Спрэчка з «Уралкаліем» зачапіла беларускія еўрабонды
7- 14.08.2013, 18:33
- 18,815
Пасля выхаду «Уралкалія» з Беларускай калійнай кампаніі істотна знізіліся каціроўкі беларускіх еўрааблігацый.
Пра гэта сведчаць вынікі таргоў на Люксембургскай біржы, паведамляе БелаПАН. Кошт пяцігадовых беларускіх еўрааблігацый са сплатай у 2015 годзе на таргах 14 жніўня складаў 99,3% ад наміналу, знізіўшыся ў параўнанні з каціроўкамі на 29 ліпеня на 3,3 адсоткавага пункта.
Кошт сямігадовых беларускіх еўрааблігацый са сплатай у 2018 годзе складаў 14 жніўня 97,8% ад наміналу (-5,1 адсоткавага пункта). Як паведамлялася раней, 30 ліпеня «Уралкалій» абвясціў аб выхадзе з складу БКК.
У выніку зніжэння кошту беларускіх еўрааблігацый адбылося павелічэнне іх прыбытковасці. У канцы ліпеня, да з'яўлення інфармацыі аб выхадзе «Уралкалія» з БКК, прыбытковасць пяцігадовых беларускіх еўрабондаў знаходзілася ў межах 7,3% гадавых, а цяпер перасягае 9,1% гадавых.
Прыбытковасць сямігадовых беларускіх еўрааблігацый 14 жніўня складала 9,15% гадавых, павялічыўшыся ў параўнанні з каціроўкамі на 29 ліпеня на 1,8 адсоткавага пункта.
Прыбытковасць еўрабондаў уважаецца за бэнчмарк (арыенцір) для новых запазычанняў. З улікам павелічэння прыбытковасці беларускіх бондаў экспэрты мяркуюць, што Беларусь бліжэйшым часам не будзе размяшчаць новыя выпускі еўрааблігацый для прыцягнення валютных запазычанняў.
«Пры цяперашнім узроўні прыбытковасці размяшчэнне новага выпуску беларускіх еўрааблігацый выглядае немэтазгодным. Выхад «Уралкалія» прычыніўся да падзення каціровак акцый не толькі названай расейскай кампаніі, але і каціровак беларускіх аблігацый. Таму трэба чакаць больш спрыяльнай сітуацыі для размяшчэння новага выпуску беларускіх еўрабондаў», - заявіў БелаПАН фінансавы аналітык даследчай групы Businessforecast.by Аляксандр Муха.
Вялікі ўплыў калійнай тэмы на змену каціровак беларускіх еўрабондаў эксперт тлумачыць высокай роляй гэтага бізнэсу для эканомікі краіны.
«На калій прыпадае значны аб'ём беларускага экспарту. «Уралкалій» пасля выхаду з БКК заявіў аб магчымым значным зніжэнні кошту калійных ўгнаенняў. У выпадку рэалізацыі гэтага негатыўнага сцэнара можа адбыцца скарачэнне паступлення валютнага даходу Беларусі. Аднак, магчыма, гэта і не адбудзецца, і інвестары, якія ўклалі сродкі ў набыццё беларускіх аблігацый, пераацанілі негатыўныя наступствы падзей на калійным рынку», - сказаў Муха.
Беларусь у 2010 і 2011 гадах размясціла два выпускі еўрааблігацый - пяцігадовыя (на 1 млрд даляраў) і сямігадовыя (на 800 млн даляраў) адпаведна. Прыбытковасць аблігацый складаецца зыходзячы з таго, што інвэстар купляе паперы не паводле наміналу. Іншымі словамі, калі інвэстар купляе паперу на другасным рынку, напрыклад за 95% ад наміналу, то прыбытковасць папер для яго будзе вышэйшай. Калі ж інвэстар купляе паперы вышэй за намінал, прыбытковасць будзе ніжэйшай.
Размяшчэнне еўрааблігацый беларускія ўлады разглядаюць як адзін з інструмэнтаў прыцягнення пазык на замежных рынках. У 2013 годзе беларуская старана праводзіла кансультацыі з мэтай новых пазычанняў на замежных рынках, аднак дагэтуль пастанова аб новым выпуску аблігацый не прынятая.
Фота: РІА Новости