30 красавiка 2024, aўторак, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін і мафія

4
Пуцін і мафія
ФРАГМЕНТ ФІЛЬМА «ПУЦІН І МАФІЯ»

Нямецкі канал ZDF паказаў фільм аб карупцыі ў Расеі.

Тыя, хто ў Нямеччыне позна кладзецца спаць, з гадзіны ночы маглі па нямецкаму тэлеканалу ZDF паглядзець фільм "Пуцін і мафія" - які прадоўжыў серыю дакументальных стужак пра Расею. 44-хвілінны фільм рэжысёра Нікаласа Тонева і журналісткі Анастасіі Кірыленкі распавядае аб карупцыйных угодах, да якіх мог быць датычны Уладзімір Пуцін у бытнасць як віцэ-мэрам Санкт-Пецярбурга, так і прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Расеі. Іншая задача фільма - распавесці аб меркаваных сувязях Пуціна з мафіёзнымі групоўкамі, паведамляе dw.com.

Лецішча ля Фінскай затокі або таемны актыў "Сібура" для прэзідэнта

Фільм заснаваны на інтэрв'ю з рознымі апанентамі расейскага прэзідэнта. Адзін з іх - Андрэй Зыкаў, былы старшы следчы ў асабліва важных справах з Санкт-Пецярбурга. У пачатку фільма ён суправаджае здымачную групу да паўвострава Лодачны пад Выбаргам, дзе яны шукаюць так званую "дачу Пуціна". Розныя прыкметы - ад супрацоўнікаў ФСА, якія ахоўваюць яе, да элементаў унутранага аздаблення з двухгаловым арлом - паказваюць, на думку аўтараў фільма, на тое, што знойдзены аб'ект - менавіта рэзідэнцыя прэзідэнта. Упершыню аб таямніцай "дачы Пуціна" на фінскай мяжы распавёў тэлеканал "Дождь" у 2017 годзе. Доступ на аб'ект аўтары стужкі, зразумела, не атрымалі, але з дапамогай кадраў беспілотніка каманды фонду ў барацьбе з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага нямецкі глядач таксама змог ацаніць раскошу рэзідэнцыі з выглядам на Фінскую затоку.

Затым аўтары фільма вяртаюцца ў 1991 год, да самага пачатку грамадзянскай кар'еры звольненага з КДБ Пуціна. Піцерскі прадпрымальнік, які жыве цяпер у Лондане, і палітык Андрэй Карчагін пераказвае эпізод з махінацыямі пры пастаўках прыродных рэсурсаў у абмен на прадукты харчавання, у якіх быў западозраны малады віцэ-мэр горада, намеснік Анатоля Сабчака Уладзімір Пуцін.

У фільме паказаная копія дакумента з прэзідэнцкай адміністрацыі РФ, у якім знаходзілася рэкамендацыя не прызначаць Пуціна на новыя пасады да правядзення спецыяльнай праверкі. Ці была праверка, невядома, але намесніку Сабчака ўдалося захаваць сваю пасаду, нагадвае Карчагін.

Іншы прыклад з жыцця Пецярбурга пачатку 1990-х апісаў Франц Зедэльмаер (Franz Sedelmayer), баварскі прадпрымальнік, адзін з заходніх інвестараў у РФ першага прызыву. На світанку з'яўлення дэмакратычнай Расеі немец стварыў у Пецярбургу ахоўную фірму і знаходзіўся ў цесным супрацоўніцтве з тагачасным піцерскім віцэ-мэрам. Аднак калі ў 1994 годзе ўсе актывы Зедэльмаера на загад расейскіх федэральных уладаў канфіскавалі, Пуцін стаць на ягоную абарону адмовіўся, распавёў баварац.

ФРАНЦ ЗЕДЭЛЬМАЕР

Сведка з якудзы: Генадзь Пятроў хваліўся сувязямі з Пуціным

Далей ужо былы следчы Андрэй Зыкаў распавёў аўтарам фільма пра тое, як ён вёў справу аб буйных бюджэтных крадзяжах у Санкт-Пецярбургу. Ён абвінавачвае Пуціна і ягонае атачэнне "ў стварэнні крымінальнай супольнасці", якая займалася махінацыямі з мэтай узбагачэння, подкупам чыноўнікаў, пракурораў дзеля атрымання выгадных кантрактаў. Зыкаў сцвярджае, што расследаванне яго і ягоных калег было спыненае пасля таго, як Уладзімір Пуцін прыйшоў да ўлады ў Крамлі ў 2000 годзе.

Пасля гэтага ў фільме з'яўляецца незвычайны сведка жыцця Пецярбурга 1990-х - былы чалец японскай мафіі Кінічы Каміясу. Ён, з уласных слоў, сышоў з крымінальнага свету, сёння жыве ў Швэцыі і, як сцвярджаюць аўтары стужкі, упершыню наважыў падзяліцца сваімі ўспамінамі пра тыя часы.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН ПАСЛЯ ЗВАЛЬНЕННЯ З КДБ БЫЎ НАМЕСНІКАМ АНАТОЛЯ САБЧАКА (ФОТА З АРХІВА ТАСС)

На камеру Каміясу паказаў старыя фатаграфіі, дзе ён разам з Генадзем Пятровым - чалавекам, які ўважаецца за адну з самых уплывовых крымінальных фігур Пецярбурга 1990-х. Як узгадвае Кінічы, Пятроў хваліўся перад ім сваім уплывам у горадзе і сцвярджаў, што з Уладзімірам Пуціным "яны сябры".

Пуцін-прэзідэнт: палац пад Геленджыком і мільярды віяланчэліста Ралдугіна

Асаблівую ўвагу аўтары фільма надалі эпосе, калі Пуцін ужо стаў прэзідэнтам краіны. Яны распавялі аб карупцыйнай схеме, атрымальнікам выгады ад якой, як мяркуецца, мог быць менавіта расейскі лідар. Гаворка ідзе аб рэзідэнцыі на мысе Ідакапас пад Геленджыком. Аўтары фільма цытуюць Пецярбуржкага прадпрымальніка Сяргея Калеснікава, які першым у 2010 годзе звярнуў увагу на будаўніцтва вялізнага палаца на беразе Чорнага мора, які будаваўся, на яго сцвярджэнні, спецыяльна для Пуціна.

ВІЯЛАНЧЭЛІСТ-МІЛЬЯРДЭР І СЯБАР ПУЦІНА СЯРГЕЙ РАЛДУГІН (КРАЙНІ ЗЛЕВА)

Калеснікаў распавёў, як ён, будучы акцыянерам кампаніі "Петрамед", якая пастаўляла медыцынскае абсталяванне ў Расею, быў вымушаны дзяліцца прыбыткам з нейкім "Міхаілам Іванавічам", за якім, як ён сцвярджае, хаваўся Пуцін. З ягоных слоў, у 2009 годзе назапашаныя "Петрамедам" некалькі сотняў мільёнаў еўраў, прызначаныя для інвестыцыйных праектаў у Расеі, на жаданне "Міхаіла Іванавіча" сышлі на будаўніцтва палаца пад Геленджыком.

Фармальна, зрэшты, ні Чарнаморскі комплекс аб'ектаў, ні рэзідэнцыя ў Фінскай затоцы з Уладзімірам Пуціным не звязаныя. Першы належыць нейкаму расейскаму прадпрымальніку, побач з другім стаіць указальнік, што ён належыць энэргетычнай кампаніі "Сібур".

Праўда, у публічных дакументах "Сібура", як выявілі ў ФБК, такі актыў не значыцца.

Затым аўтары фільма звярнуліся да аднаго з апошніх эпізодаў, які выклікае падазрэнні ў карупцыі: дзіўнаму багаццю сябра Пуціна, віяланчэліста Сяргея Ралдугіна. Дзякуючы публікацыі "Панамскія дасье" ў 2016 годзе, высветлілася, што ў выніку малавытлумачальных грашовых ратаў буйных расейскіх фірмаў і незвычайна выгадных угодаў на афшорных рахунках музыкі сабралася агулам не менш за 2 мільярды даляраў.

Важная частка фільма - аповед пра тое, з якім ціскам сутыкнуліся тыя, хто адважыўся вінаваціць вышэйшае расейскае кіраўніцтва ў карупцыі. Стваральнікі стужкі ў гэтай сувязі ўзгадалі пра лёсы памерлага ад атручвання ў Лондане былога афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі і памерлага ў расейскім СІЗА аўдытара Сяргея Магніцкага. Нарэшце, з пагрозамі на свой адрас, з іх уласных слоў, сутыкнуліся і самі аўтары фільма: іх нібыта спрабаваў запалохаць неназваны супрацоўнік ФСБ, а таксама яшчэ адзін неназваны "памочнік уплывовага буйнога прамыслоўца з сувязямі ў Крамлі".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках