27 лiстапада 2024, Серада, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі папоўняць шэрагі «дармаедаў»

16
Прадпрымальнікі папоўняць шэрагі «дармаедаў»

Праз два тыдні для ІП, якія гандлююць на рынках адзеннем і абуткам, зачыніцца апошняя магчымасць прадаваць тавар без суправаджальных дакументаў.

Надзею знайсці тавар з дакументамі яны пахавалі ўжо даўно, піша «Ежедневник».

У панядзелак 16 лютага ў Менск, здавалася, з'ехаліся ўсе рынкавыя гандляры краіны. У залі гасцініцы «Беларусь», дзе арганізацыя "Перспектыва" звычайна праводзіць форумы для абмеркавання набалелых пытанняў, на гэты раз было не праціснуцца. Людзі стаялі ў праходах паміж радамі і запоўнілі ўвесь хол.

Цяперашні сход ІП, якія гандлююць на рынках, быў унікальным не толькі па колькасці ўдзельнікаў, але і па прысутнасці высокіх чыноўнікаў, што звычайна ігнаруюць такія мерапрыемствы. На гэты раз перад абуранымі «іпэшнікамі» трымалі слова начальнік Дэпартамента прадпрымальніцтва Мінэканомікі, начальнік Упраўлення гандлю і паслуг Мінгандлю, прадстаўнік МПЗ, Дзяржстандарту, а таксама аблвыканкамаў. Выступы чыноўнікаў суправаджаліся выкрыкамі з залі, смехам, а часам і зусім спыняліся пад шквалам абурэння.

Градус напружання і атмасфера ў залі была як перад судным днём. Тым трывіяльней здаецца тэма, якая выклікала такое бурленне. З 1 сакавіка рынкавыя гандляры не змогуць прадаваць рэшткі тавару, увезенага яшчэ да ўвядзення патрабаванняў да сертыфікацыі. Гэтыя рэшткі ІП прадаюць ужо восем месяцаў, і праз два тыдні дзяржава мае намер сказаць «досыць». ІП сцвярджаюць, што цяпер давядзецца зачыняцца ўсім.

Чаму рэшткі так важныя «іпэшнікам»?

Лідары прадпрымальнікаў падкрэслівалі, што рэшткі былі ўвезеныя ў адпаведнасці з дзейным на той момант заканадаўствам, што па іх выплачаныя падаткі - цяпер яны з'яўляюцца ўласнасцю ІП і іх нельга забіраць.

Аднак відавочна, што праблема значна глыбейшая: рэшткі былі апошняй шчылінай, якая дазваляла «іпэшнікам» прадаваць тавар без суправаджальных дакументаў. Дзяржаўныя органы не раз адзначалі, што гандляры пад выглядам рэшткаў прадаюць новы тавар.

На чарговы папрок з боку чыноўнікаў адзін з прадпрымальнікаў заявіў: «Усе ведаюць, што рэшткі - гэта пяць штаноў 36-га памеру і пяць - 52-га. Калі б мы не падкладалі [новы тавар], нам увесь гэты час проста не было б чым плаціць падаткі».

Праз два тыдні рынкавыя гандляры падаткі плаціць перастануць - легальных магчымасцяў прадаваць тавар без дакументаў у іх не будзе.

Чаму за два з паловай гады ІП не знайшлі тавар з дакументамі?

Тэхрэгламент МС "Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» ўвайшоў у дзеянне 1 ліпеня 2012 года, аднак ІП дагэтуль не змаглі да яго адаптавацца. Рынкавыя гандляры не могуць рабіць дакументы на свой тавар самі - партыі занадта малыя. Мяркуецца, што гэтым павінны займацца аптовыя пастаўшчыкі.

Але праблема ў тым, што самыя папулярныя сярод нашых ІП аптовыя рынкі, якія знаходзяцца ў Маскве і іншых буйных расейскіх гарадах, не прадаюць сертыфікаваны тавар. Гэта значыць папросту не выконваюць патрабаванні Мытнага саюза. Прынамсі, так сцвярджаюць беларускія прадпрымальнікі. Паводле іх запэўненняў, некаторыя расейскія аптавікі могуць даць сертыфікат - падроблены і вельмі дарагі.

У такой сітуацыі беларускія ўлады спрабавалі звярнуцца да расейскіх калег з просьбай навесці парадак.

Хто навядзе парадак у Расеі?

Расея адмаўляе, што ў яе гандлёвых аб'ектах прадаецца тавар без дакументаў.

«Нас абвінавачваюць, калі мы гаворым, што нашы ІП закупляюць у Расеі прадукцыю без маркіроўкі адзіным знакам, - сказаў на форуме начальнік упраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржстандарту Васіль Каралюк. - Кажуць, прайдзіце па кіёсках, крамах - у нас усё праверана і мае знакі. Дзе вашыя прадпрымальнікі бяруць прадукцыю? Яна незаконная і нелегальная. А калі яна нелегальная, то ніхто яе не будзе рэгістраваць і сертыфікаваць».

Беларускі бок прапануе Расеі змагацца з нелегальнай прадукцыяй, аднак пытанне пакуль павісла ў паветры.

Чаму не возяць тавар з іншых краін?

Прадстаўнік «Перспектывы» Вячаслаў Піліпук патлумачыў, што на нашых рынках прысутнічае тавар з Польшчы, Украіны і іншых краін. Але ён усё роўна прывозіцца аптавікамі ў Маскву, а адтуль купляецца нашымі ІП. Працэдура растаможкі сягоння стала занадта складанай і дарогай, каб ёю займаліся асобныя гандляры, да таго ж цяпер да яе дадалася працэдура сертыфікацыі.

Ці дапамогуць беларускія базы?

Атрымліваецца, што ІП могуць вазіць тавар толькі з аптовых рынкаў унутры МС. Таму лагічным выглядае альтэрнатыўная прапанова беларускіх чыноўнікаў карыстацца айчыннымі аптовымі базамі, якія, у адрозненне ад расейскіх, сумленна выконваюць заканадаўства.

Паводле інфармацыі Мінгандлю, такіх баз у Беларусі больш за 30. Аднак ІП праз незразумелыя міністэрству прычыны застаюцца да іх абыякавыя. Чым айчынныя базы не дагадзілі рынкавым гандлярам?

«Чыноўнікі спрабуюць адрадзіць старыя аптовыя базы, напрыклад «Белгасгандль», «Белтрыкатажгандаль», «Белгалантэрэя», - адзначыў Вячаслаў Піліпук. - Але яны прывыклі працаваць з абмежаваным асартыментам - у тыя часы людзям хоць што-небудзь дай - гэта было ўжо добра. Прапанаванага асартыменту на ўсіх 80 тысяч прадпрымальнікаў не хопіць».

Да таго ж гандляры наракаюць на прадстаўленыя мадэлі, якія не знойдуць попыту ў пакупнікоў, і на кошт тавару, які параўнальны з раздробленым.

Прадпрымальнікі былі б гатовы стварыць прыватныя базы, «калі б дзяржава стварыла для гэтага заканадаўчыя і падатковыя ўмовы і інфраструктуру».

Што будуць рабіць ІП?

Сёння прадпрымальнікі стаяць перад выбарам: альбо плаціць падаткі і арэндную плату на сакавік, альбо не адчыняцца. Яны збіраюцца пісаць шматлікія звароты да Лукашэнкі, спадзеючыся дабіцца праўды.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках