26 красавiка 2024, Пятніца, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва ўсё больш запрашае супрацоўнікаў з-за мяжы

1
Літва ўсё больш запрашае супрацоўнікаў з-за мяжы

Цягам двух гадоў колькасць замежнікаў на літоўскім рынку падвоілася.

Кожны пяты працоўны жыхар Літвы сказаў, што ў ліку ягоных калег ёсць прынамсі адзін замежнік.

Разам з літоўцамі часцей за ўсё працуюць украінцы, беларусы і расейцы. Такія звесткі партала CVMarket.lt, паведамляе delfi.lt.

"24 600 чалавек. Столькі грамадзянаў іншых краін, паводле звестак Содры, працавалі ў Літве ў другім квартале гэтага года", – сказала прадстаўніца CVMarket.lt Раймонда Татарэлітэ.

Паводле ейных словаў, цягам двух гадоў колькасць замежнікаў на літоўскім рынку падвоілася – з 0,8% у трэцім квартале 2017 г. да 1,8% у красавіку – чэрвені 2019 г. Больш за ўсё іншаземцаў (амаль 17 000) працуюць кіроўцамі вялікагрузных машынаў, астатнія – у сферы будаўніцтва і прамысловасці.

"Блізу 600 будаўнікоў, крыху больш тынкоўнікаў, 900 бетоншчыкаў, 1200 зварнікаў, больш за 300 электрыкаў, 120 кухароў. Замежнікі працуюць не толькі простымі працоўнымі, 130 з іх узначальваюць заснаваныя ў Літве кампаніі, установы ці арганізацыя. У публічнай прасторы з'яўляецца інфармацыя пра замежнікаў, якія працуюць не толькі ў сталіцы, але і ў правінцыі, не толькі на будоўлі або за рулём аўто, але і ў офісах", – сказала Татарэлітэ.

Паволде звестак апытання, праведзенага CV Market, у якім удзельнічалі 1196 супрацоўнікаў літоўскіх кампаній, кожны 5 жыхар Літвы працуе з калегамі-замежнікамі. Часцей за ўсё згадваюць грамадзянаў Расеі, Беларусі і Украіны, найбольшая іх колькасць працуе ў транспартным і будаўнічым сектарах.

"У Літве абагульненым сімвалам эмігранта мог бы стаць украінец ці беларус за рулём фуры як аналаг паляка-сантэхніка, які праславіўся на Захадзе ў 2004–2005 гг.", – сказала Татарэлітэ.

11,3% удзельнікаў апытання, якія працуюць з замежнікамі, сказалі, што працуюць з расейцамі або беларусамі. 10,7% згадалі, што працуюць з украінцамі. На трэцім месцы паводле колькасці згадак былі эстонцы, латышы і палякі (6,4%), на чацвёртым – прадстаўнікі розных Заходніх еўрапейскіх краінаў, якія звычайна займаюць кіроўныя пасады (5,5%).

Цікава, што 2,6% жыхароў паказалі, што працуюць з выхадцамі з Азіі, 1,4% – з грамадзянамі ЗША, краінаў Паўднёвай Амерыкі. Радзей у літоўскіх кампаніях працуюць грамадзяне Балгарыі, Вугоршчыны, Чэхіі, Славакіі і Румыніі (1,2%).

3,2% рэспандэнтаў сказалі, што іхнія калегі прыехалі з іншых краінаў, якія ў апытанні не згадваліся. 27,2% паказалі, што ў іх ёсць калегі адразу з некалькіх рэгіёнаў.

Праўда, амаль трэць удзельнікаў апытання нічога не магла сказаць пра калегаў-іншаземцаў.

"Нягледзячы на тое, што ў апошні час працаўнікоў з Украіны сталі перавабліваць Польшча і Нямеччына, можна смела прагназаваць, што колькасць замежнікаў у Літве будзе расці. З ростам заробкаў мы становімся больш прывабнымі і для прадстаўнікоў іншых краінаў. Паступае ўсё больш рэзюмэ з Украіны, Беларусі, краінаў Азіі і нават больш развітых чым Літва краінаў", – сказала Татарэлітэ.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках