26 красавiка 2024, Пятніца, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З беларускіх банкаў знікне $1 мільярд?

13
З беларускіх банкаў знікне $1 мільярд?
ФОТА: REUTERS

Беларусы трымаюць гэтыя грошы пад рукой.

У Нацбанку хваляцца, як ахвотна насельніцтва пераносіць ашчадак на безадклікальныя дэпазіты. Але ў краіне ёсць і іншыя тэндэнцыі, далёка не такія пазітыўныя, піша сайт Banki24.

Паводле звестак рэгулятара, у верасні 2018 года дзель безадклікальных дэпазітаў у банках дасягнула 82%. З гэтых укладаў 65% былі доўгатэрміновымі, то бок, дэпазіты адкрываліся на тэрмін, большы за 1 год.

Такім чынам, увосень удзельная вага доўгіх безадклікальных укладаў перавысіла 50% ад сумы грашовых сродкаў насельніцтва ў банках. Для банкаўскай сістэмы гэта добра, бо дае магчымасць выдаваць крэдыты на больш доўгія тэрміны і не турбавацца, што фундатары забяруць усе грошы падчас крызісу.

Аднак ёсць і адваротны бок медаля. Ён звязаны з пампаваннем даходаў насельніцтва. Калі за 9 месяцаў 2018 года прадукцыйнасць працы ў эканоміцы вырасла на 4,1%, то рэальныя заробкі за той жа тэрмін - на 12,2%, рэальныя даходы - на 7,8%.

У кастрычніку сітуацыя стала яшчэ больш напружанай. З падачы ўрада тэмпы росту заробкаў паскорыліся, у той час як дынаміка ВУП Беларусі значна запаволілася.

Алею ў агонь падліло падзенне нафтавых коштаў. У кастрычніку нафта Urals прадавалася даражэй за 79 USD за барэль, а ў лістападзе расейская нафта патаннела ніжэй за 65 USD.

Лічбы за снежань будуць яшчэ горшыя: з высокай імавернасцю Urals стане таннейшай за 60 USD. А беларускі бюджэт на 2019 год нармальна зводзіцца толькі пры кошце нафты, не ніжэйшым за 60 USD за барэль!

Ды і з наступствамі падатковага манеўру для Беларусі далёка не ўсё зразумела. 11 снежня расейскі віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак наогул адмовіўся абмяркоўваць далікатную нафтагазавую тэму без «прыняцця прынцыповых пастаноў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

У беларускай эканоміцы ідзе бурнае паскарэнне інфляцыі. Базавая інфляцыя паднялася з 2,5% да 4,1%, тэндэнцыйная інфляцыя - з 2,8% да 3,9%. Паскарэнне росту коштаў прадоўжыцца ў пачатку 2019 года. Павялічваюцца інфляцыйныя чаканні грамадзян.

У нестабільных сітуацыях для захавання ашчадку беларусы заўсёды выкарыстоўвалі валюту. У 2015-2016 гадах стаўкі ў валютных дэпазітах былі адносна высокія, а свабодных рублёў для абмену на валюту ў беларусаў амаль не было. Таму сума валюты на картках насельніцтва вагалася блізу 400-500 млн USD.

У 2017 годзе пачаўся рост рэальных даходаў, які апярэдзіў прадукцыйнасць працы. Гэта супала з тым, што стаўкі па валютных укладах значна ўпалі.

У пачатку 2018 года сума «гарачых» грошай на картках перавысіла 700 млн USD, а ў лістападзе дасягнула 999 млн USD. Не ў апошнюю чаргу гэта адбылося за кошт валютнага рынку, дзе ўжо 3 месяцы запар прадпрыемствы і насельніцтва пераводзяць беларускія рублі ў даляры, еўра і расейскія рублі.

Увогуле, цяпер беларусы маюць «на ўсякі выпадак» 1 млрд USD. Гэтая сума можа быць вельмі хутка канвертаваная ў гатоўку і пакінуць банкаўскую сістэму. Зразумела, што для НБРБ і банкаў такі велізарны адток валюты будзе вельмі непрыемнай падзеяй.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках