27 лiстапада 2024, Серада, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Палякоў: Людзі на гэтыя «выбары» не пойдуць

6
Васіль Палякоў: Людзі на гэтыя «выбары» не пойдуць

Апошнія гады людзі праяўляюць цікавасць толькі да прэзідэнцкай кампаніі, калі вырашаюцца пытанні ўлады.

Інтэрв’ю сайту charter97.org даў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.

- Ці прытрымліваюцца актывісты Гомеля аднаго фармату ўдзелу ў «выбарах»?

- На жаль, не, хоць многія падпісалі пагадненне, калі не будуць вызваленыя палітзняволеныя, і калі не будуць уключаны прадстаўнікі апазіцыі ў склад камісіяў, то кандыдаты не будуць удзельнічаць на этапе галасавання. Амаль усе падпісалі гэтае пагадненне, тым не менш кампанія «Гавары праўду» і партыя «Справядлівы свет» удзельнічаюць у іншым фармаце, ужо не вылучаючы гэтыя ўмовы. АГП застаецца на ранейшай пазіцыі. Што ёсць палітзняволеныя, не ўключаюць у камісіі, адпаведна, вылучаныя кандыдаты будуць здымацца. Гэта і на ўзроўні краіны такая пазіцыя і на ўзроўні вобласці, якая яшчэ была абвешчаная пад канец 2011 года, вось яна застаецца нязменнай.  

- Ці будзе АГП праводзіць агітацыю за сваіх кандыдатаў?

- Не. Мы будзем агітаваць за байкот.  

- Якія настроі насельніцтва?

- На падставе той інфармацыі, якая ёсць, магу разважаць. Настроі наступныя: людзі ні ў што не вераць, ім не цікавыя гэтыя «выбары». Увогуле, апошнія гады людзі праяўляюць цікавасць толькі да прэзідэнцкай кампаніі, калі вырашаюцца пытанні ўлады. А зараз «палата прадстаўнікоў»… ёсць, няма, людзям гэта не цікава. У пікетах, дзе збіраюць подпісы, распавядаюць, што шмат хто з дэмакратычна арыентаваныях людзей ставяць подпісы, але кажуць, што не будуць хадзіць на «выбары». Вось жа быў выпадак, што збіраў адзін з кандыдатаў подпісы, і там на яго накінуўся чалавек, які крычаў, што гэта лахатрон і не трэба тут «пудрыць мазгі», «выбараў няма, а вы тут ходзіце, невядома чым займаецеся!»

- Ці былі затрыманні або запалохванні?

- Затрыманняў у прынцыпе не было. Актыўна кампанію ніхто не праводзіць у рэгіёне, і такой нагоды для ўлады не было. Тое, што яны рабілі падчас падрыхтоўкі Народнага сходу - цяпер ім не патрэбна. Досвед апошніх гадоў паказвае, што ўлады пачынаюць ціснуць да пачатку палітычных кампаній, падчас палітычных кампаній ужо нікога  не чапаюць. Усё праходзіць даволі спакойна. А пасля завяршэння, па выніках могуць яшчэ і прыцягнуць да адказнасці. А кампанія звычайна спакойна праходзіць.  

- Ці былі ўключаны ў камісіі прадстаўнікі апазіцыі?

- Ад АГП ніводнага чалавека не ўключылі, хоць вылучалі 68 чалавек ва ўчастковыя і каля дзясятка ў акруговыя. Увогуле з апазіцыянераў ва ўчастковыя камісіі ўключылі толькі аднаго чалавека. А вылучалася каля 130-150.  

- Ці ёсць надзея, што «выбары» дапамогуць апазіцыі згуртавацца вакол адной ідэі?

- Тэарытычна ўсё магчыма, тым больш што ідэя ёсць - гэта дэмакратызацыя Беларусі. І вакол ідэй аб дэмакратыі ўсе гатовы аб'ядноўвацца. Усе пра гэта кажуць. Усе аб'ядноўваюцца вакол ідэі аб свабодных і сумленных выбарах. Іншая  справа,  што амбіцыі асобных арганізацый, партый ды іх лідэраў не дазваляюць аб'яднацца і рухацца ў адзіным кірунку.

- А якім чынам гэтыя «выбары» маглі б аб'яднаць?

- Падыходы аднолькавыя ў ацэнцы гэтых «выбараў», што выбараў няма, ёсць толькі падман і фальшаванне. Менавіта таму кампанія «За свабодныя выбары» яднае  амаль усе палітычныя сілы ў Беларусі. Тут няма разыходжанняў. І было б выдатна, калі б мы разважалі так: першы крок - мы аднолькава ацэньваем, другі крок - а што мы будзем аднолькава рабіць? Праблема не толькі ў тым, каб ацэньваць аднолькава, але каб і рабіць нешта ў адным накірунку, сумесна працаваць. А не кожны сам па сабе. У гэтым сэнсе адзінства апазіцыі было б значна лепш і гэта было б прыкметна. А так людзі, якія за дэмакратычныя пераўтварэнні, разгубленыя, не ведаюць, каму верыць і якая пазіцыя больш правільная. Кожны робіць свае высновы, але гэта ўсё не на карысць апазіцыі і рэйтынг адпаведна не ўзрастае. Хоць падае рэйтынг улады. Але адначасова не ўздымаецца рэйтынг апазіцыі, таму што няма адзінства, няма адзінага паслання да грамадства.  

- А якія вашы прагнозы?

- Маё меркаванне, што нікога з апазіцыянераў не прапусцяць, рэальная яўка ў Гомелі будзе каля 30-35%, напішуць 80%, калі не больш. І ўсе чыноўнікі, якія зацверджаны ў адміністрацыі, пройдуць і будуць у «палаце прадстаўнікоў». Нічога не адбудзецца, усё пройдзе ў штатным рэжыме. Грамадства будзе ўспрымаць гэта так: ну, прайшла кампанія, ды й прайшла.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках