3 траўня 2024, Пятніца, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшло шэсце на Дзяды: анлайн-трансляцыя

12
У Менску прайшло шэсце на Дзяды: анлайн-трансляцыя
Фото: «Радыё Свабода»

Удзельнікі шэсця спявалі гімн «Пагоня», скандавалі «Не інтэграцыі!», «Жыве Беларусь!».

У нядзелю 3 лістапада ў Менску прайшло шэсце і мітынг з нагоды Дня памяці продкаў (Дзяды). Акцыю арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Менгарвыканкам і Менаблвыканкам далі дазвол на правядзенне акцыі.

Жывую відэатрансляцыю правялі «Белсат» і «Радыё Свабода».

Шэсце пачалося а 12.00 ад гадзіннікавага заводу «Луч» (станцыя метро «Акадэмія Навук»).

Шэсце праходзіла праспектам Незалежнасці да мікрараёна «Усход», а затым вуліцамі Каліноўскага, Гамарніка і Мірашнічэнкі ў Курапаты. З 15 да 17 гадзін у Курапатах прайшоў мемарыяльны мітынг.

Удзельнікі шэсця спявалі гімн «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча, скандавалі лозунгі «Расея - гэта вайна!», «Не інтэграцыі!», «Жыве Беларусь!».

«Белсат» вёў тэкставую анлайн-трансляцыю з акцыі:

16.05 Акцыя завяршылася.

15:30 Блізу 300 чалавек прайшлі шэсцем ад Парку Чалюскінцаў у Курапаты, дзе пачаўся мітынг. Прагучала песня «Авэ Марыя». Затым арганізатары падзякавалі ўсім, хто сабраўся.

Грамадскі дырэктар народнага мемарыяла «Курапаты» Алесь Чахольскі зачытаў зварот Зянона Пазняка.

15:05

«Я вельмі задаволены нашымі светлымі, выдатнымі людзьмі, якія прыходзяць з разуменнем і ідуць годна, не парушаючы маршруту. Малайцы. Хачу перадаць падзяку кожнаму ўдзельніку!», - кажа Юрась Беленькі з КХП-БНФ. Ён дадае, што ўражаны прысутнасцю моладзі на акцыі і дзякуючы гэтаму глядзіць у будучыню з аптымізмам.

Тым часам шэсце дайшло да ўрочышча.

14:55

Калона падыходзіць да Курапатаў. Актывістка Ганна Шапуцька адзначае, што паводзіны дзяржавы ў дачыненні да мемарыяла нагадваюць вандалізм. Яна згадвае красавіцкі крыжалом. «Зняважылі самі сябе», - сказала яна, маючы на ўвазе Лукашэнку.

Сёння Шапуцька сімвалічна нясе ў Курапаты драўляны крыж.

14:25

«Людзі спачуваюць, падтрымліваюць, але самі баяцца выходзіць. Баяцца за сваю працу, за родных... Але мы ідзём і за тых, хто баіцца», - кажа пенсіянер, які трымае ў руках абраз Маці Божай Катынскай - у знак памяці нявінна забітых.

14:15

Алесь Чахольскі, адказны сакратар КХП-БНФ, адзначае: згодна з новым заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах міліцыя патрабуе ад заяўнікаў акцыі аплату, але ён з паплечнікамі катэгарычна не згодныя, што за правядзенне Дзядоў варта плаціць дзяржаве.

Да Курапатаў застаецца прыкладна 40 хвілін хады.

14:00

Моладзь спявае песню Ляпіса Трубяцкога «Грай».

«Я проста беларуска, якой баліць сэрца за Беларусь», - кажа пра сябе дзяўчына, якая прыйшла на акцыю з сябрамі. «Для таго, каб не паўтарылася ў будучыні крывавая гісторыя, трэба памятаць пра яе», - дадае яна.

13:50

Аўтамабілі, якія праязджаюць міма, часта сігналяць калоне дэманстрантаў у знак падтрымкі.

13:30

«Бяспамяцтва - гэта страшна», - так тлумачыць свой удзел у шэсці Марыя, чые сваякі з Заходняй Беларусі былі рэпрэсаваныя ў сталінскія часы. «Я заўсёды была антыкамуністкай», - дадае жанчына сталага ўзросту. Кажа таксама, што ў калоне ідуць яе сябры, якім больш за 80 гадоў.

13:15

Колькасць удзельнікаў шэсця ў Курапаты перавысіла 250 чалавек.

13:00

Лідар ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў удзельнічае ў шэсці, каб нагадаць, што ахвяры сталінскіх рэпрэсій ляжаць не толькі ў Курапатах, але і ў Віцебску. Месца пахавання астанкаў адкрылі ў 2014 годзе. З тых часоў дзяржава не зрабіла нічога, каб ушанаваць памяць расстраляных.

Астанкі больш за 170 чалавек перапахавалі пад выглядам ахвяраў фашысцкіх войскаў. «Хайсы» ўзялі пад апеку народны мемарыял, які паўстаў на гэтым месцы.

12:53

На думку лідара Руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, Дзяды і антыінтэграцыйная позва звязаныя паміж сабой, бо «Курапатаў ніколі б не было, калі б не расейскі імперыялізм», мяркуе палітык. Сіўчык прымае ўдзел у акцыях апазіцыі, у тым ліку на Дзяды, з канца 80-х гадоў.

12:35

Калона праспявала гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Лявон Баршчэўскі і Сяргей Антончык, якія ў 90-е былі дэпутатамі беларускага Вярхоўнага Савета 12-га склікання, сёння таксама ўдзельнічаюць у акцыі. Баршчэўскі кажа, што першапачаткова задумка акцыі была ў тым, каб Дзяды (2 лістапада) адначасова былі і дзяржаўным святам, і днём ушанавання памяці рэпрэсаваных.

Фота АЛ belsat.eu

Аднак пазней выхадны на Дзяды ўлады скасавалі і сёння ў дзяржаўных СМІ гэтая дата не згадваецца.

Фота АЛ belsat.eu

12:30

Характэрна, што акрамя традыцыйнага «Жыве Беларусь!», У гэтым годзе на Дзяды дадаліся заклікі спыніць інтэграцыю з Расеяй.

«30-я гады яскрава паказалі, што ёсць Расейская імперыя пад выглядам Савецкага саюза, як яна знішчала самых нашых выдатных людзей. Мы памятаем гэтыя падзеі, мы памятаем нашых продкаў для таго, каб людзі разумелі, што з Расеяй будучыні няма. Трэба выходзіць і змагацца, бараніць сваю незалежнасць», - кажа Сяргей Папкоў, адзін з заяўнікаў акцыі.

«Слава нацыі! Мы супраць інтэграцыі!», - скандуюць услед удзельнікі шэсця.

12:15

Анархісты Анастасія Гусева і нядаўна вызвалены з калоніі Зміцер Паліенка раздаюць улёткі з інфармацыяй пра людзей, якія на іх думку, былі зняволеныя паводле палітычных матываў. Гаворка ідзе пра Святаслава Барановіча, Вадзіма Бойку і іншых. Такім чынам яны хочуць дадаткова прыцягнуць увагу да таго, што яны не былі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі.

12:10

Успамінаючы першыя акцыі на Дзяды ў канцы 80-х, скульптар Генік Лойка параўноўвае іх з сённяшнім.

«Тады на Курапатах некалькі плакацікаў саматужна зробленых было, а сёння, паглядзіце - усё ў сцягах. У тыя гады я мог пералічыць усіх, хто гаворыць па-беларуску. Цяпер гэта колькасць незлічоная! Я тут, таму што гэта мой шлях, так трэба», - кажа ён.

12:05

Некалькі сотняў чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі калонай у бок Курапатаў. Калона расцягнулася на некалькі дзясяткаў метраў. Некаторыя нясуць у руках кветкі і свечкі.

Фота АЛ belsat.eu

Фотa: «Наша Ніва»
Фотa: «Наша Ніва»
Фотa: «Наша Ніва»
Фотa: «Наша Ніва»
Фотa: «Наша Ніва»
Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках