Яўген Афнагель: У многіх гарадах Беларусі такая ж сітуацыя, як у Светлагорску
1- 12.02.2018, 11:38
- 31,797
Цягам усяго 2017 года была процьма прыкладаў таго, як людзі падымаліся на стыхійныя пратэсты.
Блізу 100 чалавек прыйшлі 11 лютага на сустрэчу з лідарамі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Светлагорску. Галоўнай тэмай былі экалагічныя праблемы ў горадзе.
Апошнія месяцы ў Светлагорску і навакольных вёсках стаіць смурод ад новага завода беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайскай карпарацыяй. Людзі скардзяцца на пагаршэнне стану здароўя, удушша, млоснасць і ваніты. Кіраўніцтва завода і горада запэўніваюць грамадзян, што газы не шкодныя для здароўя.
Падччас сустрэчы, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель падаў прыклады паспяховай барацьбы супраць незаконных будоўляў і вытворчасцяў:
- У многіх населеных пунктах Беларусі - такая ж сітуацыя, як і ў Светлагорску. Кітайцы будуюць акумулятарны завод пад Берасцем, «Амкадор» размяшчае вытворчасць у Калодзішчах. Улады ставяцца да нашай краіны як да дзяржавы трэцяга свету, раздаючы зямлю сумнеўным інвестарам дзеля імгненнай выгады.
Цягам усяго 2017 года была процьма прыкладаў таго, як людзі падымаліся на стыхійныя пратэсты праз планы пабудаваць які-небудзь шкодны завод, правесці дарогу і гэтак далей. І нярэдка ўдавалася спыніць такія ініцыятывы ўладаў. Усё залежала ад таго, наколькі смела мы гатовыя былі змагацца за свае правы.
Атрымалася скасаваць шэраг «ушчыльняльных» праектаў у Менску, магілёўцы зусім нядаўна дамагліся скасавання незаконнай будоўлі. Калі мы будзем выходзіць на вуліцу, гучна і паслядоўна пратэставаць і ціснуць на ўлады, як робім гэта тут і цяпер, усё ў нас атрымаецца.
На акцыі выступілі прадстаўнікі экалагічных арганізацый і спецыялісты, якія распавялі пра тое, якую небяспеку нясе завод беленай цэлюлозы. Жыхарам Светлагорска таксама раздавалі ўлёткі з запрашэннем на святкаванне стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Менску і з інфармацыяй пра спосабы абыходу блакавання сайту «Хартыя-97». Многія ўдзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, што гэта асабліва актуальна цяпер і дзякавалі журналістам за асвятленне мясцовых праблем.