27 лiстапада 2024, Серада, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падаткавікі не могуць вызначыцца, як спаганяць падатак на «дармаедаў»

46
Падаткавікі не могуць вызначыцца, як спаганяць падатак на «дармаедаў»

У Віцебску падатак плаціць не трэба, у Горадні - трэба.

Глядзіце, Дэкрэт аб «дармаедах» дзейнічае ўжо чацвёрты тыдзень. Усім зразумела, што нетунеядцу працаваць трэба не менш 183 дзён у годзе, піша блогер Віктар Малішэўскі.

Але пункт 5 Дэкрэта сцвярджае і такое: «прызнаецца, што грамадзянін ўдзельнічае у фінансаванні дзяржаўных расходаў у перыяд (...) выканання работ паводле грамадзянска-прававых дамовах, прадметам якіх з'яўляецца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, на суму не менш за 70 базавых велічынь».

Калі такая дамова на 70 базавых заключаная, то ўсё роўна, колькі часу працаваць - паўгода ці пару дзён - плаціць падатак не трэба?

- Трэба! - Адказваюць мне на электронны запыт у міністэрстве падаткаў і збораў за подпісам намесніка міністра Дарашэвіча А.А.: «... Калі працы паводле грамадзянска-прававых дамовах на суму не менш за 70 базавых велічынь, выконваліся ў перыяд меншы за 183 каляндарныя дні ў каляндарным годзе, то такія грамадзяне прызнаюцца плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў».

Цяпер давайце паспрабуем задаць гэтае ж пытанне міністэрству працы і сацыяльнай абароны і падатковым у розных гарадах нашай краіны.

Гарачая лінія міністэрства працы (працуе з 9 да 10.30 раніцы). Мяне перамыкаюць на спецыяліста ў гэтым Дэкрэце, той думае, удакладняе сітуацыю ў каго-небудзь з супрацоўнікаў, нарэшце, здаецца: «Баюся ўвесці вас у зман. Звярніцеся лепш у міністэрства падаткаў. Яны дакладна ведаюць».

Гомельская абласная падатковая, там сумленна прызнаюць - не ведаем, што адказаць! «Мы чытаем той жа тэкст Дэкрэта, што і вы. Ніякіх тлумачэнняў да Дэкрэту пакуль не атрымлівалі, самі чакаем. Чакайце, цягам пару месяцаў усё стане зразумела».

Я вось тлумачэнне ад міністэрства падаткаў атрымаў. Дзіўна, што яны да гэтага часу - не!

Віцебская абласная падатковая. Тут мяне запэўніваюць, што праблем няма і ніякіх (!). Збораў на дармаедства плаціць не трэба! Калі ёсць дагавор на 70 базавых! «Ды якая розніца колькі дзён? Галоўнае, каб было ад 70 базавых велічынь», - адказваюць у аддзеле падаткаабкладання фізічных асоб. Перапытваю некалькі разоў, атрымліваю катэгарычны адказ.

Аршанская раённая падатковая - такі ж адказ, няма праблем збор на дармаедства плаціць не трэба.

Гарадзенская абласная падатковая, вось тут кажуць, што ўсё-роўна давядзецца адпрацаваць больш 183 дзён. Хоць у кагосьці супала!

А вось сайт міністэрства падаткаў. Усе пытанні што да Дэкрэту аб «дармаедах» сабраны ў «анлайн-канферэнцыі міністэрства падаткаў і міністэрства працы на БелТА». Начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў Міхаіл Расолька адказвае на пытанні ад фрылансераў (тых самых, хто працуе па дамове «не менш за 70 базавых») і сцвярджае, што «пры выплаце падаткаў у суме менш за 20 базавых сума збору (з «дармаедаў») памяншаецца на суму выплачаных падаткаў. Для фізічных асоб, якія выплацілі за 2015 падаходны падатак з прыбыткаў ад фрылансерства, прадугледжанае змяншэнне сумы збору на суму выплачанага падатку».

70 базавых - гэта 12,6 мільёна рублёў. Падаходны падатак (13%) з гэтай сумы - усяго 1 638 000 рублёў. Гэта значыць прыйдзецца даплаціць да 20 базавых (3,6 мільёна) амаль 2 мільёны рублёў???

Ці трэба казаць, што на «гарачай лініі міністэрства падаткаў» здзіўленыя такім паваротам. Там кансультуюцца, супакойваюць мяне тым, што да выплаты падаткаў маса часу, і яшчэ будуць тлумачэнні, потым прымаюць пастанову: «Не, даплачваць да 3,6 мільёна не давядзецца, калі ёсць грамадзянска-прававая дамова на 70 базавых».

Дэкрэт крочыць па краіне.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках