27 лiстапада 2024, Серада, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарачы «Чарнобыльскі Шлях-2013»

127
Гарачы «Чарнобыльскі Шлях-2013»

Традыцыйны «Чарнобыльскі Шлях» прайшоў сёлета ў Менску даволі брутальна.

Напярэдадні акцыі адбыліся масавыя арышты актывістаў экалагічнага руху, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС. Так, ля сваіх дамоў былі заарыштаваныя старшыня Рады ГА «Экадом» Ірына Сухій, а таксама актывісты Васіль Сінюхін, Канстанцін Кірыленка, Вольга Каскевіч. Іх пратрымалі ў Першамайскім РУУС 3 гадзіны і адпусцілі акурат у момант заканчэння «Чарнобыльскага Шляху». Яшчэ некалькі эколагаў былі заблакаваныя ў кватэрах і не змаглі прыйсці на акцыю. Напярэдадні эколагі заяўлялі пра намер правесці ЧШ пад лозунгамі пратэсту супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

Удзень у горадзе Астраўцы Гарадзенскай вобласці, дзе будуецца АЭС, паспелі двойчы затрымаць лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і некалькіх журналістаў, што паехалі з палітыкам рабіць рэпартажы.

Ля Савецкага РУУС, куды прывезлі частку затрыманых, заарыштавалі праваабаронцу Вячаслава Дашкевіча. Пасля «Чарнобыльскага шляху» быў жорстка збіты да крыві чатырма сілавікамі ў цывільным актывіст анархісцкага руху Ігар Трухановіч.

Журналісткі, якія здымалі збіццё маладзёна, таксама трапілі ў пастарунак. Затрымання доўжыліся на мітынгу на плошчы Бангалор.

Пры гэтым варта адзначыць, што сёлета акцыя «Чарнобыльскі Шлях» была дазволеная Менгарвыканкамам. Удзельнікі шэсця не парушылі ніякіх законаў.

А 18.30 на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік» сабраліся людзі з транспарантамі «Плата за АЭС - нашыя жыцці», «Мы супраць будаўніцтва АЭС», «Гарачае лета 1986 - для каго?». Маладыя людзі ў марлевых павязках раздавалі ўлёткі «На АЭС пайшоў бюджэт, на заробкі грошай - няма». Луналі сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Гавары праўду», Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, Партыі БНФ.

На чале калоны, якая рушыла на месца правядзення мітынгу на плошчы Бангалор, неслі абраз Маці Божай Чарнобыльскай, людзі скандавалі лозунгі «Жыве Беларусь», «Не - АЭС у Беларусі», «Астравец - другі Чарнобыль», «Далоў дыктатуру», спявалі песні «Ляпіса Трубяцкога» - «Ня быць скотам» і «Грай».

Гучаў заклік вызваліць палітычных зняволеных. Удзельнікі шэсця пералічылі імёны ўсіх 13 вязняў сумлення.

Паводле ацэнак арганізатараў, у шэсці ўзялі ўдзел блізу 2 тысяч чалавек. Месца правядзення мітынгу - плошча Бангалор - была абгароджаная металаканструкцыямі і жоўтымі стужкамі. Удзельнікаў акцыі старанна абшуквалі супрацоўнікі ОМОНа. Пры гэтым на сцэну не далі пранесці гукаўзмацняльную апаратуру, хоць першапачаткова арганізатары «Чарнобыльскага Шляху» атрымалі дазвол на выкарыстанне гукаўзмацняльнай апаратуры падчас мітынгу.

Падчас мітынгу яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, сярод пунктаў якой значацца патрабаванні адмовіцца ад будаўніцтва Астравецкай АЭС і вызваліць палітвязняў. Было таксама абвешчана аб стварэнні Нацыянальнага экалагічнага камітэта імя Івана Нікітчанкі.

Арганізатары і ўдзельнікі акцыі ў інтэрв'ю charter97.org падрахавалі вынікі «Чарнобыльскага шляху»:

Максім Вінярскі, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Акцыя праходзіла мірна, нягледзячы на тое, што ўлады фактычна правакавалі яе ўдзельнікаў на парушэнні закона і самі яго парушалі. Шэсце дазволілі па вельмі вузкім ходніку вуліцы Сурганава, па якім такой колькасці людзей прайсці складана. Асобныя ўдзельнікі акцыі часта вымушаныя былі выходзіць на праезную частку пры тым, што рух транспарту вельмі жвавы.

Двудушнасць улад, якія зладзілі ганебныя ловы эколагаў, нягледзячы на тое, што акцыя дазволеная, проста абурае. Зразумела, для чаго гэта было зроблена. Антыядзерныя актывісты павінны былі выступіць на мітынгу на плошчы Бангалор і расказаць аб небяспецы, якая пагражае нашай краіне пры ўмове будаўніцтва Астравецкай АЭС. Бо адна рэч, калі пра гэта кажуць апазіцыйныя актывісты, і зусім іншае - аўтарытэтныя экспэрты, якія падаюць сур'ёзныя навуковыя аргумэнты і чыё меркаванне важнае для міжнародных арганізацый.

Улады хлусілі пра АЭС ў 1986 годзе і далей робяць гэта цяпер. Яны разумеюць, што меркаванне эколагаў і антыядзерных актывістаў - адная з найважнейшых перашкод для гэтай хлусні».

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя»:

«Я думаю, што Лукашэнка асабіста быў вельмі раздражнёны заявамі і публікацыямі эколагаў напярэдадні «Чарнобыльскага Шляху». Гэтыя прэвентыўныя затрыманні адбываюцца заўсёды з адной мэтай - запалохаць людзей. Сёння ў інтэрв'ю Лукашэнка сказаў, што вырошчванне прадуктаў і вядзенне сельскай гаспадаркі ў забруджаных раёнах будзе працягвацца. Гэта нэрвовая рэакцыя на лозунгі, якія былі абвешчаныя перад акцыяй. А эколагі з'яўляюцца людзьмі, якія найбольш актыўна выказваюцца супраць будаўніцтва новага Чарнобыля - Астравецкай АЭС, і гэтае пытанне з'яўляецца вельмі балючымі для беларускіх улад. Таму былі затрыманыя менавіта эколагі і менавіта сёння. Улада перашкаджае антыядзерным актывістам зрабіць больш жорсткія заявы супраць будаўніцтва АЭС».

Алесь Марачкін, мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня»:

«Я ўдзельнічаю ў «Чарнобыльскім Шляху», пачынаючы з моманту ўзнікнення акцыі. Мною напісаны абраз «Маці Божая Чарнобыльская». Ён прысутнічае на шэсці кожны год і нават быў пашкоджаны амонаўцамі. На акцыю мы прыходзім сям'ёй, бо мой сын з'яўляецца ліквідатарам наступстваў аварыі на ЧАЭС. Магу сказаць, што гэта мой асабісты і наш сямейны боль.

«Чарнобыльскі Шлях» - гэта наш пратэст супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, якая з'яўляецца бомбай запаволенага дзеяння. І гэта павінны разумець не толькі беларусы, але і нашы суседзі. Настрой, вядома, невясёлы. Адзін з удзельнікаў збіраў сродкі для дапамогі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі. Затрыманне антыядзерных актывістаў звязанае не з тым, што яны парушалі закон. Проста сённяшні рэжым не даруе актыўнай грамадзянскай пазіцыі».

Напісаць каментар 127

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках