30 красавiка 2024, aўторак, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Беларусі за $ 20 тысячаў набыць кватэру, якая каштуе ў два разы даражэй

21
Як у Беларусі за $ 20 тысячаў набыць кватэру, якая каштуе ў два разы даражэй

Гэта не цуд, а факт.

За дзесяць гадоў выплаты ў крэдыце ў Веры самі сабой зменшыліся ў сем разоў: былі $ 300, сталі – $ 43. Гэта не цуд, а факт: беларускі рубель увесь час падае ў адносінах да даляра, таму крэдыты ў нацыянальнай валюце таксама таннеюць адносна міжнародных валютаў. Журналісты «Белсата» падлічылі, што больш выгадна: здымаць жыллё або набыць у крэдыт? І не забыліся, што арэнда плаціцца ў далярах, а крэдыты – у рублях.

Калі ў Менску здымаць кватэру цягам дваццаці гадоў за $ 250 у месяц, то давядзецца аддаць арэндадаўцу $ 60 000. Можна набыць жыллё ў крэдыт – але ў гэтым выпадку трэба плаціць адсоткі банку.

«Максімальны памер крэдыту складае Br 57 000. Памер штомесячнага плацяжу – Br 910, у тым ліку ў асноўнай пазыцы – Br 258, у адсотках – Br 651», – кажа Аліна Данюк, праглядаючы сайт банка.

Аліна і Саша жывуць у здымнай кватэры. Мараць пра ўласную. Заходзяць на сайт банка. Як варыянт – крэдыт пад 13,7% гадавых. Улічваючы прыбытак сям'і, які складае Br 1300 за месяц, банк прапануе ім узяць грошы тэрмінам на 20 гадоў. Але Br 57 000 рублёў, каб набыць кватэру, не хопіць – трэба назапасіць яшчэ як мінімум $ 15 000. Ды і сума пераплаты за крэдыт на першы погляд – касмічная.

«Адсоткі за ўвесь тэрмін карыстання крэдытам – 84 000. У паўтара раза больш, чым сума крэдыту», – дадае Аліна Данюк.

Юліяне – 25. Самай разумнай пастановай у сваім жыцці дзяўчына мяркуе набыццё кватэры ў крэдыт. Яна ўпэўненая, што буйных лічбаў у выглядзе адсоткаў за карыстанне крэдытам баяцца не трэба. Ды і пытанне, як назбіраць суму, якая складае розніцу кошту жылля і крэдыту банку, на думку дзяўчыны, можна развязаць.

Юліяна з мужам узялі крэдыт на набыццё жылля ў рамках сістэмы будаўнічых ашчаджэнняў. Калі не апускацца ў падрабязнасці, то сэнс такі. Цягам пяці гадоў штомесяц кладзеш на свой рахунак Br 500. Калі падыходзіць тэрмін крэдытавання, банк глядзіць, колькі грошай вы назбіралі. Да прыкладу, калі Br 30 000 рублёў, то дасць табе яшчэ Br 90 000 на набыццё жылля. Тэрмін крэдыту – 20 гадоў, адсоткі – стаўка рэфінансавання плюс адзін пункт. Сёння гэта 10,5%.

«Калі памяншаецца стаўка рэфінансавання, наш крэдыт таксама памяншаецца – сума адсоткаў. Але не трэба забывацца пра такі факт, як інфляцыя. Грошы, якія мы ўзялі паўгода таму, праз пяць гадоў – гэта будзе ўжо зусім іншая сума ў даляравым эквіваленце, як мы ўсе любім пераводзіць», – кажа Юліяна Шульжэнка, якая набыла кватэру ў крэдыт.

Калі здарыцца, што стаўка рэфінансавання павысіцца, напрыклад, да 50%, то дзяўчыну гэта практычна не закране. Згодна з умовамі крэдыту, максімальная стаўка ў крэдыце ў выпадку росту ў Беларусі стаўкі рэфінансавання для яе будзе складаць 19% – гэта сярэдні лік, узяты за той перыяд, калі Юліяна назапашвала грошы ў банку.

«Давайце ўявім, што праз 10 гадоў даляр будзе каштаваць прынамсі ўдвая больш, гэта значыць – Br 4. У нас усё роўна застанецца Br 950 плаціць за крэдыт, а можа, яшчэ менш. Br 950 дзяліць на 4 – гэта будзе $ 237. Я не думаю, што праз 10 гадоў двухпакаёвую кватэру ў Менску можна будзе зняць за $ 237 даляраў», – кажа Юліяна.

Дарэчы, перш чым набыць двухпакаёвую кватэру коштам большым за $ 60 000 з добрым рамонтам і недалёка ад метро, Юліяна з мужам палічылі, колькі давядзецца аддаваць за такое жыллё, калі яго здымаць. Арэндадаўцы хочуць $ 450. Амаль столькі складае штомесячная выплата крэдыту.

Мы прааналізавалі курсы валютаў за апошнія 9 гадоў і выплаты за жыллёвыя крэдыты за гэты перыяд. Для прыкладу ўзялі чалавека, які ў 2010 годзе атрымаў крэдыт у банку на 20 гадоў памерам Br 114 360 000, што ў эквіваленце складала $ 40 000. На той момант штомесячны плацёж складаў 860.000 недэнамінаваных рублёў – 9 гадоў таму гэта было $ 300.

Ужо праз два гады, у 2012, Br 860 000 сталі роўнымі прыкладна $ 100. У 2014-м – $ 90. Сёння 860 000 рублёў 2010 г. ператварыліся ў 86 рублёў, або ў $ 42.

«Сёння мая пазыка складае $ 2500. У выніку – у мяне ёсць аднапакаёвая кватэра», – кажа Вера Жытковіч, якая за 10 гадоў амаль разлічылася з банкам за крэдыт.

Атрымліваецца, што за 9 гадоў Вера амаль выплаціла крэдыт, які брала на 20 гадоў і які складаў у 2010 годзе $ 40 000. За гэты час дзякуючы нестабільнай беларускай эканоміцы першапачатковая сума крэдыту разам з адсоткамі ў даляравым эквіваленце паменшылася ўдвая. І гэта безумоўна выгодней, чым жыць у арэндаваным жыллё. Бо арэндадаўцы, у адрозненне ад банкаў, просяць разлічвацца з імі не рублямі, а далярамі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках