8 снежня 2019, Нядзеля, 0:12
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У Гародні два дзясяткі таксістаў з'ехаліся, каб правучыць кліента-маёра

22
У Гародні два дзясяткі таксістаў з'ехаліся, каб правучыць кліента-маёра
ФОТА: KEESTAXIBEDRIJF.NL

Пасажыр таксі адмовіўся плаціць за паездку і стаў абражаць кіроўцу.

Блізу 20 аўтамабіляў таксі з'ехалася ўвечары 12 лістапада на вуліцу Каліноўскага на просьбу аднаго з кіроўцаў, у якога ўзніклі цяжкасці з кліентам. Пасажыр таксі адмовіўся плаціць за паездку і стаў абражаць кіроўцу, піша hrodna.life.

У гарадзенскіх таксістаў ёсць спецыяльны сігнал на канале на выпадак канфліктных сітуацый. Пасля аб'яўлення яго ў эфіры ўсе вольныя аўто з'язджаюцца на дапамогу калегу. Прыкладна а 20:40 на вуліцы Каліноўскага з'ехалася блізу 20 аўтамабіляў таксі розных службаў горада. Яны прыехалі за 10 хвілін.

«Гэта салідарнасць называецца, - распавядае кіроўца таксі, які апынуўся ў непрыемнай сітуацыі. - Кліента я падабраў на Урублеўскага, ён папрасіў завезці яго на Каліноўскага. Ён сказаў, што можна праз двары ехаць, я і паехаў. А далей адбылася непрыемная сітуацыя: ён пачаў мяне абражаць. Мне надакучыла гэта слухаць і я спыніўся. Прапанаваў яму выйсці і пры гэтым агучыў мінімальны кошт за паездку - 3 рублі. Пасажыр выйшаў і не заплаціў. Пасля гэтага ён пачаў крычаць, што ён маёр і біць у шкло. Я заблакаваў дзверы, паведаміў пра праблему таксістам і выклікаў міліцыю. Гэтага чалавека трэба правучыць».

Пасажырам таксі аказаўся мужчына сярэдняга ўзросту, у мінулым вайсковец, які сцвярджае, што першым выклікаў міліцыю.

«Я ведаю, што я маю рацыю, і рукі ў гэтай сітуацыі не распускаў, - распавядае пасажыр. - Кіроўца мяне кудысьці прывёз і сказаў выходзіць. Пакуль я выйшаў, ён дзверы заблакаваў. Вядома, я пачаў крычаць і стукаць у шкло, каб ён пачакаў. А так я яго не чапаў, бо калі б я ўдарыў - ён бы паляцеў. Навошта мне чапаць кіроўцу, у мяне юрыдычная адукацыя, у мінулым у мяне Карабах. Таму не магу крыўдзіць дзяцей. Я выклікаў міліцыю першым, а таксісты з'ехаліся, таму што ў іх братэрства».

Супрацоўнікі ДАІ і міліцыі на разборкі пасажыра і таксіста прыехалі апошнімі. Удзельнікі канфлікту ад сваіх слоў не адмаўляліся і гатовыя былі абараняцца. У выніку пасажыр заплаціў за праезд, а кіроўца настойваў на тым, каб яго пакаралі.