Андрэй Саннікаў: Прэзідэнт ЕБРР абяцаў мне падняць у Менску пытанне палітвязняў
13- 19.02.2015, 18:40
- 27,718
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця не адмовіцца ад палітычных крытэрыяў падчас разгляду пытання аб крэдытаванні Беларусі.
Пра гэта сайту charter97.org распавёў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каментуючы сустрэчу прэзідэнта банка Сумы Чакрабарці з беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, якая прайшла ў Менску 18 лютага.
12 лютага, напярэдадні свайго візіту ў Беларусь, кіраўнік ЕБРР сустрэўся з Андрэем Саннікавым у Лондане.
- Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця адрозніваецца ад іншых фінансавых інстытутаў тым, што надае вялікую ўвагу не толькі эканоміцы, але і палітычнай сітуацыі ў краіне. Праца ЕБРР з Беларуссю наўпрост залежыць ад наяўнасці або адсутнасці палітычных і грамадзянскіх свабод. І ў стратэгіі банка, і ў іншых ягоных дакументах прапісаныя цалкам дакладныя крытэрыі, якія кажуць аб немагчымасці паўнавартаснай працы банка ў Беларусі праз парушэнні правоў чалавека і ўціск апанентаў рэжыму. Акрамя таго, у гэтых дакументах гаворыцца пра неабходнасць эканамічных рэформаў і пра тое, што банк будзе арыентавацца на рэформы як на крытэрый сваёй дзейнасці ў краіне. Тое, што банк сапраўды надае вялікую ўвагу сітуацыі ў краіне, асабліва пасля памятных падзей 2010 года, стала зразумела з сустрэчы з ягоным прэзідэнтам, якая адбылася 12 лютага, напярэдадні візіту Сумы Чакрабарці ў Менск, у якой я браў удзел. На ёй таксама былі прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый, якія выказалі занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і прасілі прэзідэнта банка падняць гэтае пытанне ў Менску, - сказаў Андрэй Саннікаў.
- З чым быў звязаны візіт Сумы Чакрабарці ў Беларусь?
- Гэта быў заўважны візіт, паколькі ўпершыню за 20 гадоў прэзідэнт ЕБРР прыехаў у Менск. Трэба падкрэсліць, што гэта звязана не з падлашчваннямі з боку Еўразвязу з Беларуссю, якія мы бачым апошнім часам, а з жахлівым станам эканомікі краіны. Сума Чакрабарці выразна пазначыў мэты свайго візіту. Ён хацеў на свае вочы ўбачыць, што адбываецца ў Беларусі, паколькі ЕБРР вельмі ўстрывожаны тым, што эканамічны крызіс працягвае паглыбляцца, і на гэта моцны ўплыў робіць сітуацыя ў Расеі. Для Беларусі, адзінай з краін рэгіёну, прыняты так званы адаптыўны падыход, то бок ніякай безагляднай выдачы крэдытаў не адбываецца. Усё залежыць ад магчымасці дэмакратызацыі і эканамічнага рэфармавання ў краіне. Як вядома, нічога гэтага не адбываецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца.
- Пра што вы гаварылі з прэзідэнтам ЕБРР?
- Я ўздымаў пытанне пра палітвязняў, пра тое, што іх колькасць расце, а не змяншаецца, называў канкрэтны выпадак Юрыя Рубцова, якога пасадзілі за цішотку з заклікам да Лукашэнкі сыходзіць, казаў пра Мікалая Статкевіча і пра іншых вязняў. Прэзідэнт ЕБРР мне цвёрда паабяцаў, што ўсе пытанні, якія хвалююць нас, прынамсі, палітвязні, ціск на грамадзянскую супольнасць, ушчамленне і абмежаванне свабоды СМІ, будуць падымацца на сустрэчах з найвышэйшымі афіцыйнымі асобамі Беларусі.
- На сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР дыктатар зноў заявіў аб сваёй ролі ва ўрэгуляванні крызісу ў Данбасе...
- Не можа не выклікаць абурэння чарговая спроба Лукашэнкі згуляць на трагедыі Украіны. Нават на сустрэчы з прадстаўніком банка ён стаў прадаваць сябе як міратворца, казаць пра нейкае пасярэдніцтва. Не з'яўляючыся ні пасярэднікам, ні міратворцам, ён прадае гэтую сваю міфічную ролю нават прэзідэнту ЕБРР, які прыехаў размаўляць пра іншае. Я думаю, што такое адкрытае гандлярства будзе мець супрацьлеглы эфект, тым больш што Сума Чакрабарці прыбыў у Менск з Кіева, і кантраст паміж дзвюма краінамі быў ашаламляльны. Ва Украіне, якая ваюе з агрэсарам, казалі аб эканамічных рэформах і развіцці прыватнага сектара, а ў Беларусі клянчылі грошай на дзяржаву, якая ваюе з прадпрымальнікамі.
- Ці змогуць пасля сустрэчы ў Менску беларускія ўлады атрымаць новыя крэдыты ад ЕБРР?
- Кіраўніцтва ЕБРР не бачыць магчымасці найбліжэйшым часам павялічыць крэдыты Беларусі. Наадварот, яны скароцяцца. Гэта звязана з упартым нежаданнем уладаў рэфармаваць эканоміку і з тым, што ЕБРР дзейнічаў праз расейскі банкі, паколькі не давяраў беларускім, а сёння такой магчымасці няма праз санкцыі. Амаль 200 мільёнаў у Беларусь з гэтай прычыны не паступіць. Не адмовіцца ЕБРР і ад палітычных крытэрыяў і не стане фінансаваць дзяржаўны сектар, чаго настойліва дамагаецца рэжым Лукашэнкі.
Фота: charter97.org