Павал Севярынец выйшаў на волю
8- 20.04.2019, 12:59
- 12,294
Палітык правёў у ІЧУ 15 дзён за спробу спыніць знішчэнне крыжоў у Курапатах.
20 красавіка з ізалятара часовага ўтрымання вызвалілі сустаршыню аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца. Ён адбываў чарговае зняволенне на 15 дзён за спробу спыніць «крыжалом» у Курапатах, паведамляе «Радыё Свабода» .
Пасля вызвалення ён адзначыў у каментары тэлеканалу «Белсат», што сваёй ухвалой знішчэнню крыжоў кіраўніцтва Беларусі аб'явіла вайну беларускаму народу, народнай памяці і Богу.
«А гэта вельмі сур'ёзная рэч. Я думаю, што нічога добрага Лукашэнку на гэтым шляху не чакае», - заявіў палітык.
Паўла Севярынца затрымалі 5 красавіка, але асудзілі толькі праз тры дні - у агульнай складанасці на 15 дзён арышту: за «дробнае хуліганства» (5 дзён) і «непадпарадкаванне міліцыі» (10 дзён).
У рапарце сведка-міліцыянт Удодаў, напісаў, што Севярынец «упіраўся нагамі ў зямлю».
18 красавіка над палітыкам адбыўся чарговы суд. Яго разам з іншымі абаронцамі асудзілі разам на 6000 рублёў або амаль 3000 даляраў.
Нагадаем, 4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў - месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Было знішчанае і вывезена блізу 100 крыжоў.
12 красавіка ўлады знішчылі яшчэ 50 крыжоў у Курапатах.