28 красавiка 2024, Нядзеля, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Kurier: Аўстрыйская партыя свабоды ў расейскай пастцы

Kurier: Аўстрыйская партыя свабоды ў расейскай пастцы

Аўстрыйская партыя свабоды хоча скасаваць дамову аб супрацоўніцтве з «Адзінай Расеяй».

«Аўстрыйская партыя свабоды (АПС, FPÖ) зноў хоча правіць - прынамсі, крыло лідара партыі Нарберта Хофера і кіраўніка верхнеаўстрыйскага аддзялення партыі Манфрэда Хаймбухнера, - піша выданне Kurier (пераклад - inopressa.ru). - Хофер (...) абвясціў, што мае намер усё ж атрымаць ад праўлення АПС даручэнне на правядзенне перамоў аб стварэнні ўрада, у выпадку калі перамовы паміж Аўстрыйскай народнай партыяй (АНП, ÖVP) і «зялёнымі» зазнаюць няўдачу».

Але спачатку Хоферу трэба навесці парадак ва ўласнай партыі - і тут ролю можа выканаць пытанне новых стасункаў з Расеяй, адзначае журналістка Даніэла Кітнер.

«У інтэрв'ю нядзельнаму выданню Kurier Хаймбухнер падняў пытанне аб тым, што АПС варта скасаваць сваю дамову аб супрацоўніцтве з партыяй Пуціна «Адзіная Расея». (...) «Я выступаю за палітыку, якая, у першую чаргу, прадстаўляе інтарэсы Аўстрыі. Гэта значыць, што мы супраць санкцый у дачыненні да Расеі, але дамова аб супрацоўніцтве з расейскай партыяй - не ў інтарэсах Аўстрыі», - заявіў ён. На яго думку, нельга ператвараць расейскую палітыку ў мясцовую ўнутраную палітыку», - паведамляе выданне.

«Хаймбухнер закрануў тэму, якая ўяўляла сабой сур'ёзную праблему падчас праўлення АНП і АПС: надзейнасць Аўстрыі як праеўрапейскай краіны і заходняга партнёра. (...) Ператрусы ў Федэральным ведамстве абароны канстытуцыі і барацьбы з тэрарызмам пры Херберт Кікле і звязаная з імі канфіскацыя сакрэтных дакументаў, ганебныя рэверансы Карын Кнайсль перад Уладзімірам Пуціным і відавочная блізкасць АПС да Расеі прывялі да таго, што Аўстрыя трансфармавалася ў пагрозу бяспекі і была адрэзаная ад сваіх партнёраў у спецслужбах».

«У некаторых колах АПС нават ходзяць пагалоскі пра сувязь матываў пасткі, у якую трапіў Хайнц-Крысціян Штрахе на Ібіцы, з яго блізкасцю да Расеі. (...) Кажуць, што ў 2017 годзе заходнія спецслужбы нібыта падбудавалі пастку для Штрахе на Ібіцы, каб выведаць у яго, якімі шляхамі расейскія грошы паступаюць варожа настроеным да ЕЗ правапапулісцкім партыям у Еўропе. Першапачаткова нібыта не планавалася публікаваць відэа, але калі АПС прыйшла ва ўрад і зрабіла там небяспечную ўцечку інфармацыі, было прынятая пастанова дыскрэдытаваць АПС як кіруючую партыю, падкінуўшы нямецкім СМІ рэзанансныя пасажы з фантазій Штрахе пра ўладу», - піша выданне.

«Цалкам адпрэчваць такі тэзіс нельга. Экс-прэзідэнт Федэральнай разведвальнай службы Нямеччыны Аўгуст Ханінг заявіў на тэлеканале n-tv 20 траўня, праз два дні пасля публікацыі відэа, што відэа са Штрахе было вырабленае спецслужбай».

Пошук расейскіх прапагандысцкіх грошай быў бы як мінімум праўдападобным матывам, адзначае выданне. «Падыходнай была б і палітычная падаплёка: у чэрвені 2016 года брытанцы нечакана прагаласавалі за «Брэкзіт», што ўзрушыла асновы Еўропы. Ведамствы меркавалі, што гаворка ішла пра расейскі ўплыў на шкоду ЕЗ. (...) Толькі некалькі дзён таму праеўрапейскія партыі (Еўрапейская народная партыя, партыя еўрапейскіх сацыялістаў, лібералы і «зялёныя») вынеслі на галасаванне ў Еўрапарламенце рэзалюцыю, якая заклікае Еўракамісію ўзмацніць меры супраць варожай ў дачыненні да ЕЗ прапаганды з-за мяжы. Даслоўна ў ёй гаворыцца пра «глыбокую турботу з нагоды вельмі небяспечнай прыроды расейскай прапаганды». 469 парламентарыяў прагаласавалі за рэзалюцыю, 143 - супраць. Сярод іх: актыўны прыхільнік «Брэкзіта» Найджэл Фарадж - і Харальд Вілімскі (генеральны сакратар АПС - Заўвага. рэд.)».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках