26 красавiка 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Да Лукашэнкі назбіралася занадта шмат пытанняў

66
Генадзь Фядыніч: Да Лукашэнкі назбіралася занадта шмат пытанняў
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: ПЦ «Вясна»

Дзе льготы, Саша?

Беларусаў усё больш хвалюе сітуацыя, звязаная з дасягненнем перадпенсійнага ўзросту.

Грамадзяне краіны, якія дасягнулі 50 гадоў, адчуваюць сябе ў зоне «асаблівай рызыкі»: знайсці новую працу ў гэтым узросце ў Беларусі практычна немагчыма, а да пенсіі праз павышэнне Лукашэнкам пенсійнага ўзросту яшчэ далёка.

Акрамя таго, на пенсіі людзі таксама не адчуваюць сябе камфортна: мінімальны страхавы стаж быў павялічаны адначасова з іншымі «рэформамі» ад уладаў, чаму многія апынуліся перад фактам атрымання мізэрнай сацыяльнай пенсіі. З улікам таго, што асноўныя льготы ў малазабяспечаных слаёў насельніцтва былі адабраныя за час кіравання Лукашэнкі, большасць беларусаў разглядае выхад на пенсію як «прысуд».

Як склалася такая сітуацыя, што замест заслужанага адпачынку беларусы атрымліваюць за свой працоўны стаж «ката ў мяшку»? На пытанні Charter97.org адказвае лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

– Дэмаграфічна 45–60-гадовыя людзі – значная частка нашага грамадства. Як Вы ацэньваеце становішча сярэднестатыстычнага беларуса ў гэты перыяд жыцця?

– Па-першае, у Беларусі ніхто не скасоўваў кантракты – яны ўключаныя ў Працоўны кодэкс. Хоць у многіх працоўных дамовах і ёсць запіс, што за два гады да пенсіі чалавека не звальняюць – гэта мала што ў сутнасці дае. Сёння тых людзей, каму да пенсійнага ўзросту застаецца два гады і менш проста звальняюць з працы праз скарачэнне і нічога не выплачваюць.

Сітуацыя залежыць ад таго, што сёння маюць беларусы ў сваім кашальку. З улікам таго, што кошты растуць на ўсё, заробак у людзей «расце» зусім па-іншаму. Таму што калі дакранацца сферы прамысловасці, то яна там практычна спынілася. Прамысловасць прынесла ў наш ВУП усяго толькі 2,5% – гэта амаль нічога.

Таму я мяркую, што для людзей узрост 45–60 гадоў – гэта ўзрост нявызначанасці і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

– У Эстоніі людзей ад 40 гадоў і старэйшых прынята называць «пакаленнем пераможцаў». Іхнія прыбыткі – самыя высокі ў краіне. Чаму ў Беларусі пасля 40 людзі страчваюць упэўненасць у заўтрашнім дні?

– Усё залежыць ад таго, як развіваецца эканоміка той ці краіны. Як ні крычалі б нашы афіцыйныя ўлады і СМІ, сёння найбольшы валавы ўнутраны прадукт даюць «айцішнiкi» – больш за 20%. Практычна ад усіх «вялікіх» заводаў засталася толькі адна назва.

І дэмаграфічная сітуацыя заключаецца ў тым, што, як было пралічана, існуе праблема нястачы грошай для насельніцтва. Але хто замінаў за гэтыя 25 гадоў увесці ашчаджальную пенсійную сістэму? Мадэль была вядомая, і ніхто не перашкаджаў.

Калі ў іншых краінах людзі са стажам працы сапраўды зарабляюць – а не «атрымліваюць» – сваёй працай і кваліфікацыяй, то ў нас такога не скажаш. Таму што на большасці прадпрыемстваў машынабудаўнічага профілю працуюць пенсіянеры. Бо моладзь туды не ідзе – няма матывацыі да працы. І самае галоўнае: мадэль эканомікі, якая была прапанаваная 25 гадоў таму, паказала сваю няздатнасць у дачыненні да чалавека працы.

