27 лiстапада 2024, Серада, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Нельга карміць беларускую дыктатуру

58
Андрэй Саннікаў: Нельга карміць беларускую дыктатуру

І Расея, і Еўропа павінны рэальна ацэньваць рэжым Лукашэнкі.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Deutsche Welle экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. На ягоную думку, жорсткія санкцыі ЕЗ небяспечныя не для беларускага народа, а для дыктатуры, якая пераносіць рэпрэсіі турэмнай зоны на ўсё грамадства.

Саннікаў быў арыштаваны ўночы 20 снежня 2010 года пасля разгону ў Менску масавай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта. У траўні 2011 года суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзіў да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла Андрэя Саннікава вязнем сумлення.

У красавіку 2012 года Саннікаў быў вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. У верасні 2012 года ён атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі. Ягоная жонка, журналістка Ірына Халіп, таксама абвінавачаная ў арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіцца ў Менску пад хатнім арыштам.

- Якімі Вам бачацца на адлегласці падзеі ў Беларусі?

- У беларускай эканоміцы і палітыцы склалася сітуацыя поўнага абсурду. Нават чыноўнікі ва ўрадзе разумеюць, што без рэформаў краіна нікуды не рушыць. У той жа час захады робяцца абсалютна супрацьлеглыя, якія вядуць у глухі кут.

Неразумныя дзеянні ўлады дыктуе страх, бо ранейшай падтрымкі насельніцтва ўжо няма. Пры гэтым надзеі ў рэжыму ўсё тыя ж: дапаможа Расея, дапаможа Захад, купляючы нафтапрадукты. Разлік дыктатарскай сістэмы просты, як мех з цыбуляй. Ёй патрэбныя грошы, а не эканоміка, якая іх зарабляе. Крэдыты ідуць на ўтрыманне рэпрэсіўнай машыны, у вытворчасць нічога не ўкладваецца.

- Але Масква прапануе Менску датацыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы і будучага Еўразійскага саюза. У якой ступені адпавядае інтарэсам Беларусі курс на паглыбленне еўразійскай інтэграцыі?

- Я не ведаю, што такое Еўразія, паводле якіх правілаў яна жыве, якія там дзейнічаюць палітычныя механізмы. Я ведаю, што такое Еўрапейскі Звяз, мне зразумелыя яго прынцыпы, і я застаюся прыхільнікам інтэграцыі Беларусі з Еўропай, якая была б выгадная і Расеі.

Пакуль жа я бачу, што стасункі з Масквой у Менска выбудоўваюцца паводле прынцыпу таго ж абсурду. Расея хоча кантраляваць эканоміку Беларусі, з боку беларускай улады гэта толькі гульня, пошукі грошай. Але менавіта за інтэграцыйную рыторыку і адмову ад супрацоўніцтва з Захадам рэжым атрымлівае датацыі. Хоць Крэмль не можа не разумець, што з такім партнёрам, як Лукашэнка, справы мець нельга.

- Як вы ставіцеся да сцверджанняў некаторых заходніх экспертаў, што рознаполюсны свет варта ўспрымаць як дадзенае і таму не варта фарсаваць падзеі з дапамогай тых жа санкцый.

- Гэта сведчанне таго, што на Захадзе ёсць моцнае лобі Аляксандра Лукашэнкі. Дыктатарскія рэжымы выгадныя і цывілізаваным краінам, калі бізнэс імкнецца зрабіць «хуткія грошы», не клапоцячыся аб празрыстасці вядзення спраў. Беларуская ўлада такія магчымасці дае, таму лабісты будуць прасоўваць свае інтарэсы. Гэта асабліва прыкметна з боку Літвы, Латвіі і Польшчы.

Але адкуль гэтыя эксперты вяшчаюць? З камфортных для пражывання дэмакратычных дзяржаваў, дзе іхнія правы абароненыя, дзе ім нічога не пагражае, дзе за свае погляды яны не патрапяць за краты. Хай яны пажывуць у Беларусі як звычайныя грамадзяне, пасядзяць у турмах, дзе я бачыў здзекі з нявінна асуджаных, хаця нават злачынцы не заслугоўваюць такога абыходжання.

Досвед турэмнай зоны беларуская ўлада пераносіць на ўсё грамадства. Гэта татальнае ўвядзенне сістэмы пакаранняў, бо ў суд цягнуць не толькі апазіцыянераў, а проста за змяшчэнне фота ў інтэрнэце, за меркаванне, выказанае ў блогу.

- Што магло б з'яднаць беларускую апазіцыю, якая спрабуе вызначыць прынцыпы вылучэння адзінага кандыдата на выбарах прэзідэнта 2015 года?

- Сітуацыю ў краіне маглі б выправіць свабодныя выбары пад міжнародным кантролем. Але варта падумаць - ці магчыма гэта? А пакуль было б больш слушна мяняць логіку дзеянняў і зыходзіць з таго, што выбарчага працэсу ў краіне няма. Таму самі па сабе спробы апазіцыянераў прывесці да адзінага назоўніка сілы, розныя вагой у грамадстве і сваім патэнцыялам, будуць неэфектыўнымі.

Адной з навук 2010 года для апазіцыі магло б стаць выяўленне высокага ўзроўню салідарнасці грамадства, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі. Цяпер важнейшае за ўсё аб'яднанне на грунце салідарнасці з тымі, хто сядзіць у турмах, важнейшая дапамога іхным сем'ям. Гэта самае каштоўнае, што трэба захаваць, а не ладзіць гульню ў адзінага кандыдата, якая паставіць апанентаў улады пад яшчэ больш пільны кантроль спецслужбаў.

- Чым мог бы дапамагчы Еўразвяз дэмакратычнай супольнасці Беларусі?

- Перш за ўсё прынцыповым стаўленнем да дыктатуры. Таму што, з аднаго боку, на яе налеплены цэтлік «астатняя ў Еўропе». З іншага, з гэтым астатнім дыктатарам еўрапейцы спрабуюць весці цывілізаваныя перамовы. А гэта ўзаемавыключальныя рэчы.

Я не пагаджуся з тэзісамі, якія вылучаюць Захад і некаторая частка апазіцыі, - што шырокамаштабныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму штурхнуць Беларусь у абдымкі Расеі. Як можна казаць аб эфекце таго, што яшчэ не паспрабавалі? Пакуль вялікая частка паступленняў ад беларускага экспарту прыпадае на Еўразвяз, пра што з гонарам паведамляе афіцыйны Менск.

Не трэба енчыць, што жорсткія захады пашкодзяць беларускаму народу. Больш за ўсё яму шкодзіць дыктатура. Сітуацыя ненармальная не толькі для беларусаў - для ўсяго дэмакратычнага свету яна таксама небяспечная. Бо дыктатары хутка кааперуюцца ва ўсіх сферах, ці то незаконны гандаль зброяй, наркотыкамі, людзьмі, чалавечымі органамі. Гэта і ёсць падважванне міжнароднай бяспекі, пра якую ўсе так рупяцца. Так што Еўропе даўно пара спыніць падкормліваць рэжым, каб не ўзмацняць вось зла.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках