«Сапраўдныя дармаеды хаваюцца ў мармуровых палацах»
27- 9.12.2018, 10:18
- 49,339
Як скасаваць незаконны дэкрэт.
З 1 снежня ў Беларусі пачала дзейнічаць база «дармаедаў». У сувязі з гэтым міністр працы Ірына Касцевіч заявіла, што ў спісы трапілі 500 тысяч чалавек. З 1 студзеня ім пачнуць налічваць 100%-ю аплату за «камуналку».
Што рабіць у гэтай сітуацыі сем'ям з дзецьмі, якія аб'ектыўна не могуць уладкавацца на працу ў Беларусі?
На пытанні Charter97.org адказвае актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк.
- Вы і ваш муж – дастаткова вядомыя актывісты апазіцыі. Скажыце, ці рэальна цяпер уладкавацца на працу ў Берасці актывісту з «засвечаным» прозвішчам?
- Не толькі цяпер – мы ўжо 10 гадоў не можам уладкавацца ні на якую працу ў Берасці. Маючы вышэйшую адукацыю, я не магу ўладкавацца ні ў школу, ні нават у дзіцячы садок. Раней я вымушаная была займацца дробнымі заробкамі ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Але ІП адзін за адным закрываліся - і я зноў і зноў заставалася без працы.
Аналагічная сітуацыя ў майго мужа, каардынатара Беларускага Нацыянальнага Кангрэса і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнды. Раніцай яго з радасцю прымаюць на працу - а ў абед ужо тэлефануюць і кажуць: «Выбачайце, вы самі ўсё разумееце, мы вас узяць не можам».
І такая сітуацыя ў нашай сям'і доўжыцца гадамі. Мы - сапраўдныя беспрацоўныя з «воўчым білетам» ад дзяржавы.
- А ці ёсць наогул свабодныя вакансіі з годнай аплатай у Берасці?
- Абласныя цэнтры на захадзе Беларусі - Берасце і Гародня – яшчэ неяк выжывалі за кошт паездак за мяжу.
Сітуацыя ж з эканомікай, асабліва ў раённых цэнтрах, цяпер катастрафічная. Прадпрыемствы, якія засталіся з часоў СССР, цяпер ляжаць у руінах. У Берасці яшчэ пару гадоў таму трымаліся прадпрыемствы, якія паразітавалі на таннай сыравіне з Расеі ці, наадварот, штампавалі прадукцыю для продажу на расейскім рынку.
Але ў апошнія два гады сітуацыя кардынальна змянілася: Расея закрыла свой рынак для гэтых тавараў.
Адзінае, што яшчэ трымаецца – гэта харчовая галіна: «Савушкін прадукт» і «Санта». Але гэтыя два прадпрыемствы не забяспечаць патрэбы 350-тысячнага горада ў працы. Нават без «воўчага білета» людзі сядзяць без працы гадамі і нарэшце з'язджаюць за мяжу. Але, паводле новага дэкрэту і яны трапляюць у спісы «дармаедаў».
Калі давядзецца аплачваць 100% «камуналкі» - ці рэальна гэта для звычайнай беларускай сям'і з двума дзецьмі? Ці застанецца што-небудзь для дзяцей?
Абсалютна нерэальна. Без дапамогі сваякоў на жыццё не застанецца нічога. Мы, дарослыя людзі, будзем вымушаныя прасіць бацькоў-пенсіянераў, каб яны нам дапамагалі.
Для 21 стагоддзя ў цэнтры Еўропы - гэта абсалютна абсурдная сітуацыя.
Больш таго, аплаціць павышаную «камуналку» нерэальна нават для людзей, якія маюць працу ў Берасці. Напрыклад, мы жывем у арэндным доме. І кожны раз, калі прыходзіць час аплачваць «камуналку», вывешваюцца спісы завінавачаных. Дзясяткі кватэр маюць шматмесячныя запазычанасці перад ЖКГ. І гэта – нармальныя працоўныя сем'і, а не нейкія алкаголікі. Людзі не плацяць «камуналку» толькі таму, што не могуць выштукаваць на яе з заробку.
Суадносіны заробку і сум у рахунках у нас несувымерныя з еўрапейскімі стандартамі. У той жа Польшчы пры рэальнай мінімальнай аплаце працы дзве тысячы злотых «камуналка» складае 300-400 злотых. У нас жа гэтая прапорцыя такая, што сям'і потым не застанецца грошай, каб карміць дзяцей.
Ва ўсім свеце прымаюцца праграмы падтрымкі сем'яў з дзецьмі і толькі ў нас атрымліваецца, што дзяржава і «галоўнакамандуючы» забіраюць у дзяцей апошняе. Гэта нават не абагульненне, гэта факт.
Лукашэнка і ягоныя людзі, маючы за плячыма «добрыя гады» з высокімі коштамі расейскай нафты, якую яны перапрацоўвалі і прадавалі пад выглядам «разбаўляльнікаў», самі ўзбагаціліся, а краіну давялі да жабрацтва. Заробкі ў Беларусі цяпер, як у Афрыцы, а кошты – як у Амерыцы.
Сапраўдныя дармаеды і трутні - гэта тыя, што дарваліся 25 гадоў таму да ўлады і сядзяць дагэтуль на нашай шыі. За гэты час яны сталі настолькі нахабнымі і бяздарнымі, што далей такую карыкатуру на ўладу трываць ужо немагчыма.
У нас у Берасці зусім нядаўна былі пабудаваныя і хутка будуць перададзеныя чыноўнікам шыкоўныя палацы - з дзясятак паверхаў. Гэта пракуратура, падатковая і «Палац правасуддзя». Гэта шыкоўныя мармуровыя пабудовы коштам мільёны даляраў. Толькі ў «Палац правасуддзя» ў Берасці закупляюць мэблю на 300 тысяч даляраў - такі сабе баль падчас чумы.
Вось у гэтых мармуровых палацах і хаваюцца сапраўдныя дармаеды. А ў той жа час сем'і з дзецьмі не могуць набыць прысмакі на навагоднія святы. І на фоне гэтага будуюцца зіхатлівыя будынкі для чыноўнікаў.
- Якія, на вашу думку, мэты пераследуюць аўтары дэкрэта аб «дармаедах»?
- У першую чаргу, гэта робіцца дзеля перакладання адказнасці. Улады развалілі ў краіне ўсё і ўся, а вінаватымі ў крызісе хочуць зрабіць «незанятых у эканоміцы».
На думку ўлады, беспрацоўныя павінны забяспечваць клану Лукашэнку тыя высокія стандарты жыцця, да якіх ён прывык за час 25-гадовага паразітавання.
Па-другое, тут магчымае супадзенне стратэгічных мэтаў расейскага і залежнага ад яго беларускага рэжыму. Магчыма, яны разлічваюць на тое, што найбольш актыўныя людзі з патрыятычнай пазіцыяй – а такія часта трапляюць пад дзеянне дэкрэта – проста з'едуць з Беларусі.
Улады праводзяць «зачыстку» краіны, фактычны генацыд супраць беларусаў, у інтарэсах сваіх гаспадароў з Масквы. Напэўна невыпадкова, што такі закон аб «дармаедах» цяпер прымаецца на ініцыятыву Пуціна ў Расеі.
- Што рабіць тым, каму пасля 1 студзеня праз уключэнне ў базу «дармаедаў» прыйдуць новыя рахункі?
- Змагацца.
У першую чаргу – не даваць аб сабе ніякіх звестак. Па-другое, ігнараваць усе гэтыя «дармаедскія камісіі» і іх пастановы. Яны незаконныя - гэтак жа, як незаконны сам рэжым Лукашэнкі. Гэта ўжо стварае прававую аснову для барацьбы.
Па – другое - нічога нікому не плаціць і аб'ядноўвацца для пратэстных акцый. Адзін у полі не воін, а калі нас шмат - можа ўсякае адбыцца. Як гаварылася ў вядомай песні часоў аранжавай рэвалюцыі ва Украіне: «Разам нас багато, нас не подолати».
Калі будзе салідарнасць, могуць паўтарыцца масавыя акцыі, такія, як у 2017 годзе, якія, як мы памятаем, прымусілі ўлады даць «задні ход» і прыпыніць дзеянне дэкрэта №3. Гэта адзіны шлях. Час даць рэжыму Лукашэнкі па руках.