Вынік жа такі: у рэгіёнах беларусы зарабляюць 300–400 рублёў, і многім гэта «нармальна» – настолькі людзей прызвычаілі да такога ўзроўню жыцця. І самае важнае – прызвычаілі «атрымліваць», але не зарабляць.

У Беларусі павінны быць створаныя такія ўмовы, каб чалавек мог зарабіць сваёй працай хоць бы 600–700 даляраў. І гэта – самы базавы мінімум, які павінен атрымліваць чалавек, які працуе ў нашай краіне.

– Што прапанавалі б зрабіць, каб гарантаваць права і сацыяльную абарону для людзей перадпенсійнага ўзросту?

– Па-першае, трэба змяніць велічыню страхавога стажу і вярнуць яго на ранейшыя пазіцыі – занадта шмат людзей трапіла ў страхавую пастку. Калі не да 10, то хаця б да 15 гадоў.

Другое: увесці ў страхавы стаж тэрміновую службу ў войску і першае навучанне на дзённым аддзяленні. Калі сёння ваенныя афіцэры не плацяць сацстрах і ім служба ў стаж ідзе, то чаму гэты стаж не ідзе вайскоўцам тэрміновай службы – яны ж таксама сацстрах не плацяць? Хіба яны па-рознаму радзіму абараняюць?

І я наклаў бы табу на павышэнне пенсійнага ўзросту. Вось дасягнулі мы адзнакі 61 год выхаду на пенсію для мужчынаў і 56 – для жанчынаў – усё, баста! З той прычыны, што ў нас няма такой сярэдняй «чаканай» даўжыні жыцця. Паглядзіце, колькі людзей, якія не дажылі да пенсіі, ляжаць на могілках!

Таму тут уладам трэба папрасіць прабачэння перад народам, пакінуць цяперашні пенсійны ўзрост і пачаць думаць пра тое, як сёння падняць эканоміку. Не можаце яе падняць? Тады не абувайце людзей у лапці! Людзі ў гэтае жыццё прыйшлі не выжываць, а жыць!

Натуральна, трэба распрацоўваць і ўводзіць ашчаджальную пенсійную сістэму. Хай яна нават будзе не для гэтага пакалення, хай для наступнага.

І трэцяе – трэба зрабіць прыватызацыю, раздзяржаўленне ўласнасці. Яна сёння не кіруецца дзяржавай, сёння наймальнік – дзяржава. Трэба, каб прыйшоў малы і сярэдні бізнэс. Бо прасцей дамаўляцца з рэальным наймальнікам, чым з «наймальнікам» у асобе дзяржавы. У такім выпадку рынак будзе працаваць, будзе запатрабаваная працоўная сіла і будзе годны заробак.

І апошняе: павінны быць выразныя гарантыі дзяржавы для інвестараў. Павінны прыйсці інвестыцыі, новыя тэхналогіі і новыя працоўныя месцы. Не будзе гарантый – ніхто сюды не прыйдзе!

– Часам складваецца ўражанне, што ўлады пачалі «крыжовы паход» супраць пенсіянераў: спачатку Лукашэнка скасаваў ім ільготы, потым павысіў пенсійны ўзрост і мінімальны страхавы стаж. Да чаго можа ў выніку прывесці такая «палітыка»?

– Калі глядзіш на сітуацыю знутры – людзей у транспарце, у чэргах у краме, у паліклініках – пенсіянеры, нарэшце, перасталі маўчаць. Таму што сёння выжываць на пенсію 300–400 рублёў, маючы ўнукаў, якім таксама нешта хочацца набыць, ды і на лекі сабе – ужо ўзрост, – недапушчальна.

А колькасць пенсіянераў будзе расці з кожным годам, таму ўсё больш будзе вострым пытанне, як іх утрымліваць. Людзям трэба проста дакладна зразумець, што і пенсіянерам – не толькі працоўным – трэба змагацца за свае правы. Хіба вы ўсё сваё жыццё паадавалі вытворчасцям, у бюджэт уносілі масу грошай за тое, каб вам дзяржава 400 рублёў паклала на рахунак?

Я мяркую, што нашы людзі – працаздольныя. Яны – прадпрымальныя, разумныя, толькі стварыце ім умовы. Не можаце даць, значыць, трэба ствараць дадатковыя працоўныя месцы. Калі пенсіянер сёння не можа элементарна пражыць, то як можна павышаць пенсію на 5% і для тых, хто атрымлівае 1000 рублёў і для тых, хто 300 рублёў? Калі падымаць, то ў абсалютнай велічыні – напрыклад, усім на 20 рублёў.

Больш за тое, трэба перагледзець пенсіі чыноўнікаў, дэпутатам увогуле скасаваць гэтыя незаслужаныя пенсіі, якія перавышаюць 1000 рублёў. Пенсія павінна быць паводле апошняга месца працы. Калі сёння людзям складана, то павінна быць складана і чыноўнікам. Не можа быць так, што людзі пакутуюць, а чыноўнікі жыруюць – гэта абсурд!

– Акрамя пенсіянераў, ільготы пры Лукашэнку страцілі яшчэ многія катэгорыі насельніцтва. Хто, на Вашу думку, пацярпеў больш за ўсё ад сацыяльнай палітыкі ўладаў? Якія з катэгорый насельніцтва, падманутых уладай, больш за ўсё маюць патрэбу ў абароне?

– У першую чаргу я назваў бы людзей, якія даглядалі за інвалідамі 1-й групы, атрымліваючы заробак праз сабесы. Калі яны ўладкоўваліся на гэтую працу, ім быў гарантаваны працоўны стаж – тады пра страхавы стаж ніхто не думаў. Гэтыя людзі 8–10 гадоў даглядалі хворых, і гэта не ішло ў страхавы стаж. Дзяржава кінула сваіх працаўнікоў – як такое можа быць? Гэта такая цяжкая праца, а дзяржава проста... Гэта вельмі сур'ёзная сітуацыя!

Таксама «кінутыя» апынуліся людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю, маюць двое-трое дзяцей. Уявіце сабе – пяць гадоў адукацыі, потым яшчэ шэсць гадоў – 11 гадоў не ўвайшло ў стаж! Чаму, напрыклад, ва Украіне і ў Расеі ўваходзіць?

Таму калі не даяце льготы, то дайце пенсію і дайце заробак, каб зарабіць і атрымаць гэтую пенсію. А вы і льготы не даяце, і зарабіць людзям не даяце! Тое датычыцца і студэнтаў: якая ў іх там стыпендыя – кот наплакаў! Тым больш, што многія здымаюць кватэры.

Пенсіянерам, студэнтам і навучэнцам трэба даць круглагодныя льготы на праезд у грамадскім транспарце! Больш за тое – калі пенсія сёння меншая, чым мінімальны спажывецкі бюджэт – павінна быць сістэма індэксацыі, змяншэння кошту камунальных паслуг. Калі падвышаеце пенсію да мінімальнага спажывецкага бюджэту – сёння гэта 467 рублёў – тады трэба плаціць камуналку, як усе. Не можаце? Значыць, павінны быць зніжкі гэтым людзям!

Людзі не могуць, атрымліваючы пенсію 300 рублёў аплачваць камуналку 120 рублёў. Гэта здзек з людзей з боку дзяржавы. Таму ў абавязковым парадку павінна быць прадуманая, узгодненая з прадстаўнікамі грамадскасці, празрыстая праграма кампенсацыі тым людзям, якія не атрымліваюць гэтыя 467 рублёў.

Вяртаючыся да «дэкрэтніцаў», якім таксама не залічваюць страхавы стаж – яны ж нічога, акрамя дапамогі за догляд за дзецьмі не атрымліваюць! Яны ж атрымліваюць толькі дапамогу для дзіцяці! А самі на сябе нічога не атрымліваюць. Гэта таксама трэба падумаць – а як жа жыць гэтым мамам? Добра яшчэ, калі муж добра зарабляе – а калі не?

Пытанняў да «сацыяльна-арыентаванай» дзяржавы назбіралася занадта шмат. І так проста, адным росчыркам пяра, іх не развяжаш. Але ёсць шэраг законаў, указаў, дэкрэтаў, якія не каштуюць грошай – іх трэба прыбраць адным росчыркам пяра!

І я скажу, што гэта будзе збольшага справядліва, а над астатнімі трэба вельмі сур'ёзна думаць – і не ў кабінетах Мінпрацы і Савета міністраў. Трэба гэта праводзіць у рэгіёнах – публічно, адкрыта – і выпрацоўваць зразумелую і празрыстую для грамадзянскай супольнасці сістэму.

– Калісьці кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін задаў Лукашэнку пытанне: «Дзе грошы, Саша?» Наколькі актуальнае пытанне: «Дзе льготы, Саша?» Ці будзе прафзвяз РЭП падымаць яго на нацыянальным і міжнародным узроўні?

– У цяперашні момант прафзвяз РЭП супольна з іншымі прафзвязамі распрацоўвае цэлы шэраг патрабаванняў ураду, Лукашэнку і новай «палатцы». Я думаю, што гэтыя патрабаванні будуць публічнымі і пытанні будуць тычыцца не толькі льготаў – у агульнай колькасці будзе прыкладна 30 усёабдымных пунктаў. Мы спадзяемся, што гэта будуць не толькі прафзвязныя, а народныя, агульнаграмадзянскія патрабаванні.

– Сусветны банк нядаўна падкрэсліў неабходнасць умацавання сістэмы сацыяльнай абароны ў дачыненні да найбольш уразлівых групаў насельніцтва ў Беларусі. Асабліва гэта актуальна ў сітуацыі «падатковага манеўру» і скарачэння нафтагазавых прэферэнцый з РФ. Як Вы думаеце – ці прыслухаюцца ўлады да гэтых рэкамендацый? Ці наадварот – будуць развязваць свае фінансавыя праблемы за кошт маламаёмных?

– У міжнародных валютных фондаў свой пункт гледжання, і калі рабіць усё тыя рэчы, што яны прапануюць, гэтая эканоміка можа заўтра проста не вытрымаць. Але да любых прапановаў трэба ставіцца ўзважана, перш чым прытрымлівацца ім.

Калі МВФ, да прыкладу, прапануе павялічыць пенсійны ўзрост, то хай для пачатку паглядзяць, колькі ў нас у Беларусі жывуць людзі. Калі сярэдняя даўжыня жыцця мужчынаў будзе 70 гадоў, а жанчынаў – 85, тады можна будзе і павялічыць пенсійны ўзрост. Але трэба спачатку дасягнуць гэтай якасці ўзроўню жыцця, дабрабыту людзей, а потым ужо думаць пра павышэнне ўзросту.

Што тычыцца «падатковага манеўру» – гэта якраз той кароткі ланцужок, за які Расея ўвесь час тузае. І ў «саюзнай дзяржаве» такія рэчы – проста недазваляльная раскоша. Тут і гаворкі няма пра нейкае ўзаемаразуменне і размову на роўных. Хто мацнейшы – той ставіць свае ўмовы.

І бяда ў тым, што на сёння эканоміка Беларусі арыентаваная ў асноўным на Расею. Я паважаю расейскі народ, але эканоміка павінна быць сканцэнтраваная не на адной дзяржаве, а на як мага большай колькасці кірункаў – для таго, каб быць устойлівай. Па-мойму, гэта аксіёма.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках