26 лiстапада 2024, aўторак, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ворага інтэрнэту клічуць у Латвію

47
Ворага інтэрнэту клічуць у Латвію

Паводле ўказу Лукашэнкі ў Беларусі сёння заблакавалі незалежныя сайты.

Міністэрства сувязі разаслала інтэрнэт-правайдэрам спіс сайтаў, якія неабходна заблакаваць на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх - самы папулярны незалежны навінавы сайт charter97.org.

Многія чытачы з Беларусі сёння ўбачылі паведамленне, што «Хартыя-97» заблакаваная на падставе ўказу Лукашэнкі ад 1 лютага 2010 года. Пяць гадоў таму нас занеслі ў «чорны спіс» сайтаў, якія забароненыя для прагляду ў дзяржаўных установах. Але цяпер нас блакуюць на тэрыторыі ўсёй краіны.

Хто вызначае, што можна, а чаго нельга чытаць беларусам? Аператыўна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Лукашэнкі, КДБ, МУС, Генпракуратура, Мінінфарм - ведамствы, непасрэдна адказныя за рэпрэсіі супраць апазіцыі, закрыццё незалежных медыя, катаванні палітвязняў у турмах.

Самае агіднае, што ўзмацненне рэпрэсій адбываецца на фоне так званага дыялогу Захаду з Лукашэнкам. У Менск прыязджаюць кіраўнікі Еўразвязу і прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША. Адбываецца чарговая бессэнсоўная спроба ператварыць марыянетку Крамля ў міратворца і партнёра Захаду.

Вось і сёння, калі пачалося блакаванне сайтаў, у менскім «Прэзідэнт-гатэлі» праходзіць канферэнцыя «ЕЗ, Расея і краіны Усходняй Еўропы: як пераадолець рознагалоссі?». На канферэнцыю запрошаны міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які ў 2010 годзе быў кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі і асабіста адказны за масавыя палітычныя рэпрэсіі.

У мерапрыемстве ўдзельнічае кіраўніца прадстаўніцтва Еўракамісіі, грамадзянка Латвіі Майра Мора. Ці мае намер прадстаўніца ЕЗ зрабіць заяву аб блакаванні інтэрнэту ў Беларусі?

Мяркуючы з таго, што прэзідэнт Латвіі Андрыс Берзіньш выказаў жаданне сустрэцца з беларускім дыктатарам на саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе, рэакцыі можа і не быць. Мабыць, там вызначылі, што найлепшы спосаб пазбавіцца ад дракона - мець свайго ўласнага.

Але ўся гэтая валтузня заходніх бюракратаў заўсёды заканчваецца аднолькава. Расчараваннем еўрапейцаў і арыштамі і забойствамі беларусаў. Так было ў 1999 годзе, калі ЕЗ наважыў перавыхаваць «пачаткоўца» дыктатара. У перыяд так званай «адлігі» былі забітыя лідары апазіцыі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка, журналіст Дзмітрый Завадскі. Так было і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі ўзурпатару, які правіў цягам 20 гадоў, кіраўніцтва Еўразвязу наважыла «даць шанец». У выніку напярэдадні выбараў быў забіты заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін, а пасля выбараў былі арыштаваныя больш за 700 чалавек.

Месяц таму ў Маскве застрэлілі Барыса Нямцова. Лідар расейскай апазіцыі не раз папярэджваў, што Пуцін будуе ў Расеі мадэль улады паводле прыкладу свайго калегі Лукашэнкі.

«Таму, калі бачыш, што нейкія лідары ЕЗ хочуць бачыць у Лукашэнку свайго хаўрусніка, то разумееш, які ж абсурд адбываецца ў цяперашняй палітычнай рэальнасці», - сказаў на днях на канферэнцыі ў Сейме былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

Мы не будзем сядзець склаўшы рукі. Калі нас не хочуць пачуць палітыкі, мы будзем звяртацца да праваабаронцаў, сяброў-журналістаў, блогераў і разам з імі патрабаваць увядзення санкцый супраць дыктатара і ворага інтэрнэту Лукашэнкі.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках