Аляксандр Дабравольскі: Трэба дапамагчы беларусам усвядоміць, што яны ў большасці
- 10.11.2017, 15:30
- 21,846
Грамадства заўсёды перамагае дыктатуру. Трэба толькі дапамагчы людзям паверыць у сябе.
Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю серыі інтэрв'ю з людзьмі, якія стваралі «Хартыю'97».
Сёння на нашы пытанні адказвае дэпутат, сябра Палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў Аляксандр Дабравольскі.
- Аляксандр Альгертавіч, мы ведаем, што вы адыгралі велізарную ролю ў стварэнні і працы ініцыятывы «Хартыя'97». Раскажыце, як усё пачыналася?
- Усё пачыналася з таго, што з'явілася вялікая колькасць людзей, якія бачылі Беларусь іншай краінай. Хацелі, каб дзяржава была дэмакратычнай, каб у ёй паважаліся правы і свабоды людзей, каб улада была для людзей, а не наадварот.
Ідэю гэтай ініцыятывы мне прапанаваў Зміцер Бандарэнка. Мы з ім пагаварылі і вызначылі, што гэта вельмі цікавая задума. Ініцыятыву падтрымалі больш за 100 чалавек. Быў распрацаваны тэкст, каб людзі, якія згодныя з прынцыпамі ініцыятывы «Хартыя'97», маглі яго падпісаць.
Больш за 100 тысяч беларусаў паставілі свае подпісы пад гэтым дакументам. Гэта была ідэя стварыць супольнасць людзей, якія маглі б разам працаваць, наладзіць камунікацыю паміж імі. Не ўсё атрымалася, але «Хартыя'97» пакінула свой след у беларускім грамадстве, і тое, што людзі могуць атрымліваць незалежную інфармацыі з сайта «Хартыя'97» - уважаю за вельмі пазітыўнае і істотнае дасягненне.
- Як вы мяркуеце, чаму грамадскай ініцыятыве «Хартыя'97» удалося аб'яднаць такую вялікую колькасць цалкам розных людзей?
- Тэкст дакумента, які падпісвалі беларусы, быў своеасаблівым маніфестам людзей, якія хацелі, каб Беларусь была еўрапейскай, дэмакратычнай, цывілізаванай краінай. Тое, што гэтыя ідэі ў Беларусі падтрымліваюць мільёны - ні для кога не сакрэт, але ім цяжка аб'яднацца праз разыходжанні ў іншых пытаннях.
Я мяркую, што «Хартыя'97» была дэкларацыяй правільных прынцыпаў і мэтаў, таму так шмат людзей яе падпісалі.
- «Хартыя'97» заўсёды выступала за дэмакратычныя змены ў Беларусі. На ваш погляд, што трэба для гэтага рабіць сёння?
- Людзі падтрымліваюць дэмакратычныя ідэі, але не ведаюць, што яны сталі большасцю. Я мяркую, што трэба дапамагчы нашаму народу зразумець, што яны ў большасці. Беларусы павінны ўсвядоміць, што сітуацыя цалкам не такая, якой яе спрабуюць паказаць на беларускай тэлевізіі.
Трэба дапамагчы людзям пераадолець страх, дапамагчы ўспомніць пра пачуццё ўласнай годнасці. Толькі тады яны змогуць адчуць сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Гэта вельмі цяжкая праца, бо наш інфармацыйны рэсурс нашмат меншы, чым ва ўлады. А людзі, якія прыйшлі да ўлады ў Беларусі, выкарыстоўваюць сваё становішча ў асабістых мэтах. Але грамадства заўсёды перамагае дыктатуру, трэба толькі дапамагчы людзям адчуць гэтую надзею. Гэта задача кожнага беларуса, кожнага палітыка, які хоча дэмакратыі ў Беларусі.
- Як чалавек, які стаяў ля самага пачатку ініцыятывы, што б вы хацелі пажадаць сайту «Хартыя'97»?
- Хацелася б пажадаць паспяховай работы тым людзям, якія робяць гэты сайт. Часцяком «Хартыя'97» з'яўляецца самым аператыўным рэсурсам, сайт з самай вялікай аўдыторыяй. У розны час былі публікацыі, якія збіралі да аднаго мільёна праглядаў.
«Хартыя'97» не бездакорная, я б не сказаў, што гэта ідэальны рэсурс, але хацелася б, каб гэты сайт прадаўжаў сваю працу, каб ён і іншыя сродкі масавай інфармацыі, дапамаглі беларусам зразумець, што ў нас ёсць еўрапейская перспектыва. Хачу пажадаць усім людзям, якія працуюць на гэтым рэсурсе, поспехаў, каб тыя перамены, за якія мы ўсе выступаем, хутчэй прыйшлі ў нашу краіну.
Даведка:
10 лістапада беларускай грамадскай ініцыятыве «Хартыя'97» спаўняецца 20 гадоў. У гэты дзень быў апублікаваны дакумент, у якім гаварылася аб тым, што трэба быць салідарнымі і супольна супрацьстаяць дыктатуры. Многія вядомыя беларусы падтрымалі ініцыятыву, сярод іх - Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін. Больш за 100 000 чалавек паставілі свае подпісы за «Хартыю».