Лукашэнка - гэта мешанка Брэжнева і Януковіча
70- 2.08.2018, 8:23
- 124,095
«Справа лекараў» узнікла не на пустым месцы.
Навіна аб магчымым інсульце ў беларускага правадыра некалькі дзён была асноўнай у інфармацыйнай прасторы.
Пракаментаваць сітуацыю сайт Charter97.org папрасіў каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнку.
- Чаму гэтая навіна выклікала такі ажыятаж? Што, на вашую думку, напраўду адбылося?
- Мне было 19 гадоў, калі памёр Леанід Брэжнеў. Гэта было ў 1982 годзе, і на той момант я практычна ўсё сваё жыццё жыў за Брэжневым.
Лукашэнка «цягне» тэрмін яшчэ большы, чым Леанід Ільіч. І яшчэ больш людзей усё сваё свядомае жыццё жывуць за ягоным часам. Натуральна, што змена кіраўніка ў краіне, якой Лукашэнка кіруе, як Брэжнеў, выклікае хваляванні ва ўсяго насельніцтва. Гэта па-першае.
А па-другое, Брэжнеў не выклікаў у людзей столькі нянавісці і агрэсіі, якую выклікае ў беларусаў Лукашэнка. Бо занадта шмат зла ён прынёс канкрэтным людзям і занадта шмат праблем ён прынёс практычна ў кожную сям'ю.
Таму людзі з надзеяй чакалі, што ў Лукашэнкі сапраўды са здароўем не ўсё добра і спадзяваліся на доўгачаканыя перамены ў Рэспубліцы Беларусь.
- А ў тэхналагічным сэнсе: гэта быў інфармацыйны ўкід або штосьці іншае? І ў чыіх інтарэсах?
- Не магу сказаць, што гэта быў нейкі ўкід. Тут мы назіраем, хутчэй, такое вось сацыялагічнае даследаванне ў дзеянні. Часам даводзіцца чуць ад заходніх, а таксама ад украінскіх палітыкаў, што Лукашэнка нібыта папулярны ў Беларусі.
Падзеі з «інсультам» паказалі, што гэта зусім не так, і абсалютная большасць людзей гатовая была радавацца і радавацца праз ягоныя праблемы са здароўем. Вось гэта – самае галоўнае. На гэта трэба звярнуць увагу ўсім, хто спрабуе разабрацца ў сітуацыі ў Беларусі. Гэта стала найлепшым паказчыкам рэальнага стаўлення беларусаў да дыктатара.
- Паміж першым каментаром, які Эйсмант дала ТАСС, і відэасюжэтам на БТ з удзелам Лукашэнкі прайшло больш за дзень. Чаму народу так доўга не паказвалі «жывога дыктатара»?
- Тое, што ў Лукашэнкі ёсць праблемы са здароўем, падказвае здаровы сэнс. «Справа лекараў», якая ўзнікла нядаўна, натуральна, з'явілася з адной прычыны: хтосьці наверсе быў незадаволены тым, як яго лячылі. А маючы паранаідальнае мысленне, надумаў пакараць тых, хто, на ягоную думку, дрэнна яго лячыў. А ў яго галаве – гэта ўсё людзі ў белых халатах. Таму справа атрымалася гучная, і яна акурат і паказвае, што ў Лукашэнкі сапраўды ёсць праблемы са здароўем.
Другі момант: людзі бесперапынна бачаць на тэлевізіі чалавека, які часта нясе лухту. Зразумела, што ён не жыве тымі праблемамі, якімі жыве большасць людзей. Ён не разумее, што ў краіне адбываецца. Яму цікава вырошчваць кавуны, бульбу, глядзець, як гуляюць і бегаюць Даша і Віка (Дар'я Домрачава і Вікторыя Азаранка – рэд.).
Беларусам відаць, што ў яго праблемы са здароўем – гэтак жа, як усе жыхары СССР разумелі, што сур'ёзныя праблемы са здароўем ёсць у Брэжнева. І гэта было зразумела, як бы прапагандысты не спрабавалі паказаць, што гэта «геніяльны кіраўнік» і піша кніжкі. Лукашэнка ж кніжкі не спрабуе пісаць: у гэта проста ніхто не паверыць.
У дыктатара ёсць праблемы са здароўем, якія абвастрыліся апошнім часам. І «затрымкі» са з'яўленнем на публіцы менавіта з гэтым і звязаныя.
- Вы сказалі, што самае важнае ў гэтай гісторыі – рэакцыя людзей. Як вы яе ацэньваеце?
- Надзея на палёгку, надзея на змены. Улада настолькі плюе людзям у душу і ставіцца да людзей па-свінску, што ніякіх станоўчых эмоцый у дачыненні да так званага «правадыра» і ягонай світы проста быць не можа.
Але людзі застаюцца людзьмі і хацелі б, каб іх праблемы развязаліся «адным махам», без іх удзелу.
Як паміж асобнымі людзьмі існуе канкурэнцыя – у працы, у штодзённай жыццядзейнасці – гэтак жа існуе канкурэнцыя паміж народамі. І мы бачым, як украінцы хочуць быць гаспадарамі свайго лёсу, як яны бяруць удзел у палітычных падзеях і выказваюць стаўленне да кіраўнікоў, якія іх прыніжалі і абражалі.
Мы бачым, як дзейнічаюць дэмакратычныя механізмы ў краінах Балтыі і Польшчы, дзе адбываецца перыядычна змена ўлады і эліт. І гэта адбываецца, бо ў свой час гэтыя народы прадэманстравалі мужнасць і прыклалі намаганні, каб гэты механізм задзейнічаў, каб стаць часткай еўрапейскай сям'і і такога механізму бяспекі, як блок NАТО.
Ісці такім жа шляхам імкнуцца і ўкраінцы. А беларусы ўсё спадзяюцца на «авось», на цара, на цуд – каб хтосьці змяніў іх жыццё.
Вядома, я кажу не пра ўсіх: у нас ёсць шмат актыўных людзей, якія давялі сваім жыццём і ўчынкамі, што ім неабыякавая сітуацыя ў краіне.
Але большасць, на жаль, пакуль стаіць у баку. Магчыма, праз доўгае жыццё ў двух «застоях» - брэжнеўскім і лукашэнкаўскім - у нас і сфармавалася такое народанасельніцтва.
- Як, на вашую думку, ці развіваліся б падзеі, калі б найгоршыя для дыктатара чуткі пацвердзіліся?
- Лукашэнка – гэта такая мешанка Брэжнева і Януковіча, на мой погляд. Ва Украіне таксама было відавочна, што Януковіч толькі раздзімае шчокі: ну, не можа чалавек з такім інтэлектам, з такім ладам жыцця быць рэальным кіраўніком дзяржавы. Потым высветлілася, што справамі ў краіне напраўду кіраваў ягоны старэйшы сын.
Такая сітуацыя і ў Беларусі. Лукашэнка, я даўно пра гэта казаў, не займаецца рэальным кіраваннем. Адную з ключавых роляў у структуры ўлады адыгрывае ягоны старэйшы сын Віктар, а таксама шэраг набліжаных сілавікоў з тых, на каго ён яшчэ можа абаперціся.
Час Лукашэнкі прайшоў. І гэта бачаць і беларусы, і гаспадары Крамля, і найбліжэйшае асяроддзе самога дыктатара. Падзеі ўсё адно будуць развівацца дынамічна. Хоць бы таму, што ў суседніх краінах няма «застою».
Ва Украіне будуць праходзіць выбары ў 2019-20 гадах, а там у выніку выбараў заўсёды адбываюцца сур'ёзныя змены. Адначасова ва ўсіх краінах – ва Украіне, у Расеі, і ў Беларусі – ёсць некалькі тыпаў крызісу, якія будуць прыводзіць да зменаў палітычных эліт.
Галоўны крызіс – гэта дэмаграфічны. Такога скарачэння рабочай сілы, як у гэтых былых славянскіх рэспубліках былога СССР, практычна няма ў іншых краінах. Спусцелі цэлыя рэгіёны. Натуральна, што калі няма каму працаваць, то няма з чаго выплачваць і пенсіі. Гэтыя працэсы вельмі сур'ёзна праяўляюцца ў Расеі: мы бачым, наколькі рашуча расейцы пратэстуюць супраць падвышэння пенсійнага ўзросту.
Украіна знаходзіцца ў яшчэ больш дынамічнай сітуацыі, і беларусы ўжо не змогуць адседзецца ў сваім балоце – хоць бы таму, што змены закрануць увесь рэгіён.
Яшчэ адзін момант – гэта тэхналагічная рэвалюцыя, якая адбываецца цяпер у розных галінах. У галіне энэргетыкі – гэта звадкаваны газ і сланцавая рэвалюцыя, якія прывядуць да практычнай бескарыснасці трубаправодаў праз 10-20 гадоў. Адначасова адбываецца ІТ-рэвалюцыя, якая змяняе свет з кожным годам.
У гэтым плане такі адсталы ва ўсіх дачыненнях рэжым, як лукашэнкаўскі, проста асуджаны сысці. А якія будуць вынікі – залежыць ад саміх беларусаў. Калі беларусы будуць увесь час спадзявацца на «дзядзьку», то замест Лукашэнкі можа з'явіцца іншы дыктатар. А калі праявяць смеласць, то мы зможам стаць нармальнай цэнтральна-усходнееўрапейскай краінай, як Славакія, Эстонія, як Літва.
- На што варта звярнуць увагу апазіцыі, каб гэты шанец не ўпусціць?
- Беларуская апазіцыя, на мой погляд, у абстаноўцы сталых рэпрэсій, накіраваных супраць яе, заслугоўвае вялікай павагі.
Але існуе разрыў у беларускім грамадстве паміж яго актыўнай часткай, паміж апазіцыяй – і большасцю насельніцтва. І тут ніхто за людзей гэтую праблему не развяжа.
Магчыма, патрэбныя будуць жорсткія ўзрушэнні, каб беларусы абудзіліся і ўзялі на сябе адказнасць за лёс краіны і сваіх сем'яў. Каб не жылі на чужыя датацыі, якіх стае толькі на ежу. Каб не біліся ў фінансавыя піраміды ў выглядзе спажывецкіх крэдытаў, якія потым трэба будзе аддаваць – а проста сталі грамадзянамі нармальнай еўрапейскай краіны.
Гэта пытанне адкрытае. Яно будзе разглядацца тут і цяпер – найбліжэйшым часам.
Калісьці, у час Перабудовы, ад беларусаў ніхто не чакаў такой актыўнасці, якую яны паказалі. Першыя масавыя акцыі пратэсту, першыя страйкі былі менавіта на беларускай зямлі. Ёсць надзея, што найлепшыя якасці беларусы змогуць праявіць і цяпер.