Рэкорд: кліп беларусаў прабіў планку 100 мільёнаў праглядаў на YouTube
4- 13.01.2019, 14:52
- 26,678
Раней такога не ўдавалася нікому з беларускіх выканаўцаў.
Сёння кліп гурта IOWA на трэк «Б'е біт» пераадолеў мяжу 100 мільёнаў праглядаў на YouTube. Відэа загружанае 7 кастрычніка 2015 года і задумвалася аўтарамі як троххвілінны мюзікл. Гэта першы музычны кліп выканаўцаў родам з Беларусі, які сабраў такую колькасць праглядаў, паведамляе tut.by.
Як піша гурт, сюжэт кліпа - гэта гісторыя сучаснай Танечкі з верша Агніі Барто, якой музыка дапамагае пераадолець усе жыццёвыя цяжкасці і знайсці новых сяброў.
Здымкі роліка доўжыліся больш за дзень, а да гэтага гурт зладзіў маштабны кастынг, на якім і адабраў танцораў для здымак.
На канале iowamusicband таксама ёсць невялікі бэкстэйдж са здымак. Музыкі прызналіся, што гэта іх першы кліп, у якім ёсць галоўны герой - і гэта не хто-небудзь з удзельнікаў калектыву.
На сёння гэта першы музычны кліп выканаўцаў родам з Беларусі, які сабраў такую колькасць праглядаў. Бліжэй за ўсё да лічбы 100 мільёнаў праглядаў пасля IOWA знаходзіцца Макс Корж з кліпам «Малы пасталеў»: у відэа 69 мільёнаў праглядаў.
IOWA - беларуска-расейскі індзі-поп гурт, створаны ў Магілёве ў 2008 годзе. У 2010 годзе ўдзельнікі калектыву пераехалі ў Санкт-Пецярбург, дзе жывуць і працуюць па гэты дзень. Назва гурта адбылася праз даўнюю мянушку салісткі гурта Каці Іванчыкавай (Iowa - яе ўлюбёны альбом гурта Slipknot). Дарэчы, у 2016 годзе Каця давала нам інтэрв'ю і распавядала, што дагэтуль (прынамсі, да таго часу) прапісаная на малой радзіме - у Чавусах.