28 лiстапада 2024, Чацвер, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Загадка нафтавага кошту

11
Загадка нафтавага кошту

Рынкавыя аналітыкі няздатныя растлумачыць скокі кошту нафты, але ўпэўненыя, што 100 даляраў за барэль не вернуцца.

Амаль сяміадсоткавы ўзлёт кошту нафты ў аўторак выклікаў супярэчлівыя камэнтары на Ўол-стрыт аб яго прычынах і пра тое, ці накрэсленая рыса пад перыядам падзення нафтавага кошту. Уплывовае амэрыканскае выданне распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што Расея можа дамагчыся росту нафтавых катыровак дыпламатычнымі метадамі ў абыход эканамічных рэалій, перадае "Радыё Свабода".

Чатырохдзённы скачок кошту, падчас якога нафта падаражэла амаль на дваццаць адсоткаў, быў гэтак жа нечаканы для рынкавых гульцоў, як і безупыннае сямімесячнае падзенне, найніжэйшую граніцу якога прадказаць не можа ніхто. Цяпер, прамінулай датай, не маючы, мяркуючы з усяго, ніякіх дакладных уяўленняў аб тым, што стала штуршком для гэтага коштавага скачка, аналітыкі пачалі разважаць, чаму так адбываецца.

У аўторак у некалькіх уплывовых выданнях з'явіліся артыкулы пра тое, што самае імклівае за шэсць гадоў падаражэнне нафты сведчыць аб тым, што інвестары пачалі прадчуваць магчымае падзенне вырабу нафты ў выніку згортвання інвестыцыйных праектаў і памяншэння здабычы нафты за кошт больш дарагіх нафтавых радовішчаў. Гэта толькі прадчуванні. Паводле афіцыйных звестак, галоўныя сусветныя вытворцы працягваюць выкідванне нафты на рынкі ў поўным аб'ёме, і яе запасы ў амэрыканскіх сховішчах цяпер самыя высокія за восемдзесят чатыры гады.

Тым не менш часопіс Foreign Policy называе "найбольш красамоўным паказчыкам" змены сітуацыі звесткі аб кансервацыі свідравальных веж. З канца мінулага года была спыненая праца на 94 нафтавых вежах. Нягледзячы на тое, што гэта вельмі невялікі адсотак ад іх агульнай колькасці (а іх больш за паўтары тысячы), рынкавыя гульцы, піша часопіс, убачылі ў гэтым пачатак працэсу "вольнага падзення" вытворчасці і "жахнуліся", усвядоміўшы гэта.

Газета The Wall Street Journal дадае да гэтага палатна яшчэ некалькі рысак. У аўторак адзін з найбольшых сусветных вытворцаў нафты кампанія "Брытыш Пэтролеум" (BP) следам за іншымі нафтавымі канцэрнамі абвясціла аб зніжэнні фінансавання новых праектаў і адмове ад часткі планаваных інвестыцый. Чацвёрты квартал мінулага года стаў стратным для кампаніі праз імклівае падзення кошту нафты. Страйк на некалькіх нафтаперапрацоўчых заводах у Злучаных Штатах Амэрыкі прычыніўся да невялікага падаражэння бензіну, што таксама натхніла трэйдэраў, якія зачакаліся хоць бы якіх-небудзь падстаў для скупляння кантрактаў на набыццё нафты.

Але шмат якія аналітыкі не спяшаюцца абвяшчаць чатырохдзённы ўздым нафтавага кошту пунктам адліку новай тэндэнцыі. Перавытворчасць і перавышэнне прапановы над попытам бачыцца ім даміноўным чыннікам на нафтавым рынку на працягу некалькіх месяцаў. Пра гэта казаў у інтэрв'ю тэлеканалу Bloomberg аналітык "Barclays Bank” Машвін Манэш:

- Рынкі цяпер спрабуюць вызначыць, які ўзровень коштаў з'яўляецца найбольш збалансаваным. Гэта значыць, нейкі кошт нафты будзе стымуляваць сярэдні рост здабычы нафты. Тэндэнцыя празмернасці нафты, на наш погляд, будзе дамінаваць да 2016-2017 года, пакуль не выявяцца вынікі скасавання праектаў здабычы нафты. Мы не выключаем падзення кошту сёлета да 30 даляраў за барэль. Наш сярэднегадавы прагноз - 40 даляраў. Мы не чакаем імклівага ўздыму кошту, бо сусветныя запасы здабытай нафты вельмі вялікія.

Гандляры тлумачаць хапок кошту збольшага спрэс тэхнічнымі кароткатэрміновымі чыннікамі. Вось што кажа ў інтэрв'ю Foxnews Скот Шэладзі з фінансавай фірмы Bull Reef:

- Я думаю, што падзеі цяпер можна растлумачыць тым, што тыя, хто скупіў нафтавыя кантракты па 50 даляраў за барэль, гуляючы на паніжэнне, у разліку на падзенне кошту да 35 даляраў, убачыўшы ўздым, спалохаліся і пачалі выходзіць з гульні са стратамі, тым самым умацоўваючы ўзыходную тэндэнцыю. Разам з тым макраэканамічная сітуацыя не змянілася, і мяркую, што кошт нафты яшчэ ўпадзе да сарака даляраў, і толькі потым вернецца да ўзроўню, блізкага да цяперашняга.

Прагноз нафтавага кошту можа стаць вельмі складаным заняткам праз прынцыпова новую сітуацыю, якая стварылася ў выніку буму індустрыі шэльфавай нафты і газу ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Тэхналогіі распрацоўкі шэльфа дазваляюць вытворцам вельмі чуйна рэагаваць на змену кан'юнктуры. Напрыклад, традыцыйную свідравальную вежу вельмі цяжка закансэрваваць і ў будучыні аднавіць вытворчасць, што прымушае здабытчыкаў "пампаваць" нафту часам нават са стратамі. Шэльфавыя свідравіны лёгка замыкаюцца, а затым вяртаюцца ў эксплуатацыю пры змене коштавай сітуацыі. Кошт шэльфавага свідравання хутка падае, і пры кожным адчувальна скоку кошту нафты здабытчыкі будуць здольныя хутка аднавіць і павялічыць вытворчасць, што, як піша часопіс Foreign Policy, ставіць перад індустрыяй пытанне: якая будзе рэакцыя вытворцаў на паводзіны рынкаў, што прачуваюць уздым кошту нафты? Адкажуць яны на гэтыя прачуванні імклівым уздымам вытворчасці, што выкліча новае падзенне кошту? Так ці інакш, некранутыя, даступныя рэзэрвы шэльфавай нафты найбліжэйшымі гадамі, мусібыць, засцерагаюць свет ад узлёту кошту да ста даляраў за барэль.

Але ўчорашняя публікацыя ў The New York Times наводзіць на думку аб тым, што прагназаваць нафтавы кошт варта не толькі ў залежнасці ад эканамічных паказчыкаў. Артыкул называецца "Савудаўская нафта як вагар, каб пазбавіць Асада расейскай падтрымкі". Газэта піша са спасылкай на неназванага савудаўскага дыпламата, што ўлады Савудаўскай Арабіі мяркуюць, быццам могуць вымусіць Уладзіміра Пуціна спыніць падтрымку сірыйскага прэзідэнта Башара Асада наўзамен на абяцанне Эр-Рыяда выкарыстоўваць сваё дамінаванне на нафтавым рынку, каб паменшыць агульныя аб'ёмы паставак і ў выніку выклікаць рост кошту нафты.

Сама магчымасць гэткага торгу з Пуціным абгрунтаваная ў публікацыі тым, што "ўрад Расеі не акрыяў ад імклівага падзення кошту нафты". Але з Расеі неадкладна паляцелі цвёрдыя пярэчанні. Інфармацыю The New York Times пра перамовы наконт зніжэння здабычы нафты Савудаўскай Арабіяй наўзамен на адмову Масквы ад падтрымкі прэзідэнта Сірыі Башара Асада назваў "качкай" старшыня камітэта міжнародных спраў Дзярждумы РФ Аляксей Пушкоў.

"Абмяркоўваліся пытанні наконт нафты, коштаўтварэння, каардынацыя дзейнасці краін - чальцоў OPEC і не чальцоў OPEC. Перамовы былі пазітыўныя і канструктыўныя. Ніякага сірыйскага вымярэння ў гэтых перамовах не было", - паведаміў падрабязнасці Аляксей Пушкоў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках