варыянце цяпер бізнэсу застаецца толькі спадзявацца на жаданне і гатоўнасць кантралявальных органаў, якія надзеленыя правам выкарыстання п. 4 арт. 33 ПК, зыходзіць з прынцыпу добрасумленнасці суб'ектаў і справядлівасці падаткаабкладання, г.зн. у кожным канкрэтным выпадку вызначаць, ці была ў выніку той ці іншай аперацыі нанесеная страта інтарэсам бюджэту з улікам выкананых плацельнікам падатковых абавязальніцтваў.

Таксама ў бізнэсу застаецца надзея на справядлівае судовае разбіральніцтва паводле вынікаў матэрыялаў праверак, якія, цяпер ужо відавочна, будуць паводле п. 4 арт. 33 ПК. Магчыма, менавіта суд цяпер возьме на сябе цяжар справядлівага выкарыстання палажэнняў арт. 33 ПК, і неўзабаве суб'екты змогуць убачыць агляды судовай практыкі, каб мець магчымасць арыентавацца.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках