Бяляцкі атрымлівае лісты з усяго свету
3- 27.01.2014, 15:22
- 5,851
Лісты салідарнасці ідуць палітвязню з розных канцоў свету.
На працягу гэтага месяца Алесь Бяляцкі спрабуе адказаць на віншаванні і лісты, чарговая хваля якіх прыйшлася на калядна-навагоднія святы. Сярод іх да палітвязня даходзяць і пасланні ад беларусаў, якія жывуць у далёкіх краінах, піша ПЦ «Вясна».
На мінулым тыдні ў бабруйскую калонію прыйшла паштоўка з аўстралійскага Сіднэя - «самая далёкая паштоўка з іншага боку зямнога шара», як назваў яе Алесь ў перапісцы з праваабаронцамі «Вясны».
Даслаў гэтую паштоўку Ян. Ён успамінае сваю сустрэчу з праваабаронцам, якога ставіць у адзін шэраг з адным з самых вядомых у свеце змагароў за правы чалавека Нэльсанам Мандэлай:
«Дарагі Алесь!
Тры гады таму на Плошчы я паціснуў Вам руку і дагэтуль гэтым ганаруся.
Я хачу, каб Вы паўтарылі подзвіг Нэльсана Мандэлы.
Не, не адседзелі 27 гадоў, а сталі нашым вызвольным і аб'ядноўваючым прэзідэнтам ці прэм'ерам!
Жадаю сіл сачыць за здароўем!
У нас цяпер +40. Хочацца, каб у Вас на душы ніколі не згасаў той унутраны рэактар...
Жыве Беларусь!»
Прыкметна, што Ян сочыць за жыццём Алеся Бяляцкага ў зняволенні, паколькі ведае пра спробы Алеся вывучаць англійскую мову, таму ў жартоўным тоне прапануе яму папрактыкавацца ў перапісцы... Пра гэта Ян напісаў ужо па-англійску.
Тым часам галандскае аддзяленне Amnesty International працягвае доўгатэрміновую акцыю ў падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ «Вясна». Ужо які месяц галандцы дасылаюць Алесю Бяляцкаму паштоўкі з пасланнем «Я думаю пра цябе. Я жадаю табе дабра». Актывісты арганізацыі размясцілі такія выразкі - з адрасам бабруйскай калоніі №2 і партрэтам палітвязня замест маркі - у сродках масавай інфармацыі, каб як мага больш людзей змаглі выказаць сваю салідарнасць.
Нагадаем, Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска па прысудзе суда. 24 лістапада 2011 года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.