Прадпрымальнікі гатовыя аб'явіць страйк
37- 17.02.2015, 9:30
- 54,402
Страйк могуць падтрымаць ад 50 да 80 тысяч ІП у рэгіёнах.
Форум «Мэты і задачы для малога бізнэсу Беларусі», які прайшоў 16 лютага ў Менску, паказаў: улады не збіраюцца саступаць прадпрымальнікам, якім пагражае знішчэнне даслоўна праз два тыдні. Вертыкаль адмаўляецца працягваць тэрміны рэалізацыі рэшткаў тавару, мяняць указ №222 таксама ніхто не збіраецца - з 1 сакавік 2015 усе прадпрымальнікі абавязаныя працаваць паводле дакументаў і сертыфікатаў. А гэта - прысуд прадпрымальнікам.
-Што зможа супрацьпаставіць малы бізнэс спробам уладаў знішчыць прадпрымальнікаў?
Аб магчымых дзеяннях прадпрымальнікаў «Беларускай праўдзе» распавёў лідар кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.
- Людзі гатовыя страйкаваць - калі ўлада не скасуе сваёй пастановы. Пратэставаць будуць усе вобласці. У абласных цэнтрах і меншых гарадах прадпрымальнікі дакладна будуць страйкаваць, аднак, як заўсёды, пад пытаннем Менск, які заўсёды трымаецца ў баку і адасоблена прымае пастановы (самі або па камандзе). Страйк могуць падтрымаць ад 50 да 80 тысяч ІП у рэгіёнах. А гэта - нявыплата падаткаў і часткова - арэнднай платы.
- Якую пазіцыю ў супрацьстаянні з уладамі займае Менск?
- Менск - гэта сталіца, цэнтр краіны, дзе круцяцца асноўныя «бабкі» і сядзяць у асноўнай масе людзі, якія прымаюць пастановы для ўсёй краіны. Усё на відавоку. Яны паміж сабою там дамаўляюцца і развязваюць пытанні на месцы хутчэй, чым у рэгіёнах. Думаюць, што іх мінуе і іх не зачэпіць. Менск галее павольней - значыць, і даходзяць да іх павольней усе праблемы. Плятуцца ў хвасце. А пара б ужо і сцяг лідарства браць у свае рукі.
- Паклаўшы руку на сэрца, вы верыце, што ўлады могуць скасаваць сертыфікацыю, правесці з'езд прадпрымальнікаў - зрабіць крокі насустрач «вашывым блохам», якіх яны знішчаюць ужо 20 гадоў?
- Далейшы сцэнар залежыць ад таго, якая колькасць ІП спыніць працу з 1 сакавіка. Калі страйк прадпрымальнікаў набудзе нацыянальны маштаб, то ўлады задумаюцца; магчыма, не адразу, але вымушаны будуць рэагаваць у любым выпадку... Напрыклад, могуць правесці свой з'езд - сабраць сваіх «прыхільнікаў» і «падтрымаць» пастанову ўладаў і Лукашэнкі. А могуць пайсці і на «саступкі», папярэдне ўзняўшы падатак.
Палітычны момант, напярэдадні «чарговых сумленных выбараў» старога-новага прэзідэнта ў адной асобе, патрабуе ад улады намаганняў, каб перацягнуць ІП на свой бок - гульня без правілаў і ў адну браму. Калі ІП атрымаецца пасадзіць на ланцуг, то прадпрымальніцтва знікне ў Беларусі. Таму трэба навязваць уладам свае правілы гульні, даказваючы ўсім, што ІП - гэта грамадзяне не на паперы, а ў рэальнасці. Сёння ўлада (буйныя бізнэсоўцы і вузкае кола людзей незменнай улады) зусім адарвалася ад рэальнасці жыцця і ахоўвае толькі свае шкурныя інтарэсы. Улада ўпэўненая, што не будзе супраціву, і ўсе вакол будуць заўсёды маўчаць і прагінацца пад іх свет. Але жывем адзін раз - ці варта прагінацца ў такім выпадку?
80 адсоткаў прадпрымальнікаў дакладна разумеюць: пры гэтай уладзе і такім заканадаўстве жыцця ім не будзе. Альтэрнатыва невялікая: або супраціў, або рабскае існаванне да апошніх дзён. ІП разумеюць, што іх будуць ціснуць да ўпора, каб у краіне не было сярэдняга класа, гатовага падымаць галаву і прэтэндаваць на ўладу. 20 гадоў ціску і прыніжэння ІП - гэта не мяжа, што ўлады зробяць усё, каб вынішчыць клас прадпрымальнікаў як супольнасць свабодных людзей.
Час просьбаў, зваротаў, збору подпісаў, пікетаў прайшоў, выніку мы не атрымалі. Значыць, трэба шукаць іншыя формы і метады абароны - пачынаючы ад забастовак, мітынгаў... і выбараў усвядомленага прэзідэнта, які не будзе разбураць НЭП. І пры якім будзе стабільнае, зразумелае і доўгатэрміновае заканадаўства аб прадпрымальніцтву, а не шэраг указаў, пастаноў і іншай папяровай цяганіны, што замяняюцца штодня, і не даюць упэўненасці ў развіцці для ІП. Сёння на месцы ўладаў я б задумаўся: чаму ў 1994 годзе насельніцтва Беларусі было 10.250.000, а сёння, праз 20 гадоў, без вайны і бед - толькі 9.450.000! Куды зніклі 800 тысяч беларусаў пры «добрым» жыцці і такім стаўленні ўладаў да насельніцтва? А можа, усё, што сёння мы бачым у дачыненні да ІП - мае сваёй мэтай паменшыць насельніцтва Беларусі яшчэ больш?