Беларускія апазіцыянеры ўважаюць Мясніковіча за ашуканца і самазванца
24- 7.02.2019, 14:27
- 57,365
Лідары беларускіх дэмакратычных сілаў пракаментавалі візіт Міхаіла Мясніковіча ў Польшчу.
З 11 да 14 лютага адбудзецца афіцыйны візіт у Польшчу «парламенцкай» дэлегацыі Беларусі на чале са старшынём «Савета Рэспублікі» Міхаілам Мясніковічам.
У Варшаве запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. Адбудуцца таксама перамовы Мясніковіча з кіраўніком сената (маршалам) Станіславам Карчэўскім і маршалам сейма Марэкам Кухціньскім. Акрамя таго, пройдзе сустрэча з міністрам замежных спраў Польшчы Яцэкам Чапутовічам.
Нагадаем, што міжнародныя назіральнікі прызналі, што апошнія «парламенцкія выбары» ў Беларусі ў 2016 годзе праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі.
Сітуацыю з візітам у Польшчу прадстаўнікоў нелегітымнага «парламента» сайту Charter97.org пракаментавалі беларускія палітыкі і праваабаронцы.
Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень:
- Легітымнасць так званай «парламенцкай» дэлегацыі на чале з Мясніковічам выклікае вялікія пытанні. Апошнія «парламенцкія выбары» былі недэмакратычнымі, і гэта прызналі і міжнародная місія назіральнікаў, і ўнутраныя назіральнікі ў Беларусі.
Нават улічваючы саму структуру «выбараў» «савета рэспублікі», які «абіраецца» не наўпрост, а часткова абласнымі «Саветамі дэпутатаў», часткова ж прызначаецца Лукашэнкам, легітымнасць гэтага органа выклікае вялікія сумневы.
Акрамя таго, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі апошнім часам кардынальна не мяняецца: усе ранейшыя праблемы застаюцца. Гэта пацвердзіў і 2018 год. Крымінальныя справы распачыналіся супраць незалежных журналістаў, кіраўнікоў незалежнага прафзвязу РЭП, супраць дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая. Гэта сведчыць аб тым, што крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў у Беларусі прадаўжаецца.
Сюды ж можна дадаць і праблему захавання ў Беларусі смяротнага пакарання, праблему забароны рэгістрацыі грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
Мы, беларускія праваабаронцы, у адзін голас кажам: сітуацыя з правамі чалавека ў нас у краіне не мяняецца, яна застаецца досыць дрэннай. І такія авансы, якія сёння раздаюцца беларускім «сенатарам», я ўважаю за няправільныя. Гэтыя людзі нелегітымныя, падвышэнне іх статусу на сустрэчах такога ўзроўню іх легітымізуе.
Усё гэта выклікае вялікую заклапочанасць. Таму што пачынаюцца кантакты і супрацоўніцтва з тымі, хто прадаўжае парушаць правы чалавека ў Беларусі і не збіраецца мяняць тут нешта ў лепшы бок.
Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»:
- Мяркую, што гэта прыніжэнне для польскіх палітыкаў - сустракацца з людзьмі, якія не абраныя на свабодных дэмакратычных выбарах, а прызначаныя дзейным кіраўніком Беларусі выконваць абавязкі «парламентарыяў».
У адрозненне ад польскіх калегаў, якія занялі сваё месца ў Сейме Польшчы дзякуючы адкрытай барацьбе за галасы выбаршчыкаў, беларускія «дэпутаты» не абіраюцца, а прызначаюцца. Іх роля зводзіцца да ролі дэкарацый у сістэме дзяржаўнага кіравання Беларуссю. Яны нават не здольныя фармуляваць і прымаць пастановы ў тым органе, куды яны прызначаныя або накіраваныя на працу.
У той жа час я не супраць пашырэння стасункаў паміж афіцыйнымі бакамі Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь. Але тут трэба казаць пра кантакты на ўзроўні выканаўчай улады, дзе ўсё зразумела і ёсць адказныя за прыняцце пастаноў у пэўных сферах. Ёсць, напрыклад, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства эканомікі, Нацбанк…
Я думаю, што такія кантакты паспрыялі б большай адкрытасці Беларусі для Еўразвяза, лепшаму ўзроўню супрацоўніцтва, што, у сваю чаргу, пазбавіла б нас ад татальнай залежнасці, якую мы маем у рамках Саюза з Расеяй. Дзверы для Беларусі трэба адчыняць, але дзейнічаць трэба на тым узроўні, дзе ёсць людзі, адказныя за прыняцце пастаноў.
Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, былы палітвязень:
- Хачу нагадаць, што польскі ўрад прызнаў Хуана Гуайдо легітымным прэзідэнтам Венесуэлы, бо Нікалас Мадура паводле вынікаў сфальсіфікаваных выбараў страціў легітымнасць.
А ў Беларусі мы назіраем аналагічны выпадак: Лукашэнка і ягоны «парламент» страцілі легітымнасць даўно і незваротна. Прычым Лукашэнка зрабіў гэта, учыніўшы цяжкае злачынства, падоўжыўшы свае паўнамоцтвы антыканстытуцыйным шляхам на «рэферэндуме» 1996 года.
І тут у галаву прыходзіць толькі адно тлумачэнне: падвойныя стандарты. Шкада, што нашы польскія суседзі так паступаюць.
Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», былы палітвязень:
- У мяне дагэтуль не ўкладаецца ў галаве: як прыстойныя людзі, выбраныя народам, могуць афіцыйна, на роўных сустракацца з ашуканцамі і самазванцамі?
Як прыстойныя людзі могуць рабіць выгляд, што ў Беларусі ёсць «парламент»?
Навошта лідарам польскай дзяржавы станавіцца на адну дошку з тымі, хто адкрыта і нахабна фальсіфікуе выбары? Не разумею.
Еўрапейцы не прызнаюць прэзідэнтам Нікаласа Мадуры, але нават у Венесуэле на выбарах лічаць галасы і апазіцыя можа перамагчы на парламенцкіх выбарах. У Беларусі наогул не лічаць галасы, тут пануе татальны падман. Навошта гуляць з ашуканцамі ў напарсткі?
Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень:
- Польшча чаргуе розныя падыходы ў дачыненні да беларускага дыктатарскага рэжыму. Гэту палітыку можна назваць чаргаваннем метадаў пугі і перніка ці, як гавораць палякі, kija i marchewki, (палкі і морквы - рэд.). Напрыклад, у 2005-2007 гадах кіроўная тады партыя «Права і справядлівасць» пад кіраўніцтвам Леха Качыньскага цвёрда стаяла на пазіцыі падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі.
Былі прынятыя інстытуцыянальныя пастановы для падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Гэта і праграма Каліноўскага ў дачыненні рэпрэсаваных студэнтаў і сямейнікаў рэпрэсаваных палітыкаў. Тады ж пачаў сваю працу канал «Белсат», была прынятая пастанова аб наданні дапамогі беларускім праваабарончым арганізацыям.
Цяпер, на мой погляд, Польшча паўтарае палітыку «асцярожнага сяброўства з дыктатарам», якую праводзіў міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі. І мы ведаем, чым гэтая палітыка скончылася.
Хацеў бы сказаць польскім сябрам, што дыктатар Лукашэнка назваў ракетныя сістэмы залпавага агню далёкага дзеяння, якія былі распрацаваныя супольна з кітайскімі вайскоўцамі, «Паланэзамі» не таму, што ён адчувае цёплыя пачуцці да Польшчы і палякаў.
***
Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:
АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:
РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:
Назва банка:Bank Millennium S. A.
Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa
IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123
SWIFT: BIGBPLPW
Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»
Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe
Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]