Расійскае жалеза для беларускага парада
17- Уладзімір Халіп
- 28.04.2015, 7:36
- 17,893
Гэтая краіна так і не выйшла з вайны. Спрабавала, вядома, але не здолела.
А таму лёс у яе незайздросны – бесперапынна грукатаць у барабан трывогі, палохаючы сваіх і чужых. Каб усе бачылі, чулі і ведалі – у Расіі адметная місія. Яна заўсёды на вайне.
У Савецкім Саюзе ўсё было нашмат прасцей. Вясна – гэта час сяўбы. Ці хопіць на чарговую кампанію паліва, насення, калгаснага энтузіязму? Сёння гэткія дробязі краіну ўжо не хвалююць. Хто прыедзе ў Маскву на парад Перамогі – вось пытанне, у параўнанні з якім чэзнуць усе іншыя. Калі сфармуляваць яго больш прагматычна, пытанне прагучаць можа прыкладна так: колькі ўвогуле ў Расіі засталося сяброў? І падлікі будуць несуцяшальныя. Ня едуць. Не цікавяцца. І наўрад ці прыедуць. З найбольш надзейных у абойме саюзнікаў застаўся хіба што ўсё той жа Кім Чэн Ір.
Ёсць, вядома, яшчэ адзін сябра і саюзнік. Даўні і надзейны. Нязменны драздоўскі правіцель. Ён звычайна пагаджаецца на ўсё, што б Масква ні прапанавала. Сумнявацца ў ягонай адданасці падстаў ніколі не было. А таму нават сціплая прэс-служба Заходняй Ваеннай акругі Расіі, дасылаючы ўсхваляванаму свету паведамленне пра ўдзел свайго самаходнага жалеззя ў парадзе суседзяў, абрала стыль узнёслых батальных рэляцый. “Танкі Т-90, баявыя машыны пяхоты БМП-3, лёгкабраніраваныя аўтамабілі “Тыгр”, САУ-2С19 “Мста” пройдуць у складзе механізаваных калон па галоўнай плошчы Мінска”.
Якія ўзнёслыя словы! Штосьці сярэдняе паміж зводкай Інфармбюро аб танкавай бітве пад Курскам і паведамленнем аб прарыве да Рэйхстагу. Бракуе хіба што адпаведнага зачыну: “Пасля цяжкіх баёў і прарыву фронту на заходнім напрамку…” Далей – паводле тэксту. І ў выніку – галоўная плошча Мінска для танкавых калон неўтаймаваных пераможцаў. Вось толькі немагчыма зразумець, якую плошчу для сваіх механізаваных калон вызначылі інфарматары. Будзе гэта сакральная прастора какля “ЦАЛ ДИР БИЕ”, плошча Перамогі або тая велічэзная, дзе бронзавы правадыр збіраецца палымянай прамовай усхваляваць тутэйшы пралетарыят.
Месца дзеяння у гэтым выпадку асаблівага значэння не мае. Істотным застаецца хіба толькі тое, што расійскае войска тут пройдзе. У гэтым жа сэнс крамлёўскай задумы. Паказаць клятаму Захаду свой жалезны кулак. Каб заўсёды баяліся. І дакладна ўяўлялі сабе, дзе апынецца той зыходны рубеж, з якога можа пачацца новы вялікі паход. Не здарма ж на маштабных вайсковых манеўрах, якія яшчэ з ленінскіх часоў праводзіліся на беларускіх землях, яны старанна адпрацоўвалі атамны ўдар па Варшаве і прарыў пскоўскага дэсанту на заходнюю мяжу.
Ёсць такая чынавенская ўпэўненасць, што ветэраны вельмі любяць парады. Асабліва ў дзень Перамогі. Таму ўлада імкнецца так апантана вывесці на вуліцы сістэмы залпавага агню ды танкавыя калоны. Дзіўна аднак, але так высока ўзнесены новаспечанымі патрыётамі Сталін ніякіх парадаў у гэты дзень не дазваляў. І ветэраны чамусьці ні тых парадаў, ні танкаў у свайго правадыра не патрабавалі. Нават Хрушчоў, які так любіў палохаць розных там ваенных аташэ чарговымі ракетамі, парады сваіх страшылак наладжваў зазвычай 7 лістапада – у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Хоць бы нейкая логіка праглядаецца.
А скакаць і галёкаць у дзень Перамогі было тады надта нязвыкла. Іншы народ у той час жыў у гэтай краіне. Людзі памяталі ўсё перажытае. Амаль немагчыма было знайсці сям’ю, якая не страціла б родных і блізкіх. Было балюча і горка. Якія ўжо тут фейерверкі, салюты, парады.
І толькі палітрук Брэжнеў першым уцяміў прыватазываць вайну. З людскога гора і слёз стварыў магутнае патрыятычнае відовішча. А то ж не ведала легкадумнае чалавецтва, што лёс усяго свету вырашаўся ў бліндажы палітаддзела на Малай зямлі. Нібыта і сам маршал Жукаў перад чарговым наступам званіў туды, каб параіцца з геніяльным палітруком.
Потым да ўлады прыйшлі тыя, хто пораху не нюхаў. Гэбэшныя службоўцы, розныя непрыкметныя грамадзяне ды звычайныя стукачы. Яны нахабна абышлі таго амбітнага палітрука. Пашылі сабе экзатычныя мундзіры. Стаяць на трыбунах, нібы толькі што злоўленыя карасі, напружыўшы жываты, аблепленыя луской невядома дзе здабытых узнагарод.
А ўнізе – жалезная плынь. Чыё гэта войска так старанна адбівае крок?
І з якога ражна ў Беларусі зноў з’явяцца “Тыгры”? Яны чые – генерала Гудэрыяна ці няўрымслівага таварыша Шайгу? Так кепска вучыліся гэтыя хлопцы ў школе, што нават не ведаюць, з якога боку звычайна з’яўляліся “Тыгры” на той вайне?
І ўвогуле, навошта Мінску грукатлівая выстава прадукцыі расійскага ВПК? Якое дачыненне мае гэтае жалеззе да той вайны? Проста Пуцін вырашыў камуцьці штосьці прадаць. Або кагосьці напалохаць. Таму і пагнаў сваю бронетэхніку ў чужую краіну, бліжэй да мяжы Еўразвязу. Імперскія фокусы гэткага кшталту нідзе нічым добрым не скончыліся. Маўклівыя зазвычай пагаджаюцца на ўсё. Шмат яшчэ чаго цікавага пабачым пры гэткай тутэйшай палахлівасці. Гэта ўжо ніякая не памяць, не смутак, а ўсяго толькі нікчымныя хітрыкі надзвычай убогай і на здзіўленне бяздарнай драздоўскай палітыкі.
А між іншым, чаго непакоіцца? Нічога ж катастрафічнага пакуль не адбылося. Ну праедзе па нашых вуліцах чужое нахабнае войска. І што з таго? Праглынем дымныя воблакі гарэлай саляркі. Паслухаем, як грукочуць абцасы пскоўскіх ці якіх там яшчэ дэсантнікаў па нашых вуліцах. Нічога страшнага не адбудзецца. Затое потым з сарамлівай усмешачкай працягнем руку – а раптам абломіцца чарговы маскоўскі крэдыт на падтрымку кіраўнічых штаноў. Рублі тры – болей Пуцін не дасць, сам збяднеў. Вайна. Разруха. Крымнаш. Няпросты час!
З расійскім жалезам кепскія жарты. Варта яго аднойчы пусціць у нашу краіну, як яно пачынае вяртацца. Ды яшчэ спрабуе застацца тут назаўсёды.
І шаўковы крамлёўскі павадок, які падаваўся такім ласкавым, мяккім, ненавязлівым, нечакана робіцца нясцерпна жорсткім і на здзіўленне кароткім. І бязмежная дыктатарская роля раптам звузіцца да адной надзвычай сціплай функцыі – махаць белай хустачкай услед калонам расійскіх танкаў, камандванне якіх ні ад кога ніякіх дазволаў чакаць ужо не будзе. І ўвогуле, якія тут могуць быць пытанні?
Дзяржаўнай мяжы пад Смаленскам няма і не было. Дамовы пра ўсялякія саюзы падпісаныя даўно і з вялікай помпай. Народ маўчыць зацята. Гуляй, Вася!
Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org