26 красавiка 2024, Пятніца, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму школьнік напаў з нажом у Стоўбцах: галоўныя версіі

Чаму школьнік напаў з нажом у Стоўбцах: галоўныя версіі
ФОТА: МІКІТА НЕДАВЕРКАЎ

Сёння райцэнтр перажывае сапраўдную драму.

Усе пытанні патрабуюць адказаў. Дэфіцыт інфармацыі - у чыіх бы там ні было інтарэсах - спарадзіў новую праўду. Сёння райцэнтр перажывае сапраўдную драму, дзе кожны ведае удзельнікаў НЗ калі не асабіста, то праз блізкіх знаёмых. Таму дзеляцца версіямі вельмі пераканаўча.

Учора ўдзень ужо хадзілі чуткі аб тым, што памёр нехта з параненых хлапчукоў. У лякарні зняпраўдзілі гэтую інфармацыю. Пад вечар сталі казаць, што не вытрымала сэрца мамы Вадзіма. Але пасля гэтага яе бачыла суседка.

Журналісты onliner.by сфармулявалі чатыры асноўныя версіі адказу на галоўнае пытанне: што прымусіла спакойнага хлопчыка Вадзіма ўчыніць злачынства з незваротнымі наступствамі?

Версія №1. Канфлікт з загінулым Сашам

Ёсць версія, што ў Вадзіма быў нейкі канфлікт з загінулым Аляксандрам. Абодва выдатнікі і нешта не падзялілі. Праўда, тады незразумела, пры чым тут настаўніца гісторыі. Двое хлопцаў, Вадзім і Руслан, якія цяпер у рэанімацыі, паводле версіі местачкоўцаў, проста паспрабавалі спыніць яго і трапілі пад руку.

- Мне здаецца, што ні сям'я, ні школа не вінаватыя ў тым, што здарылася. Магчыма, у яго крыўда была на кагосьці, магчыма, нейкі канфлікт з кім-небудзь з вучняў, - тлумачыць суседка хлопчыка Галіна Іосіфаўна, якая прапрацавала 25 гадоў ва ўправе адукацыі. - Таму што ў школе быццам бы канфліктаў у яго ніякіх не было, яго там наогул добра характарызуюць.

Версія №2. Канфлікт з настаўніцай праз алімпіяду гісторыі

З нашай інфармацыі, сёння настаўнікі школы №2 запаўнялі анкеты з нагоды таго, якія канфлікты і з кім з вучняў былі ці маглі б здарыцца. Гэта наводзіць на думкі пра канфлікт паміж Вадзімам і настаўніцай гісторыі.

- Кажуць, што на нейкім этапе алімпіяды Марына Пархімовіч паставіла вышэй Аляксандра. Гэта зачапіла Вадзіма, які таксама добра вучыўся, - распавяла нашая крыніца. – Пра Пархімовіч усе кажуць адно: гэта вельмі інтэлігентная настаўніца, яна не магла стаць прычынай. Значыць, уявіце, наколькі было параненае славалюбства дзесяцікласніка.

Гэтая версія таксама падтрымлівае папулярнае меркаванне: Вадзім ішоў у 11 «А» мэтанакіравана па Сашу.

Больш за тое, гэтая ж крыніца з упэўненасцю кажа: параненыя хлапчукі не абаранялі настаўніцу - яны проста спазніліся на ўрок і папаліся пад руку Вадзіма ў пустым калідоры, калі ён ужо забіў дваіх.

Версія №3. Інтэрнэт і яго цёмныя старонкі

Без гэтай версіі не абыходзіцца ніводзін дзіцячы або падлеткавы скандал. Не будзем называць канкрэтныя сайты, гульні і іншае. Усё гэта агучвалася сёння на рознага ўзроўню сходах, не кажучы пра тое, наколькі папулярна сярод бацькоў.

Спасылка на «цёмны» інтэрнэт лёгка развязвае ўсе праблемы, якія знаходзіліся недзе зусім побач, а не ў раёне Уральскіх гор.

Версія №4. Псіхатропы

Не выключаюць жыхары горада і версію з ужываннем псіхатропаў. Магчыма, падчас учынення злачынства Вадзім знаходзіўся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення.

- Кажуць, што падчас затрымання ён сказаў, што гатовы парэзаць увесь клас. Вядома, такі стан у звычайным жыцці спакойнага падлетка не развіваецца без стымулявання, - распавяла крыніца.

Пакуль інфармацыі пра тое, ці знаходзіўся Вадзім у стане наркатычнага або алкагольнага ап'янення, няма. Хоць, як правіла, такія пытанні высвятляюцца хутка.

У прэс-службе Следчага камітэта пакуль не каментуюць гэтае пытанне.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках