5 траўня 2024, Нядзеля, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Пуцін схібіў

7
The Economist: Пуцін схібіў

У расейскага аўтакрата быў дрэнны тыдзень.

Цырымонія адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе павінна была стаць вызначальным момантам прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна. Яна павінна была паказаць свету адроджаную Расею, а таксама ўзмацніць ягоную папулярнасць дома. Выдаткаваўшы 50 мільярдаў даляраў, ён не пакінуў ніводнага шанцу сцэнару, што нешта пойдзе не так. Расея раздала допінг сваім атлетам і трыумфальна святкавала іх залатыя медалі, нібы гэта былі трафеі вайны. Падхопленае дзяржаўнай прапагандысцкай машынай святкаванне хутка перарасло ў антызаходнюю істэрыю. Алімпійскія гульні ў Сочы за лічаныя дні саступілі месца анэксіі Крыма і ўварвання на Усход Украіны, - успамінае The Economist, (пераклад - unian.net).

Праз шэсць гадоў наступствы дагэтуль пераследуюць Крэмль. 9 снежня антыдопінгавая арганізацыя WADA забараніла Расеі ўдзельнічаць у галоўных міжнародных спаборніцтвах на чатыры гады. У краіне, дзе сімвалы адыгрываюць большую ролю, чым сутнасць, гэтая забарона, нягледзячы на ўсе даступныя шчыліны, стала вялікім прыніжэннем. Яна была абвешчаная ў той жа дзень, калі Пуцін сеў за стол з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскі і лідарамі Францыі і Нямеччыны, каб пагаварыць пра вайну на Данбасе, якую спансуе Расея. Гэтая вайна забрала жыцці больш як 13 тысяч чалавек.

Першая сустрэча ў «нармандскім фармаце» за тры гады была агорнутая страхамі. Часткова гэта адбылося праз новы імпэт прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрон будаваць масты ў стасунках з Расеяй. Ці дасягне Пуцін сваёй мэты запхнуць Данбас назад у склад Украіны, не аддаючы пры гэтым украінскаму ўраду поўны кантроль над суверэнітэтам сваёй краіны, каб ён стаў зручным інструментам дэстабілізацыі ўсіх яе рэгіёнаў? Ці будзе французскі прэзідэнт ціснуць на Кіеў дзеля ўласнага вялікага бачання еўрапейскай архітэктуры бяспекі? А ўкраінскі прэзідэнт-пачатковец ці прагнецца пад гэтым ціскам? Усе гэтыя страхі прымусілі тысячы людзей выйсці на вуліцы ў Кіеве, заклікаючы Зяленскага не здаваць пазіцыі.

Сустрэча не прынесла вялікіх вынікаў. І гэта стала некаторай палёгкай. Бакі дамовіліся аб новым абмене вязнямі, аб развядзенні войскаў яшчэ ў трох месцах на лініі размежавання і аб новай сустрэчы праз чатыры месяцы. Але Зяленскі таксама публічна правёў некаторыя чырвоныя лініі. Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны не будзе прынесеная ў ахвяру ўключна з Крымам, а таксама ніякіх мясцовых выбараў на Данбасе, пакуль Кіеў не будзе кантраляваць ўсю акупаваную тэрыторыю і мяжу з Расеяй. Толькі пры гэтых умовах выбары будуць сумленнымі, у той час як цяпер на такую іх якасць разлічваць не даводзіцца.

Кантраст паміж прэзідэнтамі Украіны і Расеі быў дзіўны. Пуцін прыехаў на сустрэчу ў браняваным монстры-лімузіне ў суправаджэнні целаахоўцаў, некаторыя з якіх былі ў балаклавах. Зяленскі ж прыбыў у мікрааўтобусе Renault. На позняй прэс-канферэнцыі Зяленскі здаваўся маладым, нервовым і шчырым. Пуцін выглядае як пастарэлы аўтакрат, помслівы, люты і сумны. Паставіўшы сабе мэта нармалізаваць стасункі з Еўропай і ізаляваць Украіну, ён не дасягнуў ні першага, ні другога. У той жа дзень міністры замежных спраў ЕЗ пагадзіліся пачаць працу над еўрапейскай версіяй амерыканскага «Акта Магніцкага». Гэта заканадаўчая ініцыятыва, якая прадугледжвае ўвядзенне санкцый супраць Расеі за парушэнні правоў чалавека. Тыдзень выдаўся жудасны для Пуціна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках