26 красавiка 2024, Пятніца, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі святар разгарнуў у Італіі кампанію супраць Салаўёва

15
Расейскі святар разгарнуў у Італіі кампанію супраць Салаўёва
УЛАДЗІМІР САЛАЎЁЎ

Ён называе прапагандыста «расейскім Гебельсам».

«Открытые медиа» даведаліся, хто і чаму просіць не даваць італійскае грамадзянства расейскаму журналісту.

На сайце Change.org з'явілася петыцыя, звернутая да муніцыпалітэта італійскай правінцыі Кома і палітыкам гэтай краіны, аўтар якой заклікае не даваць італійскае грамадзянства расійскаму тэлевядоўцу Уладзіміру Салаўёву, які валодае нерухомасцю ў гэтай краіне. Аўтар складзенага на італійскай мове звароту называе Салаўёва «расейскім Гебельсам».

«Открытые медиа» даведаліся, што аўтар петыцыі - святар, эмігрант з Расеі айцец Сергій. Улетку 2019 года ён прыязджаў у Маскву, удзельнічаў у акцыях пратэсту і дапамагаў Уладзіміру Мілаву - аднаму з незарэгістраваных кандыдатаў у Масгардуму збіраць подпісы ў падтрымку вылучэння. Таксама святар вядзе апазіцыйны расейскамоўны канал на YouTube пад назвай «Клірык».

На думку айца Сергія, Салаўёў разлічвае атрымаць італійскі пашпарт. «Мы заклікаем італійскі народ адрэагаваць на той факт, што адзін з самых ненавісных герояў пуцінскага рэжыму мае намер атрымаць італійскае грамадзянства», - гаворыцца ў тэксце петыцыі.

Акрамя таго, аўтар петыцыі просіць унесці імя Уладзіміра Салаўёва ў «спіс Магніцкага» і забараніць тэлевядоўцу ўезд у краіны Еўропы і ў ЗША.

Святар абвінавачвае тэлевядоўцу Салаўёва, што той «прымусіў многіх маладзёнаў да ўступлення ў шэрагі прыватных вайсковых падраздзяленняў і весці братазабойчую вайну ў такіх краінах, як Украіна і Сірыя». У петыцыі сказана, што заявы тэлевядоўцы, які працуе на дзяржканале на грошы падаткаплатнікаў, «поўныя ксенафобіі і экстрэмізму і застаюцца беспакаранымі праз ягоную блізкасць да дыктатарскага рэжыму Пуціна».

Айцец Сергій упэўнены, што петыцыя можа мець грамадскі рэзананс у Італіі і тады мясцовыя ўлады павінны будуць адрэагаваць на яе.

«Улады Італіі разнамасныя, але кантроль трымае ўсё ж народ, і ўлада пабойваецца рэзанансу, ідзе на саступкі і даражыць рэпутацыяй», - распавёў святар «Открытым медиам». Ён мяркуе, што для рэакцыі італійскага ўрада трэба сабраць амаль 100 тысяч подпісаў. На момант напісання артыкула, за тры дні існавання петыцыі яе падпісалі больш за 10 тысяч чалавек.

«Італійскае грамадства даволі пасіянарнае. Асабліва, калі чуюць пэўныя трыгеры: замах на дэмакратычныя каштоўнасці, прапаганда варожасці і хлусня ў дачыненні да краінаў Захаду - усё тое, што акурат і пераважае ў рыторыцы Салаўёва», - распавёў нам святар.

Ён паведаміў, што перакладае знаёмым італійцам фрагменты выступаў Салаўёва. «Яны былі ў жаху, калі я пераклаў ім некалькі яскравых момантаў з ягоных опусаў, паказаў ролікі», - апісвае святар рэакцыю італійцаў.

Сябры айца Сергія ў Італіі актыўна ўзяліся за гэтую тэму, аднак якія супольныя з італійцамі крокі ён будзе здзяйсняць далей, святар казаць адмовіўся.

Святар стварыў петыцыю, прысвечаную Уладзіміру Салаўёву, і на расейскай мове, але іншага зместу. Яна звернутая да Раскамнагляду, Следчага камітэту і дырэктара УДТРК. У ёй ён патрабуе забараніць тэлевядоўцу весці палітычныя ток-шоў і радыёэфіры на той падставе, што Салаўёў агучвае палітычна ангажаваную інфармацыю, сее ў грамадстве «дух варожасці», а таксама выкарыстоўвае ў прамовах абразы і лаянку.

Другую петыцыю падпісалі менш за тысячу чалавек. «Гэта азначае тое, што расейцы не спадзяюцца на справядлівае разбіральніцтва ў сваёй краіне», - мяркуе яе аўтар.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках