2 траўня 2024, Чацвер, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кангрэсе ЗША прагаласавалі за «Акт у падтрымку Грузіі»

3
У Кангрэсе ЗША прагаласавалі за «Акт у падтрымку Грузіі»

Кангрэсмэны выказалі падтрымку еўраатлантычнай і еўрапейскай інтэграцыі Грузіі.

Злучаныя Штаты з'яўляюцца найбліжэйшым стратэгічным хаўруснікам Грузіі. Так адрэагаваў прэм'ер-міністр Грузіі Георгій Гахарыя на зацвярджэнне Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША «Акту падтрымкі Грузіі», паведамляе «Голас Амерыкі».

Гахарыя ад імя грузінскага народа падзякаваў амерыканскім заканадаўцам, адзначыўшы, што гэты дзвюхпартыйны дакумент з'яўляецца «першым незалежным законам у сувязі з Грузіяй, дзякуючы якому наша партнёрства выходзіць на новую прыступку».

«Акт у падтрымку Грузіі значна ўмацоўвае стасункі паміж ЗША і Грузіяй у галіне абароны, эканомікі і кібербяспекі. Больш цеснае супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі дапаможа стварыць больш працоўных месцаў у Грузіі, стварыць больш моцны сярэдні клас і захаваць устойлівую бяспеку», - напісаў Гахарыя ў Твітэры.

Кіраўнік грузінскага МЗС Давід Залкаліяні ў сваю чаргу назваў беспрэцэдэнтным прыняты напярэдадні Кангрэсам дакумент, які, са слоў міністра, вызначае асноўныя кірункі стратэгічнага партнёрства дзвюх краін.

У інтэрв'ю для СМІ 23 кастрычніка Залкаліяні падкрэсліў: улічваючы тое, што на палітычным парадку дня Злучаных Штатаў на гэтым этапе «вельмі шмат сур'ёзных пытанняў», гэты факт «пацвярджае, наколькі важна для ЗША стратэгічнае партнёрства з Грузіяй, а таксама і тое, што Грузія займае прыярытэтную пазіцыю на палітычным парадку дня Злучаных Штатаў».

Нагадаем, што Палата прадстаўнікоў Кангрэса 22 кастрычніка аднагалосна зацвердзіла дзвюхпартыйны «Акт падтрымкі Грузіі». Дакумент прадставілі сустаршыні групы сяброў Грузіі кангрэсмэн-рэспубліканец Адам Кінзінгер (Adam Kinzinger) ад штата Ілінойс, і кангрэсмэн-дэмакрат Джэральд Коналі (Gerald Connolly) ад штата Вірджынія. Цяпер дакумент павінен быць зацверджаны Сенатам, пасля чаго ён будзе накіраваны прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. «Акт у падтрымку Грузіі» набудзе дзеянне закона пасля падпісання яго прэзідэнтам.

Галоўныя палажэнні

«Акт у падтрымку Грузіі» даручае дзяржсакратару ЗША распрацаваць і прадставіць пяцігадовую стратэгію супрацоўніцтва з Грузіяй у сферы абароны, бяспекі і ўмацавання абараназдольнасці.

Згодна з законапраектам, на падставе кансультацый з Грузіяй Злучаныя Штаты павінны праводзіць палітыку ў мэтах павышэння здольнасці Грузіі да супраціву і самаабароны і, каб пазбегнуць пагроз, у тым ліку шляхам адпаведнай дапамогі для паляпшэння магчымасцяў Узброеных Сіл Грузіі. Законапраект абавязвае дзяржсакратара ЗША распрацаваць і прадставіць Кангрэсу стратэгію ў гэтых кірунках на наступныя пяць гадоў.

«Акт у падтрымку Грузіі» мае на ўвазе наданне дапамогі для ўзмацнення магчымасцяў Грузіі ў барацьбе з расейскай дэзінфармацыяй і прапагандай, і абавязвае гандлёвага прадстаўніка ЗША прыступіць да перамоваў для афармлення пагаднення аб свабодным гандлі з Грузіяй.

У дакуменце падкрэсленая цвёрдая падтрымка ЗША суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі, асуджаецца расейская акупацыя грузінскіх тэрыторый, факты затрыманняў, выкраданняў, а таксама забойстваў грамадзян, якія адбываюцца там, і гаворыцца пра неабходнасць увядзення санкцый – напрыклад, забароны на ўезд у ЗША і абмежаванні фінансавай дзейнасці ў дачыненні да асоб, якія нясуць адказнасць за парушэнні правоў чалавека на тэрыторыях акупаванай Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну.

«Акт у падтрымку Грузіі» заклікае да мірнага развязання канфлікту, што таксама мае на ўвазе выкананне Расеяй усіх абавязацельстваў, якія яна ўзяла на сябе, падпісаўшы пагадненне аб спыненні агню ад 12 жніўня 2008 года. Напрыклад, гаворка ідзе аб допуску міжнародных назіральнікаў у Абхазію і Цхінвальскі рэгіён, а таксама аб «бяспечным і годным» вяртанні выгнаных са сваіх дамоў грузінскіх ВПА (вымушана перамешчаных асоб) і бежанцаў.

Кангрэсмэны выказваюць падтрымку еўраатлантычнай і еўрапейскай інтэграцыі Грузіі, а таксама развіццю дэмакратычных каштоўнасцяў у Грузіі, што ў тым ліку мае на ўвазе свабодныя і справядлівыя выбары, празрыстасць і падсправаздачнасць публічнага сектара, вяршэнства закона і намаганні ў барацьбе з карупцыяй.

Ацэнкі апазіцыі

У грузінскай апазіцыі віталі прыняцце дзвюхпартыйнага «Акту ў падтрымку Грузіі» Палатай прадстаўнікоў Кангрэса. У «Еўрапейскай Грузіі» адзначылі, што маючы «вельмі моцнага праціўніка» ў асобе Расеі, абарона тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Грузіі непасрэдна звязаная з узроўнем падтрымкі з боку краін-партнёраў. Дэпутат ад гэтай партыі Ато Кахідзэ адзначыў у інтэрв'ю СМІ, што дакумент двухпартыйны, г. зн., паводле ягоных слоў, гэта азначае, што Грузія мае падтрымку не толькі з боку цяперашняй адміністрацыі, але і «з боку ўсяго палітычнага класа» ЗША.

«Гэта азначае, што падтрымка Грузіі Злучанымі Штатамі будзе ўстойлівай. Мы павінны цвёрдымі крокамі прасоўвацца на шляху заходняй інтэграцыі і максімальна ўмацоўваць супрацоўніцтва з ЗША. Я б пажадаў, каб наша кіраўніцтва выяўляла больш актыўнасці ў гэтым кірунку, і сувязі з нашымі стратэгічнымі партнёрамі яшчэ больш паглыбляліся», - сказаў у сваім каментары грузінскі палітык.

Адначасова ў партыі экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» (АНР) заявілі, што дзвюхпартыйны законапраект, прыняты Палатай прадстаўнікоў, разам з падтрымкай ЗША таксама змяшчае абавязацельствы, якія ў сваю чаргу павінна выканаць Грузія.

«У дакуменце непасрэдна гаворыцца, што падтрымка Злучаных Штатаў не з'яўляецца безумоўнай, што краіна павінна больш працаваць для ўмацавання дэмакратыі, асабліва ў кірунку справядлівых выбараў, а таксама справядлівага правасуддзя. З аднаго боку, гэты законапраект - гэта карысць і падтрымка, але з іншага боку - гэта і абавязацельства для Грузіі выканаць тыя ўмовы, якія забяспечаць падтрымку Злучаных Штатаў», – заявіў дэпутат ад «АНР» Раман Гацырыдзэ.

Апазіцыянер таксама адзначыў, што такія дакументы як «Акт у падтрымку Грузіі» з'яўляюцца наўпроставым сігналам для Расеі наконт каральнасці міжнароднай супольнасцю акупацыі, выкраданняў і забойстваў людзей, якія адбываюцца на акупаваных тэрыторыях ледзь не штодня.

Нагадаем, што ў выніку расейска-грузінскай вайны, Расея ў 2008 годзе прызнала незалежнасць двух грузінскіх рэгіёнаў – Абхазіі і Паўднёвай Асеціі – і перакінула дадатковыя войскі і ўзбраенні на свае вайсковыя базы на гэтых тэрыторыях. Усе дзяржавы свету - за выключэннем Венесуэлы, Нікарагуа, Науру і Сірыі – прызнаюць гэтыя рэгіёны тэрыторыяй Грузіі, акупаванай Расеяй.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках