4 траўня 2024, Субота, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Коржыч: Усе ў Печах ведаюць, што адбылося напраўду

14
Святлана Коржыч: Усе ў Печах ведаюць, што адбылося напраўду
СВЯТЛАНА КОРЖЫЧ
ФОТА: MEDIA-POLESYE.BY

Маці загінулага жаўнера пачала вывучаць матэрыялы справы пра смерць сына.

Дата перадачы справы аб загубе 21-гадовага Аляксандра Коржыча ў суд застаецца невядомай. Яго блізкія не згодныя з фармулёўкай «давядзенне да самагубства, паведамляе «Радыё Свабода».

23 красавіка маці загінулага салдата Аляксандра Коржыча Святлана прыехала ў Менск, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы. У першы дзень яна змагла вывучыць толькі тры тамы. Святлана Коржыч распавяла, што пакуль не ўбачыла там нічога новага.

«Які дурань прызнаецца, што забіў?»

«Вывучала, вывучала, але там нічога новага няма... Там вельмі шмат усяго, нават не ведаю, колькі тамоў, - кажа Святлана Коржыч. - Я толькі тры вывучыла пакуль, а там яшчэ вельмі-вельмі шмат усяго. Увогуле, яны кажуць, 153 эпызоды... Буду яшчэ глядзець, але думаю, што нічога новага там няма».

З матэрыяламі справы аб загубе сына Святлана знаёміцца ў будынку цэнтральнага апарата СК. Яна дала падпіску пра неразгалошванне і не можа падрабязна расказваць, пра што там ідзе гаворка. Маці загінулага жаўнера паўтарае, што агучаная 20 красавіка фармулёўка «давядзенне да самагубства» яе не задавальняе.

«Давядзенне да самагубства... Я кажу ім: якое давядзенне? - кажа Святлана Коржыч. - Мне адказваюць, што гэты артыкул лепшы, чым самагубства. Што вінаватыя будуць пакараныя, што людзі даюць нармальныя сведчанні. Пра тое, як здзекаваліся з жаўнераў, як тэлефоны забіралі, грошы».

Са слоў Святланы Коржыч, у сваіх сведчаннях абвінавачаныя прызнаюцца ў злачынствах часткова.

«Зразумела, што не ўсе прызнаюцца, - кажа яна. - Які дурань скажа, што ён забіў Аляксандра Коржыча? Такога дурня няма...»

«Хачу знайсці новых сведак, але ўсе баяцца»

Святлана Коржыч кажа, што з ёй працягваюць звязвацца родныя жаўнераў, які былі таварышамі сына на службе. Аднак яны не хочуць быць удзельнікамі будучыні працэсу з ейнай стараны.

«Тэлефанавала мне дзяўчына, сястра загінулага хлопца (маецца на ўвазе выпадак, калі жаўнер тэрміновай службы загінуў ад стрэлаў з танкавай кулямёта), - працягвае Святлана Коржыч. - Ён быў сведкам у справе сына. Баіцца гаварыць. Кажа, што нічога ёй брат не расказваў пра тое, што адбывалася ў частцы... Падыходзяць да мяне бацькі жаўнераў, якія служылі разам з сынам. Я на рынку гандлюю, людзі проста так падыходзяць і расказваюць, што ўся частка ў Печах ведае, што адбылося напраўду. Прашу быць сведкамі на судзе - мне адказваюць, што не хочуць, каб іх сыноў паклалі разам з маім».

Святлана Коржыч разлічвае праглядзець усе матэрыялы справы пра смерць сына да 26 красавіка. Пасля гэтага стане зразумела, што рабіць далей.

«Мне цяпер патрэбныя сведкі. А дзе іх знайсці, скажыце? Буду вывучаць пакуль гэтыя справы, глядзець і чытаць, - кажа Святлана Коржыч. - Мне патрэбны нейкія зачэпкі, каб можна было абскардзіць. Вы ж самі ведаеце, пішуць «давядзенне да самагубства». Ніякі дурань не прызнаецца, што гэта ён забіў».

Маці жаўнера, які загінуў у Печах, таксама будзе намагаць на эксгумацыі цела сына. Святлана Коржыч мяркуе, што незалежная экспэртыза можа давесці гвалтоўны характар смерці.

«Аб перадачы справы ў суд гаварыць пакуль рана»

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч сказаў, што аб магчымым тэрміне перадачы справы ў суд гаварыць пакуль заўчасна. «Цяпер ідзе азнаямленне ўдзельнікаў працэсу з матэрыяламі», - сказалі ў СК.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках