Гамельчукі з дапамогай ААН будуць дамагацца шэсця ў падтрымку «Хартыі-97»
2- 14.03.2018, 17:55
- 17,241
Актывісты маюць намер бараніць свае правы да лагічнага канца.
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алена Цалкова разгледзела 14 сакавіка скаргу прадстаўнікоў незалежнага прафзвязу РЭП у рэгіёне Віктара Казлова і прававога інспектара прафзвязу Леаніда Судаленкі аб забароне гарвыканкамам вулічнага шэсця ў падтрымку незалежнага сайта «Хартыя-97», паведамляе гомельская «Вясна».
Сваім выракам суд першай інстанцыі падтрымаў гарадскіх чыноўнікаў аб правамернасці забароны запланаванага мірнага сходу ў горадзе.
Прадстаўніца Гомельскага гарвыканкама, галоўная спецыялістка юрыдычнага аддзела Аляксандра Дзямідава падала ў суд ліст намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоля Васільева, які меркаваў, што ў правядзенні заяўленага вулічнага шэсця трэба адмовіць, бо ў маршруце шэсця знаходзіцца будынак гарвыканкама, а таксама абласной тэлевізіі.
Акрамя таго, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі абласнога УУС падаў інфармацыю аб прыцягненні летась аднаго з заяўнікаў вулічнага шэсця - Леаніда Судаленкі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (папярэджанне за ўдзел у Маршы абураных беларусаў у Гомелі 19 лютага 2017 года).
Суд пагадзіўся з высновамі чыноўнікаў і вынес пастанову аб правамернасці забароны планаванага мірнага сходу ў горадзе.
«Суд следам за гарвыканкамам не патлумачыў, чаму нам у складзе групы людзей нельга з транспарантамі і лозунгамі прайсціся вуліцай Савецкай абласнога цэнтра і чаму заяўнікі масавых мерапрыемстваў павінны ўкладаць платныя дамовы на абслугоўванне мерапрыемства з медыцынай і службай санітарнай ачысткі горада», - заявіў пасля суда Віктар Казлоў.
Леанід Судаленка пасля суда заявіў, што даўно планаваў пачаць з гэтай забаронай стратэгічную цяжбу.
«Забарона на арганізацыю мірнага сходу паводле прыкметы наяўнасці адміністрацыйнай санкцыі, якую беларускія чыноўнікі прапісалі ў нацыянальным законе, яшчэ не разглядалася ў Камітэце ААН правоў чалавека, у гэтым кейсе ўлада дала нам такі шанец», - дадаў прафсаюзны юрыст.
Прафсаюзныя актывісты маюць намер бараніць свае правы да лагічнага канца, з гэтай мэтай на вырак суда першай інстанцыі сёння пададзеная касацыйная скарга ў судовую калегію ў грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда.