3 траўня 2024, Пятніца, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Літвы пазначыў «чырвоныя лініі» ў дыялогу з Беларуссю

2
Прэзідэнт Літвы пазначыў «чырвоныя лініі» ў дыялогу з Беларуссю
ГІТАНАС НАЎСЕДА
ФОТА: DELFI.LT

Гітанас Наўседа нагадаў пра БелАЭС і правы чалавека.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выказваецца за дыялог з Беларуссю, але ён назваў «чырвоныя лініі» - Астравецкая АЭС і правы чалавека. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сказаў, што цяжка прадбачыць, ці прынясе такі дыялог на вышэйшым узроўні станоўчыя вынікі, аднак горш дакладна не будзе, паведамляе delfi.lt.

«Прэзідэнт склікаў кіраўнікоў адказных ведамстваў, парламенцкія палітычныя партыі - як кіруючыя, так і апазіцыйныя, каб нефармальна пагаварыць на актуальныя пытанні замежнай палітыкі. Гэтыя пытанні дыктуе жыццё, і тэмы былі - Беларусь і Украіна.

У прэзідэнта было некалькі вестак для кіраўнікоў ведамстваў. Што да Беларусі, ён паўтарыў, што адкрыты для дыялогу, але ён павінен развівацца, не пераступаючы «чырвоныя лініі» - Астравецкая АЭС і правы чалавека, - сказала дарадца прэзідэнта ў пытаннях замежнай палітыкі Аста Скайсгірытэ.

На пытанне пра «выбары» ў Беларусі яна сказала, што ні для каго не сакрэт ход «парламенцкіх выбараў» у гэтай краіне.

«Паводле ацэнкі назіральнікаў Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе выбары былі недэмакратычнымі. Паводле нашых стандартаў, гэта не былі цалкам свабодныя выбары. Такая сітуацыя ў Беларусі назіраецца шмат гадоў, і гэтыя выбары яе не змянілі», - сказала Скайсгірытэ.

Лінкявічус патлумачыў, што пазіцыя ў пытанні Астравецкай АЭС не мяняецца.

«Ацэнка яе негатыўная, усе нашы намаганні накіраваныя на тое - каб яна як мага пазней была запушчаная, і калі будзе працаваць, каб яе зачынілі, мы наогул лічым, што яе будуюць з парушэннем усіх нормаў, прынцыпаў і міжнародных стандартаў. Гэтая пазіцыя не мяняецца», - сказаў міністр.

Аднак, з яго слоў, стаўленне да дыялогу мяняецца.

«Мы думаем, што адсутнасць дыялогу не адказвае нашым нацыянальным інтарэсам, трэба гаварыць. Наколькі гэта паўплывае на сітуацыю - іншае пытанне, аднак мы будзем размаўляць на розных узроўнях, ужо згадвалі віцэ-прэм'ера, але, я думаю, што і сустрэчы міністраў магчымыя. (...) Мы хочам, каб гэтая краіна, наколькі гэта магчыма, была незалежнай, бо мы бачым, што яна адчувае вялікі ціск з боку ўсходняга суседа. Ацаніўшы гэта, мы хацелі б, каб дыялог з Літвой дапамог гэтай краіне, наколькі магчыма, і дапамог нашым нацыянальным інтарэсам», - сказаў міністр.

Экс-прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, калі працавала, таксама ўважала, што адносіны з Беларуссю на вышэйшым узроўні могуць прынесці змены, і сустракалася з прэзідэнтам Беларусі. Аднак потым гэта меркаванне змянілася. Лінкявічус канстатаваў, што з таго часу ў Беларусі нічога не змянілася, праўда, змянілася міжнароднае асяроддзе.

«У самой Беларусі наўрад ці нешта істотна змянілася, асабліва калі казаць пра апошнія парламенцкія «выбары». Мы там не бачым змен. Але міжнароднае атачэнне змянілася, захоўваецца моцны ціск з боку ўсходняга суседа. У нашых нацыянальных інтарэсах - зрабіць так, каб гэтая краіна заставалася як мага больш незалежнай. Змянілася тактыка нашых стратэгічных партнёраў. Калі ЗША ўжывалі тактыку ізаляцыі, то цяпер сітуацыя змянілася. Мы гэта павінны ўлічыць», - сказаў літоўскі міністр.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках