26 красавiка 2024, Пятніца, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як кормяць і ў якіх умовах лечаць у лукашэнкаўскай лякарні

58
Як кормяць і ў якіх умовах лечаць у лукашэнкаўскай лякарні

Гэтая лякарня каштавала бюджэту €100 мільёнаў.

5 фактаў пра лякарню для vip-персон, дзе могуць лячыцца і абследавацца і іншыя людзі - за грошы, піша «Салiдарнасць».

У гэтай клініцы санітарцы плацяць больш, чым выкладчыку медычнага каледжу

Мяркуючы з базы вакансій, санітарцы ў лукашэнкаўскай клініцы абяцаюць плаціць сярэдні заробак 570 рублёў, прыбіральшчыцы пральні - 460 рублёў.

Для параўнання: выкладчыку (лекар-хірург паводле спецыяльнасці) у Слуцкім медкаледжы прапануюць заробак 465 рублёў. У базе вакансій у сталічных клініках санітаркам прапануюць заробак 350 рублёў.

Як пацыентаў робяць шчаслівымі

У якой яшчэ лякарні вы ўбачыце на сценах творы сучаснага мастацтва? Інтэр'еры лукашэнкаўскай клінікі ўпрыгожваюць працы студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў акадэміі мастацтваў: ад жывапісу і графікі да фатаграфіі і інсталяцый. Мастацкі праект называецца «Шчасце».

У клініцы працуе родны брат Ірыны Абельскай

Былая асабістая лекарка правадыра Беларусі Ірына Абельская шмат гадоў кіруе медцэнтрам.

Тут жа працуе ейны родны брат - рэнтгена-эндаваскулярны хірург, загадчык рэнтгенааперацыйннай Андрэй Пастаялка. Брат і сястра - медыкі ў трэцім пакаленні, іх маці - Людміла Пастаялка - была міністаркай аховы здароўя ў 2002-2005 гадах.

Меркаванне: кормяць як у сталоўцы, прыбіральні чыстыя, выдаюць сарочку і халат

Пацыентка, якая правяла ў мінулым годзе ў клініцы тры дні, мяркуе, што яна больш падобная да санаторыі, чым да лякарні. На сайце otzovik.com жанчына падзялілася ўражаннямі ад убачанага.

На першым паверсе, дзе размешчаная рэгістратура, вельмі чыстыя прыбіральні. Тут ёсць і папера, і мыла, і зменныя сядзенні. Цікава, што ў санвузле ў палаце пацыентка не знайшла туалетнай паперы.

Для чакання прадугледжаны мяккія канапкі і крэслы, столікі з часопісамі, стаяць кулеры з вадой.

У палаце і санвузле ёсць кнопкі выкліку медсястры, тэлевізар, які паказвае 50 каналаў. Каля дзвярэй вісіць датчык, які паказвае дату, час, тэмпературу.

Ложак, на думку жанчыны, зручны, матрацы выдатныя, бялізна чыстае. На ложку для пацыенткі падрыхтавалі два ручнікі, сарочку і халат.

Да тумбачкі прымацаваны складны столік - зручна не толькі абедаць, але і папрацаваць.

Яшчэ ў палаце ёсць шафа, з аднаго боку - плечыкі, а з другога размясцілі маленькую лядоўню.

Сняданак, абед і вячэру прыносяць у палату. Усё запакаваная ў спецыяльны кантэйнер, каб ежа была цёплай, піша пацыентка.

Са слоў жанчыны, нож не далі, таму ялавічыну ёй з'есці не атрымалася - няма чым было парэзаць.

На сняданак у віп-клініцы давалі грэчку з велізарнай катлетай, плюс гарбату з бутэрбродам. На абед - рыбны суп, макароны з ялавічынай, на вячэру - плоў і салату. У цэлым пацыентка ацаніла шпітальную ежу на ўзроўні нядрэнны сталовай.

Хочаш прымацавацца? Заплаці чатыры сярэднія заробкі

Як і абяцаў Аляксандр Лукашэнка падчас будаўніцтва клінікі, тут абслугоўваюць пацыентаў на платнай аснове:

- Калі цябе не задавальняе абслугоўванне ў нейкі менскай лякарні, ты можаш прыйсці, заплаціць грошы (паколькі не па месцы будзеш абслугоўвацца) і цябе абслужаць тут. Што ў нас мала багатых людзей, якія сёння гатовы заплаціць грошы і правесці нейкія даследаванні, каб высветліць дакладны дыягназ?

Сапраўды, каб прымацаваць да лукашэнкаўскай клінікі, трэба быць чалавекам нябедным.

Для даведкі падаем кошты некаторых паслуг у лукашэнкаўскай клініцы: кансультацыя прафесара, доктара медыцынскіх навук (тэрапеўтычнага профілю) каштуе 33 рублі 40 капеек, першасны прыём гінеколага - 25 р. 71 к., кансультацыя кандыдата медыцынскіх навук, анколага (хірургічнага профілю) - 35 р. 95 к., рэанімацыйны ложак ў кардыяхірургіі - 450 р. 10 к., аднаасабовая палата ў хірургічным, уралагічным або гінекалагічным аддзяленні - 75 рублёў.

Комплекснае медыцынскае абслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры УДП для грамадзян Беларусі каштавацьме блізу 2300 даляраў у эквіваленце, для грамадзян краін блізкага замежжа - амаль 3500 даляраў, а для грамадзян краін далёкага замежжа - амаль 4670 даляраў.

Выходзіць, беларусу давядзецца выкласці на абслугоўванне ў лукашэнкаўскай клініцы больш за 4-ры сярэднія заробкі. Наўрад ці шмат каму гэта па кішэні.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках