Наста Лойка: Прысуд Дзядку звязаны з перамовамі паміж ЕЗ і Лукашэнкам
5- 27.02.2015, 16:12
- 12,377
Беларускія ўлады не толькі не збіраюцца вызваляць палітвязняў, але нават і пагаршаюць ім умовы і павялічваюць тэрміны.
Праваабаронца ПЦ «Вясна» Наста Лойка сказала, што нягледзячы на ўсе перамовы з чыноўнікамі Еўразвязу Мікалая Дзядка пакінулі яшчэ на год у турме за тое, што яшчэ калісьці даўно яго прадстаўлялі ў дзяржаўных СМІ як самага «небяспечнага» анархіста Беларусі, а тым часам у Беларусі пачасціліся затрыманні і арышты анархістаў, што можна звязаць з набліжэннем «выбараў».
- Што вы думаеце з нагоды дадатковага тэрміну Мікалаю Дзядку?
- Безумоўна, мы адразу сказалі, што гэтая пастанова суда з'яўляецца незаконнай. Мы ўважаем, што абвінавачванні супраць Мікалая Дзядка з'яўляюцца неабгрунтаванымі і таму ён і быў прызнаны палітвязнем. А тое, што на яго завялі новую крымінальную справу падчас адбыцця пакарання праз абсурдныя парушэнні, такія як нашэнне штаноў не паводле формы - гэта ні якім чынам не можа з'яўляцца настолькі сур'ёзным злачынствам, каб павялічыць тэрмін яшчэ на цэлы год.
- І як раз падчас такіх судоў у краіну прыязджаюць чыноўнікі з Еўразвязу.
- Гэта пакаранне без прычыны відавочна звязанае з агульнымі перагаворнымі працэсамі, якія цяпер адбываюцца паміж прадстаўнікамі ЕЗ і Беларусі. Гэтым самым пастаўлены акцэнт на тое, што беларускія ўлады не толькі не збіраюцца вызваляць палітвязняў, але нават і пагаршаюць ім умовы і павялічваюць тэрміны. Да гэтага такая сітуацыя была са Зміцерам Дашкевічам.
На сустрэчы з чыноўнікамі з Рады Еўропы так ці інакш падымаецца пытанне палітвязняў, і яны паднімаюцца таксама на любых іншых міжнародных сустрэчах высокага ўзроўню. Магчыма, у іх і ёсць ужо нейкія дамоўленасці аб іх вызваленні, але на справе мы бачым, што ніякага паляпшэння сітуацыі і іх вызвалення няма. Наадварот, сітуацыя пагаршаецца.
- Справа ў тым, што ўсё ж такі беларускія ўлады трымаюць нейкі «запас» палітвязняў для далейшага гандлю. З іншага боку, непасрэдна да Мікалая было шмат прэтэнзій з боку Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, які ўважаў яго ледзь не арганізатарам усяго анархісцкага руху ў Беларусі, прыпісваў яму ўсе міфічныя анархісцкія арганізацыі і агулам яму надавалася вельмі шмат увагі, для гэтага нават выкарыстоўваліся дзяржаўныя СМІ. Магчыма, ён для іх стаў сімвалам анархісцкага руху ў Беларусі, які трэба прыгнятаць і душыць. Тое, што анархістаў апошнім часам часта затрымліваюць і рэгулярна саджаюць пад варту, сведчыць аб тым, што цяпер ідзе жорсткая расправа з усімі анархістамі.
Суд над палітвязнем Мікалаем Дзядком прайшоў 26 лютага. Актывіста прысудзілі да яшчэ аднаго году зняволення.
Праваабаронцы адзначаюць, што цягам апошніх месяцаў улады Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі супраць апазіцыі, журналістаў і прадпрымальнікаў. З'явіліся новыя палітвязні, пачасціліся прэвентыўныя арышты грамадскіх актывістаў, прыняты шэраг новых рэпрэсіўных законаў у дачыненні да СМІ, ідзе блакаванне незалежных сайтаў, узмацніўся ціск на дробны бізнэс. Экспэрты звязваюць узмацненне рэпрэсій з тым, што многія еўрапейскія чыноўнікі заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і спрабуюць наладзіць «дыялог» з дыктатарам.