27 лiстапада 2024, Серада, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намінанты прэміі Гавела павіншавалі Бяляцкага

1
Намінанты прэміі Гавела павіншавалі Бяляцкага

Ліст з віншаваннем Алесю Бяляцкаму прыйшоў у бабруйскую калонію ад венгерскіх праваабаронцаў.

Яго напісаў дырэктар Цэнтра абароны асоб з псіхічнай інваліднасцю (Mental Disability Advocacy Center) Олівер Л’юіс. Ён паведаміў, што венгерскія праваабаронцы сочаць за лёсам палітвязня і раней звярталіся да беларускіх уладаў у сувязі з яго несправядлівым пераследам, а асоба Алеся Бяляцкага натхняе іх на далейшую барацьбу за правы чалавека, піша сайт ПЦ «Вясна».

«Я пішу з цёплымі пажаданнямі, даведаўшыся пра тое, што Вы нядаўна былі ўзнагароджаныя праваабарончай прэміяй імя Вацлава Гавела. Для нас у MDAC вялікі гонар быць намінаванымі і патрапіць у лонг-ліст гэтай прэміі, і мы ад усёй душы віншуем Вас з узнагародай.

Мы працуем з праваабаронцамі па ўсім свеце, і ўсе яны змагаюцца за правы людзей з псіхічнымі захворваннямі. Людзі накшталт Вас натхняюць нас надалей выступаць супраць парушэнняў правоў чалавека, з якімі многія па-ранейшаму сутыкаюцца кожны дзень. Мы ніколі не стамляемся інфармаваць грамадскасць пра тое, наколькі шмат людзей аказваюцца ва ўстановах проста з-за таго, што маюць інваліднасць, ці пра тых, супраць каго выкарыстоўваюць псіхіятрычнае лячэнне ў сувязі з іх палітычнымі поглядамі.

Нашы супрацоўнікі сочаць за Вашай справай на працягу пэўнага часу, і мы верым, што Ваша зняволенне з'яўляецца несправядлівым. Мы таксама звярталіся да беларускага ўрада, каб выказаць нашу заклапочанасць. Я ведаю, што гэта можа быць слабым суцяшэннем для Вас, але я спадзяюся, што Вы адчуваеце, што міжнародная супольнасць разам з Вамі.

Калі ласка, прыміце нашы самыя цёплыя пажаданні, і мы з нецярпеннем чакаем таго дня, калі Вы зноў апыняцеся на волі», - гаворыцца ў лісце.

У адказ Алесь Бяляцкі перадаў Оліверу Л’юісу і яго калегам з MDAC падзяку за цёплыя словы падтрымкі.

Нагадаем, у гэтым годзе на Прэмію імя Вацлава Гавела за правы чалавека, якая ўручаецца ПАРЕ сумесна з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам «Хартыя 77», было вылучана 27 кандыдатаў. Венгерскі Цэнтр абароны асоб з псіхічнай інваліднасцю ўваходзіў у шасцёрку намінантаў на прэмію разам з Венгерскім Хельсінкскім камітэтам, расейскай праваабаронцай Людмілай Аляксеевай, беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, грузінскай Асацыяцыяй маладых юрыстаў і кітайскай арганізацыяй RightsDefenceNetwork. Апошняя тройка пасля склала шорт-ліст. 30 верасня лаўрэатам прэміі стаў Алесь Бяляцкі - зняволены кіраўнік ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска па прысудзе суда. 24 лістапада 2011 года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках