European Voice: Беларускі рэжым выглядае слабым і недарэчным
74- 17.01.2013, 10:14
Тое, што Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе ў Беларусі, - ганьба для Еўропы.
Пра гэта ў выданні European Voice піша кіраўнік міжнароднага аддзела часопіса The Economist Эдвард Лукас (пераклад - charter97.org).
У сваім артыкуле пад загалоўкам «Аптымізм адносна Беларусі» ён нагадвае аб тым, што з дзевяці апазіцыйных кандыдатаў на выбарах 2010 года, сямёра былі арыштаваныя. Некаторыя з іх былі падвергнутыя катаванням, а Мікалай Статкевіч усё яшчэ знаходзіцца ў турме. Таксама за кратамі знаходзяцца Павел Севярынец і Васіль Парфянкоў, Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Асаблівы скандал выклікаў арышт Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтра, які быў затрыманы дзякуючы інфармацыі, прадстаўленай (мабыць, па памылцы) літоўскімі і польскімі ўладамі.
«Вызваленне з турмы ў красавіку Андрэя Саннікава, аднаго з лідэраў апазіцыі, які папрасіў палітычнага прытулку ў Велікабрытаніі, узняла баявы дух яго прыхільнікаў», - кажа аўтар артыкула.
Таксама ён нагадвае пра рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і пра ўскосны ўдзел у іх еўрапейскіх кампаній.
«У новым дакладзе Index of Сensorship гаворыцца таксама і пра закручванне гаек у кіберпрасторы: адбываецца блакаванне сайтаў, DDOS-атакі. У некаторых выпадках заходнія кампаніі прадаюць дыктатарскаму рэжыму тэхналогіі, якія дазваляюць ажыццяўляць рэпрэсіі супраць беларусаў.
Але пры ўсім вышэйсказаным, сітуацыя ў Беларусі выклікае аптымізм, таму што рэжым слабее, а рэйтынг папулярнасці Лукашэнкі паў. Эканоміка выжывае толькі дзякуючы танным крэдытам з Расеі і ўзрослай падтрымцы з боку Кітая», - піша ён.
Аўтар артыкула упэўнены, што настроі беларусаў моцна змяніліся за апошнія 20 гадоў.
«Вялікай праблемай для тых, хто хацеў палітычных і эканамічных перамен у Беларусі за апошнія 20 гадоў было тое, што грамадскасць не заўсёды была гатовая да гэтага. «Шокавая тэрапія» ў Польшчы і эканамічныя ўзрушэнні ў краінах Балтыі, а таксама збядненне большай часткі насельніцтва Расеі ў дзевяностых гадах палохалі беларусаў.
Але ўспаміны аб мінулых траўмах сыходзяць, і імкненні да пераменаў растуць. Хутчэй за ўсё, як і ў Расеі, стабільнасць пачынае выглядаць як стагнацыя. Лукашэнка выглядае недарэчным (не ў апошнюю чаргу з-за таго, што на ўсе важныя мерапрыемствы прыходзіць са сваім сынам Колем). Нуда з'яўляецца ўрадлівай глебай для насмешак, якія, у сваю чаргу, руйнуюць страх і падаграваюць адвагу», - піша ён.
Эдвард Лукас таксама паказвае на тыя інструменты, якія могуць дапамагчы паскорыць перамены ў Беларусі. Гэта замарожванне «брудных грошай» рэжыму і запрашэнне беларусаў у краіны ЕЗ.
«Гэта разбурыць пачуццё ізаляцыі, на якім трымаецца ганебны рэжым», - піша ён.