Барыс Хамайда: Адзінае, што можа выратаваць тых, хто знішчаў крыжы, – пакаянне
13- 15.04.2019, 10:47
- 12,167
Тыя, хто ў часы бальшавікоў здымаў званы і рушыў цэрквы, дрэнна скончылі.
4 красавіка ўлады знішчылі блізу 100 крыжоў, якія былі ўсталяваныя па перыметры народнага мемарыялу ў Курапатах, а ў суботу, 13 красавіка, яшчэ 50.
У грамадстве гэта выклікала шок, неразуменне і выбух абурэння. Дзеянні ўладаў для віцебскай «Вясны» ацаніў вядомы віцебскі актывіст, каталік Барыс Хамайда. Ён называе тое, што адбылося ў Курапатах, адным словам: дзікунства.
«Але наперадзе расплата! Адзінае, што можа выратаваць тых, хто знішчаў крыжы, гэта пакаянне. Хай ідуць у цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі – і каюцца, каюцца, каюцца... Інакш – найцяжэйшы канец! Гэта тычыцца не толькі тых, хто знішчаў крыжы, але і іх нашчадкаў. Тыя, хто ў часы бальшавікоў здымаў званы і рушыў царквы, скончылі дрэнна.
І нам не трэба нават спрабаваць зразумець такія паводзіны. Бо гэта немагчыма. У зла адзіная матывацыя – рабіць зло...» – мяркуе Барыс Хамайда.
Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.00 каля адміністрацыі Лукашэнкі (Менск, вуліца Карла Маркса, 38).
4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
На заклік аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску адбыўся малебен, у якім узялі ўдзел блізу 1000 чалавек.
Заклік падтрымаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
12 красавіка ўлады зноў знішчылі 50 крыжоў па перыметры Курапатаў.