30 красавiка 2024, aўторак, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: дапрацоўку інтэграцыйных дарожных карт РФ і Беларусі курыруе Бабіч

18
СМІ: дапрацоўку інтэграцыйных дарожных карт РФ і Беларусі курыруе Бабіч

Экс-амбасадар РФ у Беларусі раней са скандалам быў высланы з Менска.

Дата новай сустрэчы або тэлефоннай размовы прэм'ер-міністраў РФ і Беларусі Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса аб «дарожных картах» у рамках работы для паглыблення інтэграцыі пакуль не вызначаная. Пра гэта паведамляе «РІА Навіны» са спасылкай на ананімную крыніцу, знаёмую з ходам перамоў.

Крыніца удакладніла, што праца ў рамках дапрацоўкі «дарожных карт» аб інтэграцыі з расейскага боку цяпер ідзе на ўзроўні Міністэрства эканамічнага развіцця РФ, гэтую працу курыруе першы намеснік міністра Міхаіл Бабіч, экс-амбасадар Расеі ў Беларусі.

На просьбу ўдакладніць, ці могуць адбыцца новыя кантакты да 8 снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе дамовы аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы, суразмоўца расейскага агенцтва пацвердзіў, што бакі сапраўды хацелі б закончыць працу над дарожнымі картамі да гэтай даты.

Румас і Мядзведзеў сустракаліся ў Маскве 19 лістапада, перамовы доўжыліся амаль 7 гадзін. Пра вынікі сустрэчы расейскі прэм'ер паведаміў журналістам, што частка дарожных карт аб паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі ўжо ўзгодненая, але засталіся «вельмі складаныя тэмы» з нагоды якіх дамовіцца не ўдалося. Кіраўнік беларускага ўрада заявіў, што ў інтэграцыйных перамовах яны «вельмі значна прасунуліся».

Румас сказаў, што падрыхтаваны пакет дакументаў будзе ўнесены на разгляд Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Іх сустрэча пройдзе 8 снежня ў Маскве ў рамках пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы». Аднак да сустрэчы прэзідэнтаў кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін павінны правесці яшчэ адны перамовы.

«Нашы калегі ў самы бліжэйшы час, за гэты тыдзень, падрыхтуюць новыя версі «дарожных карт», дзе будуць зведзены вынікі сённяшняй працы. На базе гэтых новых версій мы правядзём яшчэ адно абмеркаванне, мабыць, і ў фармаце перамоў паміж міністрамі, і абавязкова стэлефануемся з Сяргеем Мікалаевічам, а калі трэба будзе, то і сустрэнемся», - сказаў 19 лістапада Мядзведзеў.

Нагадаем, Міхаіл Бабіч займаў пасаду амбасадара і спецпрадстаўніка прэзідэнта РФ у Беларусі са жніўня 2018 года да красавіка 2019 года. Ягоная праца ў Беларусі была адзначана скандаламі. 30 красавіка 2019 году Пуцін адклікаў Міхаіла Бабіча, новым амбасадарам у Менску прызначылі Дзмітрыя Мезенцава.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках